Вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў яшчэ не пачалося, а жадаючых балятавацца ў парлямэнт апазыцыянэраў ужо звальняюць з працы.
Некалькі дзён таму сябра Сойму партыі БНФ Вольга Дамаскіна напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку пра намер вылучацца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Полацкай гарадзкой выбарчай акрузе № 27. А неўзабаве яна даведалася, што чарговы працоўны кантракт зь ёй кіраўніцтва не працягне.
У філіяле Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музэю-запаведніку — Музэі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазерʼя — Вольга Дамаскіна працуе 16 гадоў, зь іх апошнія 4 гады — загадчыцай. Чарговы працоўны кантракт у яе канчаецца 31 ліпеня. Напачатку чэрвеня Дамаскіна хадзіла на размову да дырэктаркі музэю Тамары Джумантаевай і запыталася, ці будуць зь ёй працягваць кантракт. Джумантаева адказала, што падумае, яшчэ ёсьць час. Вольга Дамаскіна паведаміла начальству, што зьбіраецца вылучацца ў парлямэнт. А пад канец мінулага тыдня у калектыве музэю папаўзьлі чуткі, што некаму прапаноўвалі месца Дамаскінай, а зь ёй працягваць кантракт ня будуць:
«Паперу аб тым, што кантракт працягнуты ня будзе, мне ўручылі ў аўторак, 21 чэрвеня. Дырэктаркі музэю спадарыні Джумантаевай сёньня на працы няма — яна зьехала ў Менск на Ўсебеларускі народны сход. Вернецца толькі ў пятніцу, так што пагаварыць і высьветліць, чаму кантракт не працягнулі, пакуль не ўдалося».