Судзьдзі Эканамічнага суду Менска Юры Грушэцкі і Алена Мельнікава абвінавачваюцца ў атрыманьні хабару, Грушэцкі таксама ў махлярстве і дачы хабару.
У Вярхоўным судзе Беларусі 17 траўня пачнецца разьбіральніцтва па крымінальнай справе судзьдзяў Эканамічнага суду Менска Юрыя Грушэцкага і Алены Мельнікавай. Ім пагражае да 15 год зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Першага абвінавачваюць у дачы і атрыманьні хабару, а таксама ў махлярстве, другую — у атрыманьні хабару.
На лаве падсудных акажуцца яшчэ чатыры чалавекі, абвінавачаных у дачы хабару, адзін зь іх таксама ў атрыманьні хабару, адна зь іх — у махлярстве.
Грушэцкі быў затрыманы КДБ 2 лютага 2015 года. Празь некалькі месяцаў пасьля ягонага затрыманьня Лукашэнка зьняў з пасадаў старшыню менскага эканамічнага суду Ігара Ждановіча, ягонага намесьніка Сяргея Кулакоўскага, судзьдзяў Алега Клюйко і Андрэя Рыбалкіна. Пра іхны магчымы ўдзел у справе 17 траўня не паведамляецца.