Падарожжа Свабоды ў вёску Кавалі Шаркаўшчынскага раёну, дзе жыве толькі адзін чалавек — 47-гадовы Валодзя Хахлун.
Як бы выглядала наша плянэта пасьля ядзернага выбуху? Калі б зьніклі ўсе людзі? Гэтыя пытаньні зьявіліся ў мяне ў Кавалях. Напэўна, самай загадкавай беларускай вёсцы.
Я бачыў шмат вёсак без жыхароў. Але тут, паміж раскіданых на пагорках хат, паўсюль стаяць шыльды з загадкавымі пасланьнямі. Нібыта да тых, хто яшчэ застаўся ў жывых.
Да Кавалёў на легкавіку не падʼедзеш. Дарогі даўно ўжо няма. Зрэшты, вёскі таксама магло б ня быць. Тут жыве адзін чалавек. 47-гадовы Валодзя Хахлун. Шыльды з загадкавымі словамі «Школа шчасьця» — гэта ягоная работа. Тут у Кавалях Валодзя спрабуе вынайсьці рэцэпт шчасьця.
— «Школа шчасьця» — гэта месца, дзе чалавеку дадзеная ад прыроды магчымасьць жыць. І дзе чалавек сябе забясьпечвае ўмовамі жыцьця. Жытло, сьвятло, цяпло, адзеньне, абутак, ежа, вада. Гэта сабе даець чалавек. А Бог даець прыроду. І магчымасьць дзеткам разьвіць тое, што ў іх закладзена ад прыроды. Даць ім разьвіцца па сваёй волі. Не вучыць. Гэта не галоўнае. А даць разьвіцца.
Чым болей я слухаў Хахлуна, тым больш пераконваўся, што для сябе рэцэпт шчасьця ён ужо адкрыў. Праўда, пакуль гэтым рэцэптам Валодзя карыстаецца толькі сам.
— Калі чалавек думаець аб жыцьці на зямлі, у яго ёсьць усе магчымасьці жыць на зямлі, як беларусу, як чалавеку. Мне на сёньняшні дзень ніхто не замінаець у гэтым. Ані.
— Сёньня па шчасьце моладзь зь вёскі ўцякае ў гарады.
— Калі ты любіш зямлю, тады ты будзеш жыць на зямлі. Зямлю ня любяць. Зямлю лічаць гразьзю. А зямелька — яна матухна наша, карміцелька. Празь яе нам дадзена жыцьцё. І туды мы парэшткамі пойдзем зноў. І калі пасьля сын ці дачка, народжаныя на зямлі, называюць яе гразьзю, тады сам працэс жыцьця вырашае — як жа з табой быць? А ці варты жыцьця, калі ты тое, што табе дало жыцьцё, адпіхваеш? Зямельку. Тое, што чысьціня на зямлі, што няма людзей — гэта працэс абʼектыўны. Хай будзе чыста. А на чысьціню тады прыйдуць.
— Вы думаеце, прыйдзе чалавек?
— Ён ужо прыйшоў. Ён стаіць перад вамі. Хай гэта адзінкі яшчэ. Трэба пашукаць днём і са сьвечкай. Але працэс ужо пайшоў.
Валодзя большую частку свайго жыцьця пражыў у горадзе Глыбокім. Вучыўся ў БДУ, мае дыплём юрыста. Меў сваю справу. Але ў 30 гадоў вырашыў вярнуцца на зямлю продкаў. Прычым спачатку як фэрмэр.
— Я прыйшоў з мэтай гаспадарыць на зямлі. Набыў кароўку, коней, узяў зямлі. Апрацоўваў, садзіў, гадаваў. Гадоў восем пазаймаўся. Гэтым перажыў. Гэта цяжка, але гэта не галоўнае. Усё паўтараецца, як заганнае кола. А што далей? А ў чым разьвіцьцё? Я разьвітваюся з гаспадаркай. Распрадаю кароў, коней. Я прыйшоў з мэтай быць на зямлі. «Гаспадарыць» я перажыў. А зараз я прыйшоў «быць». Сутнасьць жыцьця ў быцьці.
У Кавалях, можа, зь дзясятак хат. Некаторыя зусім спарахнелі, некаторыя яшчэ глядзяцца цалкам самавіта. Кавалі — гэта сапраўды вёска Хахлуна. Сярод пустых дамоў гэты барадаты і ўсьмешлівы чалавек глядзіцца, як апошні зямлянін.
Шуру Балаганаву для шчасьця патрэбна было шэсьць тысяч чатырыста рублёў. Валодзю Хахлуну для шчасьця грошы не патрэбныя зусім.
Мы падышлі да дошкі абʼяваў. На якой Валодзя напісаў словы афіцыйнага гімна.
— Тое, што выручыў ад продажу кароў і коней, аддаў банку. Нейкая капейка з таго ідзець. Я жыву адзін, безь сямʼі. Абыходжуся мінімумам. Мне хапае на месяц пяцідзесяці рублёў. Гародніна ёсьць, яблык ёсьць. Харчуюся крышачку інакш, чым у тым жыцьці.
Сямʼя Валодзі не захапілася ягоным шчасьцем. Жонка і дачка засталіся ў Глыбокім. Але самотным назваць Валодзю я не магу.
Мы падышлі да дома, дзе Валодзя жыве.
— Калі я прыйшоў сюды, значыць, я род свой прывёў. Тыя, хто жыў да мяне. Тыя, хто будуць жыць пасьля мяне. І тыя сваякі, якія, хоць бы ў думцы, прымаюць мяне. І яны ўсе тут жывуць.
Недалёка ад Валодзевай хаты працякае рака Мнюта. Тут яна робіць маляўнічы паварот з ідэальным пляжам. Дзе Валодзя кожны дзень прымае прыродныя ванны.
Харчуецца гэты шчасьлівы чалавек адзін раз на дзень. І зьбіраецца пражыць больш за сто гадоў. Думаю, гэта для яго не мяжа.
У сваёй цёплай хаце Валодзя частаваў мяне нейкай адмысловай зёлкавай гарбатай і ўсё спрабаваў растлумачыць нюансы сваёй канцэпцыі шчасьця. Шчасьця бяз грошай. Шчасьця, якое можа даць толькі родная зямля.
Неўзабаве Валодзя абзавядзецца кампутарам і фэйсбукам. Каб шчасьліўцаў на зямлі паболела.