Стралок, які забіў 5 чалавек у клюбе LGBTQ+ у Каларада, прызнаў сябе вінаватым у 50 фэдэральных злачынствах на глебе нянавісьці
Як паведамляе агенцтва AP, стралок, які забіў пяць чалавек і параніў яшчэ 19 у клюбе ЛГБТК+ў амэрыканскім горадзе Каларада-Спрынгс, прызнаў сябе вінаватым у фэдэральных злачынствах на глебе нянавісьці і быў прысуджаны да 55 пажыцьцёвых тэрмінаў зьняволеныя, але зноў адмовіўся папрасіць прабачэньня або сказаць што-небудзь семʼям ахвяр.
24-гадовы Андэрсан Лі Олдрыч асуджаны на 55 пажыцьцёвых зьняволеньняў плюс 190 гадоў турмы без магчымасьці ўмоўна-датэрміновага вызваленьня, паведамляе Бі-бі-сі.
Олдрыча прызналі вінаватым па 74 пунктах, у тым ліку ў 50 злачынствах на глебе нянавісьці. Раней Олдрыч пайшоў на пагадненьне з абвінавачаньнем і прызнаў віну па дзясятках пунктаў, што дазволіла яму пазьбегнуць сьмяротнага пакараньня.
Летась Олдрыч ужо быў асуджаны па выстаўленых яму абвінавачаньнях на ўзроўні штату і атрымаў пяць пажыцьцёвых зьняволеньняў, па адным за кожнае забойства, і больш за 2000 гадоў турэмнага зьняволеньня па кожным эпізодзе замаху на забойства.
Страляніна ў клюбе 20 лістапада 2022 году працягвалася шэсьць хвілін. Да прыбыцьця паліцыі Олдрыча змаглі абясшкодзіць самі наведнікі клюбу, сярод якіх былі вайскоўцы з баявым досьведам. У сваё апраўданьне Олдрыч заяўляў, што прымаў мноства псыхатропных сродкаў і зь цяжкасьцю даваў сабе справаздачу ў сваіх дзеяньнях.
Па словах яго адвакатаў, Олдрыч лічыць сябе небінарнай пэрсонай, якая не прызнае строгага падзелу людзей на два полы.
Акруговая судзьдзя Шарлота Суіні, абвяшчаючы прысуд, нагадала, што Олдрыч, акрамя іншага, прызнаў, што адкрыў агонь па наведніках клюбу за «іх рэальнае ці суб’ектыўнае полавае самавызначэньне і сэксуальную арыентацыю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У выніку страляніны ў ЛГБТ-клюбе ў ЗША загінулі пяць чалавек