Апытаньне Свабоды: «Як вы ставіцеся да таго, што пэнсіі ў былых чыноўнікаў у Беларусі значна вышэйшыя, чым у астатніх грамадзянаў? Ці справядліва гэта?». Адказвалі жыхары Магілёва
Your browser doesn’t support HTML5
— Яны, можа, і павінны троху больш атрымліваць пэнсіі. Але я б спачатку зрабіў ім заробкі памерам як сярэдні па Беларусі, каб яны турбаваліся пра дабрабыт людзей. Калі народ бяднее, то і яны няхай бяднеюць. Яны б тады троху варушыліся.
— Я ж ня ведаю, якія яны пэнсіі атрымліваюць. А тое, што яны вышэйшыя, мы ж толькі ўяўляць можам. А так і павінна быць, бо адказнасьць у іх была вышэйшая, чым у шараговых людзей. Яны ж, напэўна, больш затрачвалі сваёй энэргіі, сіл, розуму і ня ведаю чаго яшчэ. Тут гэтак і павінна быць.
— Я наагул лічу, што наша краіна — нонсэнс. Бісмарк яшчэ казаў, што кухарка ня можа кіраваць краінай. А ў нас... Вы ж самі разумееце. А што да пэнсіі, то іх так і зрабілі, як прэзыдэнт казаў: «Чарка і скварка». Больш народу нічога ня трэба, відаць. У нас толькі чыноўнікі і жывуць.
— Мы колькі да чыноўнікаў ні зьвярталіся, яны паперкі перакладалі з аднаго кабінэту ў другі. Пытаньні ніяк яны не вырашалі. А вось пэнсіі і заробкі атрымліваюць. Якая тут справядлівасьць? Грошы ж павінны быць заробленыя. Яны не выконваюць таго, што павінны.
— Гэтак ува ўсіх краінах. Пэнсіі высокія, каб завабіць хоць чым як мага больш кваліфікаваных кадраў.
— Яны ж самі сабе пэнсію і вызначаюць. Мы яе вызначым, ці што? Ня нам такія пытаньні вырашаць.
— Вядома ж, гэта несправядліва, але гэтак паўсюль. Гэта такая традыцыя, ці што. Мяжа, аднак, павінна быць нейкая. Просты чалавек усё жыцьцё працуе, атрымлівае потым мізэрныя пэнсіі. Хоць як працуй.
— У пэнсійным забесьпячэньні наагул няма справядлівасьці. А былыя вялікія чыноўнікі атрымліваюць наагул шалёныя пэнсіі. Відаць, за тое, што добра сядзелі.
— Усе скажуць, што несправядліва. Чаму гэта ім павінна быць больш? Яны ж там адзін за аднаго. Я наагул незадаволены нашай сыстэмай палітыкі. Што хочуць, тое і робяць.
— Не, несправядліва. Так у нас ужо робіцца ў дзяржаве, што ў іх заробкі вышэйшыя, адпаведна і пэнсіі вышэйшыя.
— Несправядліва, вядома ж. Справядліва было б, каб у іх пэнсія была як ува ўсіх. Нічога сур’ёзнага ў іхнай працы няма.