Сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч у суправаджэньні WZ-orkiestra 8 студзеня выступіць зь вялікім сольным канцэртам у менскай КЗ «Атлант», паведаміў Tuzin.fm арганізатар канцэрту Вячаслаў Гулевіч.
У межах сольнага канцэрту могуць прагучаць, сярод іншых, перакладзеныя на беларускую песьні чэскага барда Яраміра Ногавіцы з альбому «Камэта» — дыск выйшаў напрыканцы 2015 году, але так і ня быў шырока прэзэнтаваны ў Менску, бо выступы Вайцюшкевіча забараняліся. Прэзэнтацыя была немаштабная і закрытая. Тым ня меней у канцы лета Вайцюшкевіч выступіў зь невялікім канцэртам у менскай школе. Той канцэрт адбыўся ў межах агітацыйнай кампаніі кандыдаткі ад Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Марыны Хоміч.
Разам з тым у Менску дазволілі канцэрт праекту «Народны альбом», у якім сярод іншых бярэ ўдзел Вайцюшкевіч. Там жа зайграе Лявон Вольскі, якому яшчэ нядаўна не давалі магчымасьці праводзіць маштабныя сольныя канцэрты. У канцы кастрычніка ў Гомелі выступіў гурт Сяргея Міхалка Brutto, перад Новым годам у Менску Міхалок дасьць канцэрт з гуртам «Ляпіс-98».
Такім чынам, засталося толькі два выканаўцы з «чорных сьпісаў», якім не даюць дазволаў на канцэрты ў Беларусі: рэпэр Vinsent і гурт Dzieciuki.