Аўтарка яскравых акцыяў салідарнасьці з Украінай і пратэстаў супраць мотапрабегу «Начных ваўкоў» у Беларусі рэжысэрка Вольга Мікалайчык атрымала ўзнагароду ад Партыі БНФ.
Урачыстае, сьціплае па колькасьці ўдзельнікаў уручэньне ганаровага знака адбылося каля помніка Янку Купалу ў парку яго імя ў Менску.
«Для мяне неспадзявана, і я шчасьлівая, — сказала грамадзкая актывістка, прымаючы знак. — Сапраўды, я не чакала такой высокай для мяне ўзнагароды. Віктар Івашкевіч для мяне — сымбаль вольнага беларуса, простага, шчырага, інтэлектуальнага, маральнага. У ім былі сфакусаваныя ўсе лепшыя якасьці сучаснага беларуса. Ён заўчасна ад нас сышоў. Але ён быў добрым настаўнікам. Я шмат хадзіла на акцыі, якія ён выводзіў на вуліцы. Яму давяралі тысячы беларусаў, якія ішлі за ім сьмела. Тое, што я раблю, гэта вельмі сьціплы ўнёсак. Героям Слава!»
Намесьнік старшыні БНФ Ігар Лялькоў адзначыў сымбалічнасьць дня ўручэньня: 27 ліпеня — 25-я ўгодкі прыняцьця Дэклярацыі аб незалежнасьці Беларусі.
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч патлумачыў, чаму сёлетнім ляўрэатам стала Вольга Мікалайчык:
«Мы ад самага пачатку вырашылі заснаваць знак імя Віктара Івашкевіча, менавіта каб адзначыць вулічную пратэстную актыўнасьць, і цягам мінулага году менавіта Вольга Мікалайчык была арганізатарам найбольш яскравых і сьмелых вулічных акцыяў у абарону дзяржаўнай незалежнасьці, акцыяў салідарнасьці з Украінай, супраць распаўсюджваньня так званага „русского мира“ тут у Беларусі. І Сойм фактычна аднагалосна прагаласаваў за тое, каб Вольга Мікалайчык была ўзнагароджаная ў гэтым годзе».
Сярод апошніх пэрформансаў Вольгі Мікалайчык — акцыя 29 красавіка ў амбасадзе Расеі ў Менску. Вольга Мікалайчык, Кацярына Садоўская і Кацярына Рымашкевіч спрабавалі перадаць дыпляматам касмэтычку для «Начных ваўкоў». Так дзяўчаты выкарысталі мэм, які запусьцілі ў сацыяльныя сеткі самі байкеры, калі паскардзілася на пільны агляд на мяжы з Эўразьвязам.
Напярэдадні акцыі Польшча адмовіла прадстаўнікам расейскага клюбу «Начныя ваўкі» ва ўезьдзе. Вольга Мікалайчык за сваю акцыю атрымала 13 сутак арышту.
19 сьнежня 2014 году рэжысэрка разгарнула бел-чырвона-белы сьцяг каля Чырвонага касьцёла ў цэнтры Менску, адзначаючы гадавіну падзеяў Плошчы-2010.
22 студзеня Вольгу Мікалайчык затрымалі на 5 сутак пасьля акцыі ў гонар герояў «Нябеснай сотні» каля помніка Тарасу Шаўчэнку.
Памятны знак быў заснаваны Партыяй БНФ у памяць выбітнага сябра партыі, палітыка, арганізатара шматлікіх дэманстрацыяў і шэсьцяў Віктара Івашкевіча (1959–2013). Знакам уганароўваюць асобаў і арганізацыі, якія спрычыніліся да правядзеньня масавых акцыяў.
Летась знак Івашкевіча атрымаў лідэр «Альтэрнатывы» Алег Корбан.