У першы дзень Сёмухі (Тройцы) у вёсцы Меркулавічы Чачэрскага раёну мясцовыя жыхары ладзілі старадаўні абрад «Ваджэньне куста». Гэты помнік духоўнай культуры беларусаў пашыраны на Палесьсі, але рэдка сустракаецца ў беларускім Пасожжы.
На ролю «куста» вяскоўцы абралі высокую выпускніцу мясцовай школы Юлю. Яна зьбіраецца паступаць ва ўнівэрсытэт культуры, і для яе гэта адна зь першых адказных роляў. Юлю і «апранаюць» гуртам у зялёнае ўбраньне — вешаюць на плечы кляновыя ды ліпавыя галінкі, сьцягнутыя ў аснове моцным матузком — накідваюць гэткае зялёнае дзявочае «понча». На галаву — таксама кляновы вянок.
Вянкі з кляновага лісьця ледзь ня ў кожнага ўдзельніка сёмушнага рытуалу. Сплецены й вялікі супольны вянок зь зялёных галінак — як сымбаль вечна жывое прыроды і яе плодных сілаў. Дзьве дзяўчыны бяруць гэты вянок у рукі, чакаючы пачатку шэсьця.
«Сёньня ў нас Тройца, — абвяшчае дырэктарка мясцовага дому культуры Вольга Дзямідава. — Мы прыбіраем „куст“ і павядзём яго па вёсцы».
За аканіцамі — кляновыя галінкі
Вясёлай мэлёдыяй заліваецца гармонік Васіля Казлова. Яму ў такт грукае бубен, вызвоньваючы невялікімі, урэзанымі ў абруч, латуннымі талерачкамі.
Гэта прыдае настрою і дарослым, і дзятве. «Зялёны клубок» у беларускіх строях коціцца ад дому культуры да галоўнай вясковай вуліцы.
А ў нашых Меркулавічах хораша ходзяць,
Хораша ходзяць, куста водзяць.
Тройца, Тройца — сьвятая Багародзіца.
82-гадовы жыхар Меркулавічаў, былы саўгасны кіроўца Яўген Яшкоў згадвае, што «куста» вадзілі ў вёсцы й за савецкім часам, нягледзячы на забароны й перашкоды. Абходзілі зь песьнямі ці адно ня кожны двор.
Яўген Іванавіч быў у ліку найлепшых сьпевакоў. Ён і цяпер прыгадвае колькі радкоў з рэпэртуару таго часу:
Ой, сад, ты мой сад,
Сад зялёненькі.
Ой, заўчасна ты, сад,
Распускаесься.
«Людзі частавалі „кустоўцаў“ хто чым мог — яйкамі, салам, мёдам, самаробнай гарэлкай», — згадвае вясковец Яшкоў, у доме якога за аканіцамі і цяпер зелянеюць кляновыя галінкі — абярэг і сымбаль жывой прыроды.
Дай, гаспадыня, па залатому
«Зялёны куст» тым часам накіроўваецца на падворак Івана Шалыгіна, вясковага заатэхніка.
Вольга Дзямідава, як вядоўца, зьвяртаецца найперш да жонкі Івана:
«Ой, былі мы ў вялікім лесе, і зьвілі мы куста зь зялёнага клёну. Выйдзі, гаспадыня, з новага пакою, дай жа нашаму „кусту“ хоць па залатому. А ў нашага „куста“ ножкі невялічкі — трэба яму панчошкі, трэба чаравічкі. Адны чаравічкі па саду хадзіці, другія чаравічкі — ваду насіці. Трэція чаравічкі — абеды варыці, чацьвёртыя чаравічкі — карагоды вадзіці».
Грае гармонік, вухкае бубен. «Кустоўцы» становяцца ў карагод, і падворак ажывае, напаўняецца музыкай і песьнямі. Такое дзейства мае паспрыяць дабрабыту й прыбытку ў гаспадарцы вяскоўца, ураджаю «гурочкаў, жыта, пшаніцы ды ўсякай іншай пашніцы».
У гасьціннага гаспадара з гаспадыняй ужо накрыты стол.
«Калі ласка, да стала!» — запрашаюць Шалыгіны.
Старэйшыя «кустоўцы» пасьля карагоду куляюць з гаспадаром па чарцы. Дзятва частуецца салодкімі прысмакамі — і «зялёны куст» коціцца далей. Пачастунак падвышае імпэт «кустоўцаў», і яны, прытанцоўваючы пад гармонік і бубен, рухаюцца ў бок мясцовага возера.
Вянок на вадзе — дождж на палеткі
Вада ў абрадзе займае асаблівае месца. Памачыць вялікі «кустоўскі» вянок у вадзе — значыць, даць палеткам вільгаць для росквіту. У гэтым яшчэ адна магічная асаблівасьць «куста».
Але вялікі вянок ня проста кідаюць на ваду. Удзельнікі «куста» перш за ўсё завязваюць на вянку чырвоныя стужачкі, загадваючы адначасова свае найвялікшыя жаданьні.
У маладых гэта можа быць жаданы шлюб, у старэйшых — просьба здароўя і дабрабыту, у трэціх — вучоба ў прэстыжным ВНУ і добрая праца пасьля яго.
Абмакнуць вянок у ваду і скінуць яго з высокага шлюза дазваляецца мужчынам. У нашым выпадку — гарманісту і барабаншчыку.
Пакуміліся
Ад возера «куста» вядуць да двух бярозак, зьвязаных уверсе вершалінамі ды ўпрыгожаных рознакаляровымі стужкамі. Гэта такая своеасаблівая брама ў «зялёны рай» — царства росквіту прыроды.
Перад уваходам вяскоўцы «кумяцца» — зычаць адзін аднаму здароўя і дабра, здымаюць кляновыя вянкі і празь іх цалуюцца. І бачыцца ў кумленьні адвечнае замірэньне аднаго роду зь іншым, якія насяляюць вёску, ствараюць між сабою новыя семʼі, хрысьцяць дзяцей, працягваюць побыт чалавека на гэтай зямлі.
Пры самым канцы ажывае нешматслоўны да гэтага часу «куст».
«Людзі добрыя, частуйцеся троіцкім хлебам! Прырода дзякуе вам за яе шанаваньне!», — і «куст» працягвае на ручніку духмяны бохан хлеба.
Ломячы па кавалачку, ім частуюцца ўсе ўдзельнікі «ваджэньня куста». А ўжо за гэтым зьбіраюцца ў вызначаным месцы, каб працягваць адзначаць Сёмуху за сьвяточным сталом, за гамонкай і песьнямі.