Вязьні Жодзінскай турмы спынілі галадоўку пасьля паляпшэньня ўмоў утрыманьня

Жодзінская турма

На мінулым тыдні апошнія ўдзельнікі галадоўкі ў жодзінскай турме спынілі свой пратэст, дамогшыся паляпшэньня ўмоў утрыманьня.

Пра гэта паведаміла праваабарончая ўстанова «Нью плятформ інавэйшн», ад якой у канцы кастрычніка і стала вядома пра масавую галадоўку вязьняў.

Паводле старшыні «Плятформы», былога палітвязьня Андрэя Бандарэнкі, праваабаронцам вядома сама меней пра 5 чалавек, якія бралі ўдзел у галадоўцы.

Андрэй Бандарэнка

«Апошні спыніў акцыю ў канцы мінулага тыдня. Чаго дамагліся вязьні сваім пратэстам? Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў мусіў правесьці праверку, пасьля якой нешта сапраўды зьмянілася.

Іншым стала стаўленьне да вязьняў з боку адміністрацыі — да іх цяпер хаця б прыслухоўваюцца, а не караюць за любую заўвагу. Пра рэпрэсіі за пратэст нашы крыніцы нам нічога не паведамілі.

Таксама палепшылася мэдычнае абслугоўваньне — двух хворых вязьняў паклалі ў мэдычную частку, аднаму зь іх прызначылі апэрацыю. Раней на іх скаргі фактычна не зьвярталі ўвагі.

Трэцяе — больш-менш нармальным стала харчаваньне. Да галадоўкі кармілі цягам тыдня адной і той жа кашай, цяпер блізка да нормы.

Яшчэ быў такі пункт пратэсту, як вада і вэнтыляцыя ў камэрах. Бруднай, ледзь ня чорнай вады ў трубах цяпер няма, вада стала лепшая, абяцаюць, што і вэнтыляцыю палепшаць. Але кажуць, што на добры рамонт патрэбна шмат грошай, а гэта ад іх не залежыць. То бок гэты пункт зноў можа стаць праблемай, але ўсё роўна — вынік ад акцыі пратэсту ёсьць», — сказаў праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

Пасьля паведамленьня «Плятформы» пра галадоўку вязьняў Жодзінскай турмы Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС заявіў, што гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці. Абверглі турэмшчыкі і зьвесткі пра дрэнныя ўмовы ўтрыманьня ў гэтай папраўчай установе.

«Асуджаныя, якія адбываюць пакараньне ў турме № 8, забясьпечаныя неабходнымі жыльлёва-бытавымі ўмовамі, якія адпавядаюць правілам санітарыі і гігіены», — адказваў праваабаронцам з «Плятформы» начальнік управы Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС па Менску і Менскай вобласьці Мікалай Акуневіч.

Андрэй Бандарэнка не выключае, што праваабаронцы пададуць на міліцыянтаў у суд за абвінавачаньне ў распаўсюдзе недакладных зьвестак.

«Нашы крыніцы ня хлусілі, калі паведамілі пра галадоўку ў Жодзінскай турме. Ня хлусяць яны і цяпер, калі праінфармавалі, што галадоўка спыненая.

Будзем і надалей трымаць сытуацыю на кантролі. Жодзінская турма — адна з самых праблемных у Беларусі. І ня толькі паводле бытавых умоваў, але і паводле надзвычай жорсткага абыходжаньня зь вязьнямі.

Мы адсочваем сытуацыю і ў іншых вязьніцах краіны, і любы сыгнал пра парушэньні з боку адміністрацыі прымем і пераправерым. Адрас нашага сайту — platformabelarus.com», — сказаў Андрэй Бандарэнка.