Воля

Вольга Мікалайчык

Рудая, высокая, моцная Вольга Мікалайчык, рэжысэрка і актывістка, — апошнім часам ці ня кожны прыкметны пратэст у Беларусі так ці інакш зьвязаны зь ёю. Вольга варыла боршч на акцыі салідарнасьці з Украінай, выходзіла з партрэтам Міхаіла Жызьнеўскага да помніка Тарасу Шаўчэнку, уголас ушчувала амапаўцаў за адданасьць «русскому миру» і спрабавала вярнуць «начным ваўкам» «забытую» касмэтычку .

Мікалайчык жыве ў прыватным сэктары каля Севастопальскага парку ў Менску. З вуліцы яе палову дома можна пазнаць, ня гледзячы на нумар. На браме гаража вісяць партрэты зьніклых — Захаранка, Ганчар, Красоўскі, Завадзкі. Міліцыя партрэты зьдзірае, Мікалайчык лепіць ізноў. У пасёлку яе ніхто не разумее, а суседзям дадзелі начныя візыты міліцыі і АМАПа.

Вольга хоча прадаць дом і зьехаць жыць за Менск, дзе суседзтва ня будзе такім цесным. У адрозьненьне ад шмат каго, хто страціў надзею, Вольга ведае, што трэба рабіць у жыцьці, і адмаўляецца ад рамантычных спатканьняў, бо чакае сапраўдных пачуцьцяў.

Я нарадзілася ў Менску ў бараку, раён Кірпічны, цяпер Курасоўшчына. Там быў цагляны завод, і пры ім старыя баракі для тых, у каго не было жытла ў Менску. Прыбіральня на вуліцы, а ў доме — грубка і пакой. Па такіх пакоях жыло некалькі сем’яў. З раддому мяне прывезьлі туды. Мама была малады спэцыяліст, бухгальтар на заводзе. Тата працаваў на 407-м заводзе грамадзянскай авіяцыі.

У хуткім часе мы адтуль выехалі, бо тата атрымаў ад заводу хату ў цэнтры гораду, у доме, дзе ўнівэрсам «Сталічны». Мне было 4 гады, я ўжо памятаю, як гэта было. Памятаю ЦУМ, адкуль мне тата насіў цацкі ў дзень заробку. Там я пайшла ў Першую музычную школу па клясе скрыпкі і ў 19-ю школу агульную. Пасьля мама атрымала кватэру ад Саюзу кінэматаграфістаў, мы пераехалі ў Зялёны Луг. І я ў музычную школу езьдзіла на 30-м аўтобусе, пакуль мэтро не пабудавалі.

Народзец на Случчыне — буйны. Гэта добра.

Бабулі мае зь вёсак — вось такія! Адна з-пад Мар’інай Горкі, вёска Турын. Дзед загінуў на вайне, і засталося чацьвёра сыноў і маленькая дачушка, якая памерла ад дыфтэрыту ў вайну. Другая бабуля — зь вёскі Кіраўскія Агароднікі пад Слуцкам, дзе Статкевіч.

Случчына — зусім не савецкі край. Што там толькі не рабілася! І кінатэатры ўзрываліся, і суды гарэлі, і гранаты кідалі. Там народзец буйны, гэта добра.

У вёсцы натуральна было размаўляць па-беларуску, і беларускі код ува мне закладзены. У горад вяртаесься — і дзівісься, як гэта ты не разумееш, што такое «шуфлядка», гэта ж так проста. Мама дома па-расейску гаварыла. Але калі яна прыехала зь вёскі паступаць у фінансавы тэхнікум, то не магла здаць матэматыку, бо настаўніца не разумела беларускай мовы, а мама ня ведала расейскай. Перакладчыка выклікалі! Яна паступіла.

У майго прадзеда была свая сажалка за савецкім часам. Ён лясок агарадзіў, і ўсе ведалі, што туды нельга заходзіць. Хоць тады яшчэ не дазваляліся ані «соткі», ані «дачы». Старшыня калгасу хадзіў і лаяўся: што ты тут мне «буржуазію разводзіш»? Але дзед адказваў: «Не, гэта маё, я гэта капаў!»

Гэты калярыт цябе выхоўваў. Гэта была праўда жыцьця. Тое, што давала зямля, беларускі космас, людзі, якія тады яшчэ не забыліся на сапраўднае беларускае, унутраная шляхетнасьць, арыстакратызм гэтых простых сялян, годнасьць. Стрыжань у людзей быў, працавітасьць. Пасьля прыяжджаў у горад, як у іншы сьвет. Горад быў савецкі.

У «саўку» людзі даставалі кавалачак сухой каўбасы і бляшанку гарошку — і радаваліся

«Савок» — гэта карыта. Гэта не мая фармулёўка, але я зь ёю згодная. Савок — гэта рабства. Чалавек ня мае ані ў матэрыяльным, ані ў маральным, ані ў духоўным сэнсе аніякіх вэктараў аніякага разьвіцьця. Адна пустая ідэалёгія, вельмі падобныя да сёньняшняга «русского мира», які не адмаўляе цалкам ідэю капіталізму, алігархіі. На гэтым усю сваю філязофію пабудавалі. А «алігархі» і ў саўку былі. Уся вярхушка ЦК КПСС, яны мелі аграменныя кватэры, брыльянты, замежная вопратка, замежная ежа — усё, што яны хацелі.

Памятаю, мне тата празь нейкага мужыка прывёз жуйкі. Дык гэта быў такі цуд! У вёсцы дзеці з рота ў рот паспыталі гэта, і ўсе на сьвінку адначасова перахварэлі. Бо ў вёсцы ў краме былі толькі расталыя карамэлькі, у якіх тэрмін ужо гады тры як выйшаў. Але мы іх так любілі, бо яны лёгка жаваліся.

Не магу сказаць, што ўсё было кепска. І каханьне было, і дзеці нараджаліся, і прыгажосьць стваралі. Вясковыя вясельлі былі такія, якіх цяпер няма. Хадзілі ж людзі адзін да аднаго. Даставалі кавалачак сухой каўбасы і бляшанку гарошку і радаваліся.

Мой тата на заводзе сваім «працу» праводзіў сярод пацаноў будзь здароў! Яшчэ да «перабудовы» свой партбілет прынёс дырэктару заводу і кінуў у твар. Слухаў увесь час «Голас Амэрыкі». Быў вельмі ўплывовы сярод рабочых. Гэта ж ня проста завод, а інтэлектуалы працавалі. Але адбілася гэта тым, што ніякіх прэфэрэнцыяў побытавых у нас не было. Ён адпрацаваў 25 год і быў «ударнікам працы». Статус гэты дазваляў шмат чаго — пашырыць кватэру, езьдзіць у Баўгарыю ці Чэхаславаччыну зь сям’ёй, бясплатна самалётам лятаць, бо ў авіяцыі працаваў. Мы ніколі гэтым не карысталіся. Так і жылі ў двухпакаёўцы, плюс яшчэ куча нашых сваякоў, якім не было куды падзецца ў Менску.

Партрэт бацькі

Але мы ведалі праўду. Баця перабудову прыняў з такім энтузіязмам і аптымізмам. Вельмі цешыўся, што я пачала за мяжу езьдзіць. Ён усё жыцьцё марыў падарожнічаць па сьвеце, але памёр і не скарыстаўся ўжо гэтым.

Дзядзя Баталаў вядзе цябе за ручку

Калі мама ўладкавалася працаваць бухгальтарам у Саюз кінэматаграфістаў у Дом кіно, мы з татам адтуль не вылазілі. Там былі закрытыя паказы, прэм’еры, прыяжджалі зоркі. Увесь час на Беларусі праводзіліся і буйныя, і малыя кінафэстывалі, нават у Гомлі, у Гародні. Мяне не было куды падзець, бабкі ў вёсках, мама езьдзіла і мяне за сабой цягала. Дзядзя Баталаў (Аляксей Баталаў — савецкі і расейскі актор. — РС) вядзе цябе за ручку — гэта была норма. А пасьля ў рэстаране гасьцініцы «Менск» усе «гудуць», а ты сядзіш недзе, вылоўліваеш масьліны з талеркі і думаеш, чаму такія нясмачныя сьлівы.

У Доме кіно я сядзела па некалькі сэансаў запар. Прыходзіла розная публіка — акторы, рэжысэры тэатраў, кіно. І мяне гэта дзіцем страшна ўражвала. Пасьля фільму «Ідзі і глядзі» Элема Клімава я ледзьве выйшла з залі. Ці «Палёт над гняздом зязюлі», якога тады яшчэ ніхто ня бачыў, выходзіш, як у галаву стрэл атрымаўшы. Вядома, мяне моцна разьвівала і асяродзьдзе тое, і гэтыя людзі, і іх размовы

Я лёгка паступіла ў Акадэмію на кіна- і тэатральнага крытыка: да рэжысуры была не падрыхтаваная. На чацьвёртым курсе кінула, бо тата захварэў на рак, трэба было ім займацца, пачалася перабудова. Адначасова на рак захварэлі Раманюк (Міхась Раманюк — мастак і мастацтвазнаўца — РС), Каладзінскі — мае любімыя выкладчыкі. Сабалеўскага (Анатоль Сабалеўскі — тэатразнаўца, рэктар Тэатральна-мастацкага інстытуту ў 1984–89 гг. — РС) пагналі з рэктараў. Бяз гэтых людзей інстытут для мяне страціў сэнс.

Калі тата памёр, я зьехала ў Піцер замуж за рокера на тры гады. Таксама было весела, жылі ў цягніках, бо я не магла бязь Менску. Мела моцную патрэбу сюды прыяжджаць, у мяне тут былі сябры — Кася Камоцкая, Віталь Сямашка, Юра Цыбін.

Амаль 20 гадоў я жыву і ня ведаю, што ў мяне будзе заўтра з грашыма

Зьявіўся Хашчавацкі (Юры Хашчавацкі — рэжысэр. — РС), мы прыдумалі рабіць фільм «Аазіс», я была прадусарам. Знайшла першыя грошы, крэдыты ўзяла. Вельмі пасьпяхова і ўдала ўсё прайшло. Мы нават на Arte яго прапанавалі. І з тых часоў стала крыху прасьцей з Эўропай працаваць, бо нас ужо ведалі.

Пазьней ужо «Звычайны прэзыдэнт» (дакумэнтальны фільм Ю.Хашчавацкага 1996 году — РС), дзе Пётар Марцаў быў галоўным прадусарам, а я выканаўчым. Пасьля гэтага фільму ўся мая афіцыйная кар’ера на Беларусі была закрэсьленая.

Амаль 20 гадоў я проста жыву ў гэтай краіне, ня ведаючы, што будзе заўтра ў матэрыяльным сэнсе. Бывае, што мне тыдзень няма чаго есьці. Бывае наадварот: зробіш нейкі фільм з эўрапейскім прадусарам, ганарар з Польшчы, усе падаткі сплочаныя, і нейкі час ты ўсім дапамагаеш і робіш шмат карыснага.

Лукашэнкі няма ў маім жыцьці

Я жыву іншым жыцьцём, чым я жыла б без Лукашэнкі. Можа, каб яго не было, у мяне была б свая студыя. Я б рабіла фільмы не пра палітыку, а пра каханьне. Альбо працавала б на вольнай тэлевізіі.

Але маё жыцьцё насычанае. Я раблю ўсё, каб прабіць гэтую сьцяну. Вы паглядзіце, якія людзі сталі апатычныя, яны ня ведаюць, куды разьвівацца. Паглядзіце, як усе сталі хварэць. І гэта ня толькі Чарнобыль! Людзі ня ведаюць, як далей жыць. Ім так мазгі запаланілі і тэлевізарам, і Расеяй, што беларусы знаходзяцца ў страшным стане.

А вось я са сваімі паплечнікамі ведаю, што нам рабіць і куды нам разьвівацца. Ад таго, як дапамагаць тым, хто апынуўся ў бядзе, нашым палітзьняволеным, біць ва ўсе званы, — да таго, як разумець сёньняшняе жыцьцё.

Мяне нават не палохае, што мяне ў нашым пасёлку ніхто не разумее. Ані майго змаганьня, ані маёй любові да Ўкраіны. Суседзі да мяне ставяцца як да адмарожанай чувіхі, якой хутка на пэнсію, а яна бегае тут, мянты зьдзіраюць партрэты з гаража, а яна вешае. Адна будзе грукаць у вакно, выклікаць мянтуру, што я зноў партрэты на гараж вешаю. Дык гэта мой гараж! Я ж не на ваш вешаю!

Тым ня менш на мяне гэта таксама не ўплывае, бо вакол мяне людзі, якіх я ведаю, якім давяраю, якіх люблю. У мяне ёсьць любімыя, сваякі. Я творчасьцю займаюся, пішу.

За сталінскім часам людзі па 25 год сядзелі. Тыя ж Шышэі (Канстанцін і Леакадзія Шышэі — дзеячы антысавецкага супраціву — РС), якіх пазнаёміла Ларыса Геніюш у лягеры. Яны выйшлі, ім было за сорак ужо, пабраліся шлюбам, нарадзілі дзяцей. Ёй цяпер 90 зь нечым год, але выглядае на 60. На тле ейнага лёсу мне сказаць, што мне Лукашэнка паламаў жыцьцё, было б не зусім прыстойна!

Яго няма ў маім жыцьці. Ён уплывае на лёсы іншых, і я бачу, як у людзей дзеці па 7–8 год сядзяць. Аўтуховіч (Мікалай Аўтуховіч — палітвязень, два шматгадовыя тэрміны ў беларускіх турмах. — РС) сядзеў, і я глядзела на выплаканыя вочы маці, якая проста памірала ў мяне на вачах. І Валя Аліневіч (Валянціна Аліневіч — маці палітвязьня, анархіста Ігара Аліневіча. — РС), якая годна і моцна трымаецца, а аднойчы на праглядзе фільму «Банда» яна стала, плача і кажа: «Дзяўчаты, мне так сорамна перад вамі, бо мой сын жывы, а вы страцілі сваіх дзяцей».

Вось гэтым людзям Лукашэнка паламаў жыцьцё. Бацькі гінуць ад гора. Дашкевіча маці памерла, у Бяляцкага бацька. А я жыву сваім жыцьцём. Магла б жыць яшчэ больш насычана, але часам няма здароўя і сіл.

Людзі радуюцца, што цётка выйшла на вуліцы і вывела за сабой пацаноў

Я ведаю вялікую колькасьць людзей, якія не баяцца. І мінулая Плошча гэта паказала, калі выйшла 70 тысяч. Людзі не выходзяць на вуліцы не таму, што баяцца, а таму, што ня вераць, што гэта нешта зьменіць.

Людзі не выходзяць на вуліцы не таму, што баяцца, а таму, што ня вераць, што гэта нешта зьменіць

Але страшна радуюцца, калі нехта выйшаў і зрабіў. Вось ня верылі, што можна выйсьці «на танкі», як калі ехалі тыя «тхары начныя» (байкеры з расейскага клюбу «Начныя ваўкі». — РС), пэрформанс зрабіць. Вядома, гэта не спыніла ніякіх «тхароў». Але людзі былі такія шчасьлівыя, што нехта гэта зрабіў. А тым больш цётка выйшла, пацаноў вывела.

Часам дзіка, у якім «саўку» мы жывем

Я была на сьвяце гораду 3 ліпеня ў Гомлі, бо мы ўсталявалі помнік Жызьнеўскаму і я пайшла гуляць. Цёткі гадоў па 60, са сваімі мужыкамі, ядуць сасіскі ў цесьце, выпіваюць гарэлку з плястыкавых кубачкаў, шашлык па 200 тысяч кіляграм, які ня ўгрызьці і грошы непад’ёмныя каштуе. Яны ўвабраліся ў турэцкую і кітайскую вопратку, сядзяць за плястыкавымі столікамі — і яны такія шчасьлівыя! У іх сьвята! У іх грошай няма, але яны ўзялі па кавалачку шашлыку, таннай гарэлкі ў плястыкавых кубачках. Дзеці падбягаюць: «Бабушка, дай на мороженое 5 тысяч». Другая кажа: «Дай 10, хай ідзе пагуляе, мы хоць вып’ем».

Я сяджу, ем булачку з кавай, ледзьве знайшла не распушчальную за 9 тысяч — гэта амаль як у Італіі ў нейкіх прыдарожных кавярнях. І думаю: пройдзе 50 гадоў, і гэты ўнук будзе сядзець са сваёй жонкай за такім самым столікам. Будуць піць гэтую гарэлку, есьці другасортную сасіску ў цесьце. І гэта квінтэсэнцыя шчасьця. У іх усё добра, мірнае неба над галавой. У мяне аж унутры ўсё абмерла.

У самой Гомлі ёсьць вельмі цікавы характар, ён зусім не супадае з гэтымі людзьмі. Як частка Ўкраіны не супадае зь людзьмі «русского мира», якую яны занялі. У Гомель прыйдзе ГНР — гэтыя цёткі падтрымаюць, выйдуць з трыкалёрамі, па-расейску гавораць, нічога не разумеюць у Беларусі. І будзе такая самая карціна: горад сам па сабе асобна са сваім характарам і зямлёй, а гэтыя савецкія людзі асобна.

Крымскі варыянт на Беларусі цалкам магчымы. Вайны ў нас ня будзе. Вайна можа быць, калі «мы» разам з расейцамі пойдзем на Ўкраіну. Калі ў Крамля хопіць сіл на Беларусь, канечне, бо Ўкраіна страшна высмактала Расею. А з расейцамі тут ніхто ваяваць ня будзе. Лукашэнка зрабіў вялікі падарунак Пуціну. Ён падараваў яму беларускую зямлю, зьнішчыўшы душу беларускага народа, падараваў насельніцтва, танную якасную рабочую сілу.

Усе, хто кажа пра мяне лухту, ведайце, — мне пофіг

Мы жывем простым жыцьцём, мы не вялікія палітыкі, ня лідэры рухаў. Робім, што можам. Бачым чалавека ў бядзе — імчымся туды, каб нечым дапамагчы, падвезьці-адвезьці. Ну сапраўды, нам за гэта нічога ня трэба. Часам кажуць: вось зарабіла сабе на палітычных справах імя, на фільмах пра палітыкаў... Ды божа мой, забярыце вы сабе гэтую славу! Няма ў мяне ніякага піяру, я стамляюся ад інтэрвію, бо гэта адымае час. Фільмы я рабіла не таму, што я хацела сябе прасунуць як рэжысэра. Я бачыла, што апроч мяне на той момант ніхто ня зробіць фільмы пра гэтых людзей і пра іх ніхто ня будзе ведаць, а лёсы ў іх жахлівыя.

Усе, хто кажа пра мяне лухту, ведайце, мне пофіг, што вы на мяне наводзіце паклёп. Вам гэта ўсё вернецца, а я ўсё роўна буду рабіць тое, што я раблю.

Два гады зьбіраю матэрыял пра нас, якіх мала, але яны ўсё роўна варушаць гэтую багну. Хачу зрабіць пра гэтых людзей фільм пад назвай «Адмарозкі». Як на Майдан езьдзілі, як і тут што робім. Шмат хто застаўся ваяваць ва Ўкраіне, і павялічваецца там кола нашых сяброў, сапраўдных патрыётаў-нацыяналістаў. І проста пра цётак з фэйсбуку, якія прыходзяць, далучаюцца, хоць яны там хатнія гаспадыні і ім па 50 гадоў. Але чалавек кажа: «Госпадзі, я тут дыхаць пачала, тут у вас паветра ёсьць нейкае».

Зараз трэба рабіць байкот

Я заклікаю ўсіх далучыцца любымі спосабамі. Нескладана вугалем намаляваць на любой сьценцы «байкот» і намаляваць морду коціка. І прыйсьці ў свой калектыў, цэх, навучальную ўстанову і проста сказаць: «Нельга хадзіць на гэтыя выбары, бо калі мы ня прыйдзем, мы паламаем іхныя пляны. А калі мы прыйдзем, мы яшчэ пяць гадоў будзем жыць, як мы жывем».

Нашы людзі не ўяўляюць, як пагоршылася якасьць іхнага жыцьця. У нас кошты жахлівыя, як у Швэцыі, дзе людзі нармальна зарабляюць. У нас пэнсія — 150 даляраў, заробкі — 200 у лепшым выпадку. Пайсьці ў краму і на два дні купіць прадуктаў — малака, хлеба, яек — гэта ж 200 тысяч. Я хачу ў фэйсбуку напісаць: «Хто памятае смак ялавічыны? Я забылася». Бо я раз на год яе каштую, бо яна завоблачныя кошты мае. Трэба людзям пра гэта гаварыць, бо яны не разумеюць, як кепска яны жывуць. Мы сабе нічога не дазваляем з таго спажывецкага кошыка, які дазваляе сабе сярэдні паляк, дзе ў яго звычайныя рэчы — садавіна, гародніна, сокі, мяса кавалак.

Хто вытрымае адмарожаную актывістку?

Я ўжо ў тым узросьце, калі маю прафэсію, жытло, свой лад жыцьця, люблю быць адна і маю патрэбу проста заставацца адна, каб нікога не было. Каб пісаць, думаць, адчуць жыцьцё, пакалупацца ў гародзе сярод кветачак.

Паклоньнікаў хапае. Але трэба, каб пачуцьці былі. Пачуцьці дае Госпад. У мяне ў жыцьці іх было шмат, і не заўжды гэта добра сканчалася. Пасьля пачыналася жыцьцё, і не заўжды ты ўмеў даваць рады тым праблемам, якія яно прыносіла. Усё павінна супасьці. Без пачуцьця мне гэтыя спатканьні не цікавыя.

Калі Богу будзе ўгодна, каб у маім жыцьці зьявіўся чалавек, які прыме мяне і якога я прыму, то чаму не?

Ну і хто вытрымае? Хто вытрымае адмарожаную актывістку, да якой могуць сярод ночы прыйсьці пяць мянтоў і яшчэ ў цывільным і ламіцца ў дзьверы? Са мной жа як на вулькане жыць.