Віцебскія актывісты зьвярнуліся да старшыні Мазалаўскага сельсавету Леаніда Дубіны з просьбай дазволіць добраўпарадкаваць месца масавага пахаваньня невядомых ахвяраў у лесе каля вёскі Хайсы.
Мясцовая ўлада адрэагавала: 13 траўня спадар Дубіна і сакратарка сельсавету Кацярына Каралёва выехалі на месца і правялі сход. Яны мусілі гэта зрабіць, бо калектыўны зварот падпісалі 88 чалавек, а згодна з законам выязны сход праводзяць у тым выпадку, калі подпісаў больш за 30.
Паводле старшыні сельсавету, пра тое, што ў лесе пад вёскай Хайсы людзі знаходзяць чалавечыя косткі, ён даведаўся толькі са сродкаў масавай інфармацыі ўвосень мінулага году. Тады, у лістападзе 2014-га, група віцебскіх актывістаў апытала найстарэйшых вяскоўцаў, якія распавялі, што ў гэтым лесе расстрэльвалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. На іхную думку, менавіта невядомыя ахвяры сталінізму закапаныя ў вялікіх ямінах. Але якім чынам косткі трапілі на паверхню, застаецца загадкай. Магчыма, магілы расстраляных патрывожылі «чорныя капальнікі», а магчыма, проста зямля прасела. Так ці інакш, але ўжо некалькі гадоў грыбнікі натыкаюцца ў гэтым лесе на чалавечыя парэшткі.
Праўда, прысутныя на сходзе прадстаўнікі Лужасьнянскага лясьніцтва цьвердзілі, што нічога падобнага ня бачылі. Яшчэ сказалі, што ніякіх прац на гэтым участку лесу даўно не было і не плянуецца. І таму праводзіць нейкую расчыстку, адмыслова пілаваць сухія дрэвы старшыня сельсавету таксама палічыў немэтазгодным.
Старшыня сельсавету мяркуе, што нейкія захады трэба будзе рабіць, калі чалавечыя парэшткі дастане з-пад зямлі адмысловы пошукавы батальён. Спадар Дубіна кажа, што ўжо зьвярнуўся з такой просьбай у ваенкамат. Праўда, тэрмінаў пачатку працы з парэшткамі ён ня ведае:
«У іх есьць свой мэханізм працы — гэта ж ня так проста, каб во патэлефанаваў, і яны прыехалі. Але я асабіста мяркую, што тут пахаваныя не вайскоўцы. Гэта відаць па абутку — тут рэшткі нейкіх галёш, чаравікаў, жаночых у тым ліку. А чаго вы не бераце пад увагу, што ў Лужасьне быў канцлягер? Маглі тут расстрэльваць палонных. Чаму адразу кажаце, што гэта ахвяры расстрэлаў у 1930-я гады?»
Калі прыедзе пошукавы батальён, актывістаў таксама паабяцалі запрасіць — каб далучыцца да працы. Аднак, на іхнае зьдзіўленьне, у пратаколе не было зафіксавана, што прадстаўнікі ўладаў бачылі чалавечыя косткі на ўласныя вочы. Нічога пэўнага Леанід Дубіна не сказаў і наконт неабходнасьці ўшанаваць памяць расстраляных, хто б тыя ні былі — ахвяры сталінізму або фашызму:
«Я не магу сказаць, што я ня супраць усталяваць тут помнік. Толькі я скажу, што ня супраць, а мне раптам загадаюць: „Бяры і рабі“. А ў мяне грошай няма. Дзе я грошы на помнік вазьму? Так што тут сказаць нельга, што я ня супраць».
На гэтым сход завяршыўся, сельсаветчыкі і лесьнікі паехалі па сваіх справах. Затое віцебскія актывісты абсалютна неспадзявана сустрэлі тых, хто гатовы дапамагчы ў справе ўшанаваньня памяці загінулых. Пра гэта распавёў Ян Дзяржаўцаў, сябра КХП БНФ, які першы пачаў дасьледаваць трагічную гісторыю гэтых мясьцін:
«Вяртаючыся ў Віцебск, мы сустрэлі сьвятара з царквы ў пасёлку Лужасна, айца Міхаіла. Ён зацікавіўся аповедамі пра невядомых загінулых, нават паўшчуваў нас, чаму мы адразу не зьвярнуліся да яго. Патэлефанаваў знаёмым казакам. І на ягоную просьбу тут жа прыехалі віцебскі казачы атаман Валеры Сямашка і ягоны сын Ігар Сямашка, атаман з Лужасна. Усе разам мы зноў скіраваліся ў лес, паказалі чалавечыя парэшткі ў ямах. На дзіва, казакі тут жа самі прапанавалі ўшанаваць памяць загінулых — зрабіць і ўсталяваць вялікі крыж, які было б відаць з дарогі. Айцец Міхаіл прапанаваў правесьці тут хросны ход напрыканцы траўня, а пакуль — проста памаліцца за невядомых, якія знайшлі тут апошні спачын. Мы ўсе разам так і зрабілі — памаліліся на ўскрайку адной зь ямаў. А яшчэ мы шмат размаўлялі: казакі прапагандавалі ідэі „рускага міру“, мы гаварылі пра неабходнасьць распаўсюду нацыянальнай ідэі ў грамадзтве, сьвятар цьвердзіў, што ў дадзенай сытуацыі трэба не шукаць і не вінаваціць забойцаў, хто б яны ні былі — фашысты або сталінскія каты, а клапаціцца пра хрысьціянскае пахаваньне іхных ахвяраў... І няхай мы не сышліся на агульнай думцы ў шырокім сэнсе, галоўнае — што выявіўся намер супрацоўнічаць у гэтай канкрэтнай справе. Ад уладаў мы чамусьці не пачулі ні абяцаньняў падтрымкі, ні прапановаў працаваць разам».
Нічога не чуваць і пра вынікі экспэртызы чалавечых парэшткаў, якія забралі на досьледы яшчэ ўвосень мінулага году. Актывісты стварылі грамадзкую ініцыятыву «Хайсы» і ўжо двойчы зьвярталіся ў Сьледчы камітэт, мясцовы сельсавет і пракуратуру па фактах страшных знаходак у лесе. Паводле апошняга адказу са Сьледчага камітэту, крымінальную справу з гэтай нагоды распачынаць ня будуць.
А парэшткі — косткі і некалькі чарапоў з кулявымі адтулінамі на патыліцы — дагэтуль на экспэртызе ў Менску. Праўда, актывістам не зразумела, чаму адмыслоўцы не забралі на вывучэньне таксама фрагмэнты адзеньня, знойдзенага ў агульных магілах, а таксама абутку, на якім відаць фабрычныя клеймы з датамі — 1936, 1937, 1938 гады.