3 жніўня ў Менску адбыўся чарговы раўнд перамоваў Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Данбасе. Пасьля яго кантактная група на тры тыдні робіць паўзу ў перамовах.
Прадстаўнік Украіны ў Трохбаковай кантактнай групе Леанід Кучма наагул не прыехаў у Менск другі раз запар, а праводзіў перамовы праз скайп. Гэта прыкмета таго, што рэальнага прагрэсу і не чакалася — ніякіх пагадненьняў не падпісалі, хоць дыскусія была.
«Зрухі ў перамовах па асобных пытаньнях урэгуляваньня сытуацыі на паўднёвым усходзе Ўкраіны ёсьць, але шмат яшчэ трэба абмяркоўваць… Расьце разуменьне таго, што трэба падключыць Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа да вырашэньня гэтай складанай тэматыкі», — заявіў па выніках паседжаньня кантактнай групы спэцпрадстаўнік АБСЭ Марцін Сайдзік, маючы на ўвазе абмен ваеннапалоннымі.
«Чаму трэба прыцягнуць МКЧК? Таму што гэта дае аб'ектыўнасьць, аснову для вырашэньня. Пакуль будзе сьпіс аднаго боку, сьпіс другога боку… А хто ўзгодніць гэтыя сьпісы? У гэтым магла б быць роля МКЧК», — патлумачыў сваю прапанову спадар Сайдзік.
Спэцпрадстаўнік АБСЭ таксама нагадаў пра інцыдэнты, накіраваныя супраць бясьпекі чальцоў Спэцыяльнай маніторынгавай місіі АБСЭ ў Данбасе і аварыі бесьпілётніка.
«Такія дзеяньні і беспакаранасьць не павінны мець месца», — падкрэсьліў спадар Сайдзік.
Наступнае паседжаньне Трохбаковай кантактнай групы заплянаванае на 26 жніўня.