«Душэўна, а не пампэзна», — віцэ-прэзыдэнт НАК паабяцаў, што Эўрапейскія гульні ў Беларусі будуць вельмі танныя

Менск-арэна

Першы віцэ-прэзыдэнт НАК Беларусі Максім Рыжанкоў сказаў sport.tut.by, што Эўрапейскія гульні, якія маюць адбыцца ў Беларусі ў 2019 годзе, абыдуцца краіне ў некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў.

«Як падкрэсьліў прэзыдэнт Лукашэнка, і гэта было прынята эўрапейскімі камітэтамі, такія тэмы, як VIP-суправаджэньне сурʼёзных гасьцей, цырымоніі адкрыцьця і закрыцьця гульняў, будуць насіць характар годны, але душэўны, а не пампэзны, што будзе прадугледжваць зусім іншае выдзяленьне сродкаў», — кажа ён.

Адказваючы на пытаньне, колькі Беларусь патраціць на гэтае мерапрыемства, Рыжанкоў заявіў, што пакуль калькуляцыя яшчэ не праводзілася.

«Грошы спатрэбяцца на навядзеньне парадку ў гарадах, на адаптацыю спартыўных збудаваньняў да канкрэтна нейкіх спаборніцтваў, на пытаньні бясьпекі, мэдыцынскага суправаджэньня і абслугоўваньня, харчаваньня і пражываньня атлетаў. Можна казаць пра тое, што гэтая сума будзе ў разы меншая, чым пры правядзеньні першых Гульняў у Баку і Алімпіяды ў Рыё», — сказаў ён.

На думку Рыжанкова, правядзеньне другіх Эўрапейскіх гульняў запатрабуе сурʼёзнай мабілізацыі рэсурсаў розных ведамстваў. «Але гэта будзе самая эканамічная эўрапейская Алімпіяда. Гаворка ідзе пра некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў», — упэўнены Максім Рыжанкоў.

Відаў спорту будзе роўна столькі, колькі дазваляе спартыўная інфраструктура Беларусі без укладаньня сродкаў у будоўлю новых арэн і палацаў. Сяліць спартоўцаў плянуецца ў студэнцкай вёсцы.

Таксама мяркуецца, што эўрапейскія Алімпійскія камітэты возьмуць на сябе частку выдаткаў на абслугоўваньне і забесьпячэньне спартоўцаў са сваіх краін, аж да поўнай аплаты пералётаў у Беларусь і назад.

Для гасьцей Гульняў, якія прыедуць у Беларусь, плянуецца бязьвізавы рэжым.