Беларускім школьнікам выдзелілі месцы ў чатырох міжнародных каледжах — у Армэніі, Нарвэгіі, Сынгапуры і Тайляндзе

Беларускі нацыянальны сьцяг у каледжы армянскага Дыліжану, архіўнае фота

Маладыя і амбітныя беларусы маюць шанец атрымаць замежную адукацыю ў рамках глябальнага праекту «Каледжы абʼяднанага сьвету» (United World Colleges), які абвясьціў конкурс на стыпэндыі для школьнікаў 10 і 11 клясаў для навучаньня ў 2019–2021 гадах.

Па выніках адбору чатыры фіналісты зь Беларусі змогуць пачаць двухгадовую перадунівэрсытэцкую адукацыю ў каледжах сеткі UWC:

  • Сынгапур: UWC South East Asia (поўнае фінансаваньне)
  • Армэнія: UWC Dilijan (поўнае фінансаваньне)
  • Нарвэгія: UWC Red Cross Nordic (частковае фінансаваньне)
  • Тайлянд: UWC Thailand (частковае фінансаваньне)

Што такое United World Colleges

Каледжы абʼяднанага сьвету — гэта міжнародны адукацыйны рух, першая школа якога (Atlantic College) паўстала ў 1962 годзе ва Ўэльсе. Сёньня сетка налічвае больш за паўтара дзясятка навучальных установаў па ўсім сьвеце. Двухгадовы ангельскамоўны адукацыйны працэс вядзецца на перадунівэрсытэцкім узроўні, пад адным дахам займаюцца ў сярэднім 200–300 студэнтаў з 80–100 краінаў.

Як патлумачылі Свабодзе ў адборачнай камісіі Нацыянальнага камітэту UWC у Беларусі, сёлетні конкурс праходзіць у два туры. Важныя патрабаваньні — каб прэтэндэнтам на 1 верасьня 2019-га споўнілася 16 гадоў і каб яны мелі беларускае грамадзянства або від на жыхарства.

«UWC-студэнты апынаюцца ў неверагодных умовах, якія максымальна спрыяюць разьвіцьцю асобы, — гаворыць выпускніца каледжу ў галяндзкім Маастрыхце, а цяпер студэнтка мэдыцыны ў праскім Карлавым унівэрсытэце Аляксандра Гвазьдзёва. У Нацыянальным камітэце яна адказвае за піяр-камунікацыі. — Беларусі дастаецца ня так шмат стыпэндый, і гэта ўнікальны шанец заявіць пра сваю краіну на сусьветным узроўні, прадэманстраваць, што ёсьць і ў нас таленавітыя людзі. А потым набытыя веды, атрыманы досьвед прынесьці на беларускую глебу. Што многія выпускнікі пасьпяхова робяць або на радзіме, або працуючы ў міжнародных структурах ад імя Беларусі».

Беларусы ў Каледжах абʼяднанага сьвету

У Беларусі падобныя конкурсы праводзяцца ад сярэдзіны 1990-х. Амаль за 25 гадоў маладыя беларусы атрымлівалі стыпэндыі ў 13 зь цяперашніх 17 каледжаў на ўсіх кантынэнтах.

Спачатку пасярэдніцай выступала Польшча, дзе ініцыятыву ачольваў навуковец, прафэсар Павал Чартарыйскі. А ўвесну 1994-га быў заснаваны Нацыянальны камітэт Каледжаў абʼяднанага сьвету. Арганізацыйны сход адбыўся пад кіраўніцтвам дырэктара Скарынаўскага цэнтру Адама Мальдзіса. Старшынём быў абраны дырэктар Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю Ўладзімер Колас, ён узначальвае камітэт дагэтуль.

(На фота — Каралева Нарвэгіі Соня ў каледжы Red Cross Nordic)

Ужо тады было вырашана: абсалютную перавагу пры паступленьні будуць мець падлеткі, за якіх потым не давядзецца чырванець. Гэтая акалічнасьць спрыяла таму, што значную частку беларусаў у UWC і сёньня складаюць выпускнікі ліцэю імя Якуба Коласа, дзе навучаньне вядзецца па-беларуску і па ўласных мэтодыках выкладаньня. У 2003 годзе на загад Міністэрства адукацыі запатрабаваная ўстанова была закрытая, але калектыў не распаўся, адукацыйны працэс працягваецца.

Першым прадстаўніком Беларусі ў міжнародных каледжах стаў Віктар Фянчук (1992–1994, Уэльс, UWC Atlantic), які цяпер кіруе праектамі Франкфурцкага заалягічнага таварыства і аховы птушак «Бацькаўшчына» ў Беларусі. Праўда, удакладняе, што паступаў яшчэ праз Маскву, Нацыянальнага камітэту ў Беларусі яшчэ не існавала. Таму сапраўднай «піянэркай» можна лічыць Алену Новік (1994–1996, Італія, UWC Adriatic), якая зь першай жа спробы ўвайшла ў лік найлепшых выпускнікоў усіх школаў, якія займаюцца паводле сыстэмы Міжнароднага бакаляўрэату.

Віктар Фянчук

«Безумоўна, сёньня людзі маюць больш магчымасьцяў паехаць у розныя адукацыйныя ці навуковыя ўстановы, — кажа беларускі „першапраходзец“ Віктар Фянчук. — Аднак Каледжы абʼяднанага сьвету і цяпер істотна адрозьніваюцца ад іншых міжнародных установаў. Фактычна гэта нешта сярэдняе паміж школай і ўнівэрсытэтам, але дае проста эксклюзіўны досьвед — і ўласна навучальны, і ў зносінах паміж людзьмі, і ў поглядах на сусьветныя працэсы. Акурат тое месца, дзе варта сябе паспрабаваць. Тым больш калі ёсьць такая магчымасьць. Прынамсі, для беларусаў іх унікальнасьць ня зьменшылася і за прамінулыя чвэрць стагодзьдзя».

Беларускае прадстаўніцтва за прамінулы час адзначанае ў каледжах Армэніі, Босьніі і Герцагавіны, Вялікай Брытаніі, Ганконгу, ЗША, Індыі, Італіі, Канады, Коста-Рыкі, Нарвэгіі, Нідэрляндаў, Сынгапуру, Уэльсу, Тайлянду. Пры гэтым няма такога, што ў менскіх школьнікаў заведамая перавага. Традыцыйна тон задаюць Берасьце і Баранавічы, а ўжо потым ідзе сталіца. Таксама за мяжой вучацца падлеткі з Воршы, Горадні, Ліды, Магілёва і г.д.

(На фота — с​тудэнты каледжу ў армянскім Дыліжане)

Звычайна за мяжу выпраўляюцца 2–3 прадстаўнікі Беларусі, сёлета дэлегацыя крыху шырэйшая. На гэты момант супольнасьць беларускіх выпускнікоў UWC перавышае 70 чалавек, якія навучаюцца ў лепшых унівэрсытэтах сьвету і становяцца піяністамі, скрыпачамі, скульптарамі, філёзафамі, мастакамі, акторамі, сьпевакамі, навукоўцамі, лекарамі, архітэктарамі, бізнэсоўцамі, выкладчыкамі, мэнэджэрамі, айцішнікамі.

Чаму вучаць у UWC і па якіх праграмах

Атэстацыя ў Каледжах абʼяднанага сьвету адбываецца паводле сыстэмы IB (International Baccalaureate). У праграму ўваходзіць большасьць сусьветных моваў, сярод іх і беларуская. Адукацыйная мадэль дазваляе атрымаць ня толькі прэстыжны міжнародны дыплём. Цягам працэсу прадугледжваюцца чатыры абавязковыя складнікі: акадэмічны, спартовы, творчы, валянтэрскі.

У залежнасьці ад спэцыфікі ўстановы даецца магчымасьць выбару абавязковых прадметаў — ад звыклых да спэцыяльных. Творчая дзейнасьць, а таксама праца зь дзецьмі і старымі, дапамога ўцекачам, узаемадзеяньне з установамі сацыяльнай апекі. Нестандартны падыход і ўнікальны досьвед інтэрнацыянальнага кантактаваньня спрыяюць вялікаму конкурсу — апошнім часам ад Беларусі на некалькі месцаў прэтэндуюць больш за 100 чалавек.

(На фота — беларускія выпускнікі UWC розных гадоў)

Выпускнікі каледжаў маюць прыярытэтную магчымасьць працягнуць адукацыю ў найлепшых унівэрсытэтах сьвету, а найбольш спрыяльны рэжым для беларусаў забясьпечваюць Злучаныя Штаты. Але калі раней у Беларусь вярталіся адзінкі, то цяпер усё большая колькасьць адукаваных кадраў знаходзіць прымяненьне сваім сілам на радзіме.

«United World Colleges — гэта глябальны адукацыйны рух, што робіць адукацыю сілай, якая яднае людзей, нацыі і культуры дзеля дасягненьня міру і ўстойлівай будучыні», — такі лёзунг усяго глябальнага праекту.

(На фота — сьвята Холі ў Махіндра-каледжы ў Індыі)

Заснавальнікам адукацыйнай канцэпцыі United World Colleges стаў нямецкі пэдагог габрэйскага паходжаньня Курт Ган — адзін з тых, хто адкрыта выступіў з крытыкай нацысцкай палітыкі ў Нямеччыне. Яго арыштавалі, але дзякуючы высокаму заступніцтву ў Лёндане перадалі Вялікай Брытаніі.

Пасьля Другой усясьветнай вайны ідэалёгія Гана набыла новае адценьне: спрыяньне ўзаемапаразуменьню паміж народамі праз адукацыю. Гэтыя ідэі ўвасобіліся ў жыцьцё ў 1962 годзе, калі была створана адукацыйная пляцоўка для прадстаўнікоў розных народаў. Ёй стаў валійскі Атлянтычны каледж. На пачатку 1990-х да стракатага інтэрнацыяналу далучыліся і першыя навучэнцы з постсавецкай прасторы.

Куды і калі падаваць заяўкі

Заяўкі ад беларускіх школьнікаў на атрыманьне міжнародных стыпэндый для навучаньня ў 2019–2021 гадах прымаюцца да 21 кастрычніка ўключна. Першы тур адбору ажыцьцяўляецца праз плятформу uwc.fluidreview.com. Пры запаўненьні анкеты трэба расказаць пра свае захапленьні, школьную і пазаклясную дзейнасьць, матывацыю да адукацыі ў сыстэме UWC.

Кожны кандыдат таксама павінен даслаць эсэ на тэму: «Уявіце, што вы атрымалі вашу стыпэндыю ў грашовым эквіваленце — 35 000 даляраў». Трэба паразважаць, на які патэнцыйны праект для Беларусі можна было б патраціць сродкі, чаму ён важны для краіны і як можна яго рэалізаваць.

Другі тур адбудзецца пры канцы сьнежня ў Менску. Гэта будзе гутарка дзеля вызначэньня інтэлектуальнага ўзроўню і асабовых якасьцяў кандыдата, а таксама камандная гульня дзеля выяўленьня яго камунікатыўных навыкаў.

(На фота — Міхась Лысюк (зьлева) — першы беларускі студэнт у Сынгапуры)

Адзначаецца, што перавагу пры паступленьні ў каледжы маюць падлеткі, якія, апроч выдатных агульных ведаў, добра валодаюць беларускай мовай, ведаюць гісторыю і культуру сваёй зямлі, што важна для годнай рэпрэзэнтацыі Беларусі ў асяроддзі інтэрнацыянальнай моладзі — міжнародная супольнасьць яднае студэнтаў з больш як 160 краін сьвету.

Больш інфармацыі пра адукацыйную сыстэму UWC, каледжы, выпускнікоў і пэрспэктывы можна знайсьці на сайце by.uwc.org і ў сацсетках: facebook.com/uwcbelarus, vk.com/uwcby, www.instagram.com/uwc_belarus.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы менш рэжымныя». Тры маці пра перавагі хатняй адукацыі