Адзін з найбуйнейшых пастаўшчыкоў памідораў і агуркоў на рынак Магілёва — акцыянэрнае таварыства «Вейна» — ня можа расплаціцца з даўгамі за ацяпленьне. Сельгаспрадпрыемства заяўляе, што вымушанае адмовіцца ад закладкі новага ўраджаю ды закансэрваваць сваю цяплічную гаспадарку. Адміністрацыя і працоўны калектыў спадзяюцца на дапамогу ўлады. Тым часам эканамісты лічаць, што сытуацыя ў «Вейне» заканамерная. Беларускія памідоры і гуркі ня здольныя канкураваць з замежнымі.
Навіна пра праблемы ў акцыянэрным таварыстве «Вейна» стала нечаканай. Да гэтага ў дзяржаўных СМІ пра гаспадарку гучаў толькі пазытыў. Адзначалася, што ў тутэйшых цяпліцах вырошчваюцца дзясяткі тон агуркоў і памідораў штодня. Цяпер жа высьветлілася, што няма чым разьлічвацца за ацяпленьне і электрычнасьць. Запазычанасьць — больш за пяць з паловай мільярдаў рублёў.
«Дарагія электраносьбіты, а комплекс наш стары, энэргаёмісты. Яго мадэрнізацыі не было. А цяпер жа новыя тэхналёгіі. Таму вось да такога стану і прыйшлі. Ня ўсё і ад нас залежыць. Без дапамогі іншых мы не абыдземся», — тлумачыць сытуацыю супрацоўнік адміністрацыі гаспадаркі.
Паводле суразмоўцы, пляну пераадоленьня праблемаў пакуль няма. У адміністрацыі спадзяюцца, што гарадзкая і абласная ўлада дапаможа.
Тым часам спэцыялісты-аграрнікі гаспадаркі заяўляюць, што сытуацыя вымагае апэратыўных захадаў, бо калі ня ўдасца знайсьці сродкаў цяпер, то гаспадарка будзе вымушаная адмовіцца ад вырошчваньня гародніны ў цяпліцах. Ужо парушаецца тэхналягічны працэс.
Як паведамляецца, 27 працаўнікам цяплічнага комплексу ўжо прапанавалі іншае месца працы. У паведамленьнях дзяржаўнага тэлебачаньня адзначаецца, што да тэлевізійнікаў зьвярнуліся самі працаўнікі, каб прыцягнуць увагу да праблемаў у гаспадарцы:
«Мо знойдзецца які спонсар, які дапаможа, каб не зачынілі наш камбінат», — просіць аб дапамозе адна з працаўніц сельгаспрадпрыемства.
Кандыдат эканамічных навук Пётар Мігурскі лічыць, што ніякі спонсар не падыме сваімі грашыма стратную гаспадарку. На ягоную думку, фінансавыя ўліваньні будуць толькі «замарожваць» сытуацыю і адцягваць банкруцтва сельгаспрадпрыемства, што прынясе вялікія страты эканоміцы.
«Жыцьцё вымушае нашых гаспадарнікаў болей увагі аддаваць такім эканамічным катэгорыям, як эфэктыўнасьць інвэстыцыяў, прадукцыйнасьць працы, цэнаўтварэньне ды падаткаабкладаньне. Сёньня падтрымліваць стратныя вытворчасьці — значыць наносіць шкоду эканоміцы краіны. Прыклад таму — „Вейна“. Прыйдзе час, і вытворчасьць гэтай гаспадаркі будзе пераарыентаваная на менш энэргаёмістую прадукцыю, або на тую, якая больш канкурэнтная ў межах краіны — бульба, малако, мяса. Ці ня лепей гуркі і памідоры, як тыя ж бананы, імпартаваць з паўднёвых краін, дзе іх вытворчасьць таньнейшая, чым у нас?», — выказваецца эканаміст Пётар Мігурскі.
Таварыства «Вейна» мае сетку фірмовых крамаў. Цяпер міжсэзоньне. Мясцовых гуркоў і памідораў у продажы няма. У крамах кажуць, што гуркі і памідоры прывазныя — зь іншых беларускіх рэгіёнаў ды з замежжа. Замежнае каштуе менш за айчыннае. Крамнікі сьцьвярджаюць, што прадукцыя зь «Вейны» заўжды мела попыт, аднак гэтага замала:
«Тое, што яны даюць гэтыя тоны, — дык яны ж не пакрываюць тых коштаў, якія энэргетыкі бяруць за ацяпленьне. На сёньняшні дзень выгадней прывезьці з Турцыі і прадаць, чым вырасьціць сваё. Вось да чаго мы дайшлі. Вось памідоры мы можам прадаваць па 18 тысяч, а „Турцыю“ на новы год мы прадаём па 12 тысяч», — разважае адна з крамніц.
На яе думку, каб гаспадарка выстаяла ў канкурэнтнай барацьбе, ёй варта меней залежаць ад дзяржавы.
«Пабудаваць варта было сваю кацельню. Уклаў грошы — і пачынаеш яе акупляць. А зь дзяржавай ня варта цягацца. Вось мы — акцыянэрнае таварыства. А толку? Горад мае ўсе нашы акцыі. Горад павінен быў нам дапамагчы, каб не пакласьці нашу гаспадарку. Хаця б дапамагчы з крэдытамі», — выказвае сваё меркаваньне крамніца.
У прыватных гутарках жыхары пасёлка кажуць, што заклалі цяпліцы з тым разьлікам, што непадалёк магілёўская ЦЭЦ-2, энэргіяй зь якой яны і ацяпляліся. Пакуль энэрганосьбіт быў танны, усё было добра — цяпер жа даводзіцца плаціць за ўсё. Ашчаджаць цяпло стараюцца, але гэта мала памагае. Некаторыя з пасялкоўцаў мяркуюць, што лепей было б прадаць цяплічны камбінат, але сумняваюцца, што яго нехта купіць.
Амаль у кожным двары — прыватныя цяпліцы. Гаспадары кажуць, што памідоры і гуркі вырошчваюць для сябе. Выгада ёсьць. Нават застаецца на продаж. Цяплічны ж камбінат здалёк выглядае пакінутым. Дарога да яго перакрытая шлягбаўмам.