25 ліпеня ў Першамайскім судзе Менску пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы грамадзкага актывіста Паўла Вінаградава. Яго судзілі за правядзеньне пікетаваньня і за абразу службовай асобы.
Суд разгледзеў матэрыялы справы, абвясьціў перапынак спачатку на адну гадзіну, потым яшчэ на адну гадзіну. Урэшце судзьдзя абвясьціў, што рашэньне будзе вынесена ў аўторак.
26 чэрвеня моладзевая суполка «Zмена» вывесіла на мосьце гірлянду з 20 бел-чырвона-белых сьцягоў, а на прыпынках — сьцягі і плякаты з выявай Вінаградава, які паказвае сярэдні палец, і надпісам «Дзякуй за нагляд».
Гэта стала рэакцыяй на тое, што 7 чэрвеня суд Маскоўскага раёну Менску ўсталяваў над Вінаградавым паўгадавы прэвэнтыўны нагляд. Паводле самога Паўла, мэтай акцыі было «перадаць прывітаньне ўсім тым грамадзянам, якія захацелі ўстанавіць нагляд на паўгода, калі тэрмін судзімасьці заставаўся тры з паловай месяцы».
Што да пікетаваньня, сам Вінаградаў чакае, што яму прысудзяць штраф.
«А вось што тычыцца пратаколу па абразе, я канкрэтна не зьвяртаўся да спадара Юрыя Федзюковіча, які зьяўляецца начальнікам крымінальна-выканаўчай інспэкцыі Маскоўскага раёну. Я проста перадаваў прывітаньне крымінальна-выканаўчай інспэкцыі. А ён як начальнік вырашыў, што гэта пэрсанальна яму было прывітаньне, і сьцьвярджае, што я яго абразіў. На судзе мы прагледзелі відэа».
Такім чынам, рашэньне па справе Паўла Вінаградава будзе будзе вынесена 26 ліпеня ў 9.30.