Што такое „ўтрапеньне“? Як Алеся Бяляцкага ў вязьніцы ўратавала беларускае слова

Алесь Бяляцкі

У 2012 годзе палітычнага вязьня Бяляцкага абвінавацілі ў тым, што ён удзень задрамаў. Ён патлумачыў, што быў у спэцыфічным беларускім стане ўтрапеньня, а гэта зусім ня сон.

Сьцісла:

  • Алесь Бяляцкі, праваабаронца і пісьменьнік, дзевяць гадоў таму таксама быў палітычным вязьнем.
  • Яго былі абвінавацілі ў тым, што задрамаў на шконцы ўдзень.
  • Творца патлумачыў, што знаходзіўся ва ўтрапеньні, у спэцыфічным, характэрным часам для беларусаў стане, блізкім да мэдытацыі“.
  • Гэтая слоўная загадка ўразіла дазорцаў. Бяляцкага пакаралі толькі часткова.
  • У афіцыйным слоўніку старадаўняе беларускае слова „ўтрапеньне“ азначае ‘неўтаймаванае праяўленьне пачуцьцяў’, але ў клясыкаў і ў моўнай практыцы яно і пра выкліканую моцным пачуцьцём засяроджанасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі ня толькі ўсясьветна вядомы беларускі праваабаронца. Ён пісьменьнік, літаратуразнаўца і гісторык літаратуры, колішні дырэктар менскага музэю Максіма Багдановіча (адзіны, каго на гэтую пасаду выбралі супрацоўнікі). То беларускае слова для яго і безумоўная каштоўнасьць, і патоля, і — бывала — інструмэнт, зброя, ратунак.

Алесь ужо быў палітычным вязьнем — у 2011–2014 гадах. Пакараны чатырма з паловай гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму, не прызнаў „віны“, у Бабруйскай калёніі № 2 хадзіў у „злосных парушальніках рэжыму“.

20 верасьня 2012 году Бяляцкаму вынесьлі былі чарговае — праз тыдзень пасьля папярэдняга — спагнаньне. Напярэдадні ён, бывалы і са стажам палітычны вязень, перад працай (шыцьцём рукавіцаў) на хвіліну задрамаў, як палічыў прыганяты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справа Бяляцкага

Але, на дзіва, у штрафны ізалятар не пасадзілі, абмежаваліся „нечарговым дзяжурствам“. А прычынай нечуванага лібэралізму было... беларускае слова!

Было так. Склалі акт за парушэньне. Да яго вязень мусіць далучыць тлумачальную паперу.

Бяляцкі і патлумачыў, што ня спаў, а знаходзіўся ва ўтрапеньні. І што гэта такі спэцыфічны стан, характэрны часам для беларусаў,

„...блізкі да мэдытацыі... Ён дазваляе адцягнуць увагу ад цяжкіх роздумаў. У адрозьненьне ад сну, зь яго можна даволі хутка выйсьці і няма пасьлясонных рэфлексаў (пазяханьня, пацягваньня),

— цытаваў тую паперу Алесь у лісьце да Валянціна Стэфановіча. У тлумачальнай дадаў і пра недасыпаньне, і пра ўзрост.

Акт разглядаў начальнік калёніі. „Выклікаў мяне, сядзелі некалькі афіцэраў, ён уголас зачытаў, яны сядзелі з каменнымі тварамі... Паспрабаваў адчытаць за бел. мову. Я адказаў, што гэта не мая праблема, па-іншаму не магу. Атрымаў «парушэньне», мабыць, перадачы пазбавілі, — так расказваў Алесь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бяляцкага віншуюць у сацсетках: Беларусь будзе вольнай, i гэта дзякуючы Вам і Вашай працы

Беларускі амок ці беларускі дзэн?

Што ж азначае загадкавае ўтрапеньне„стан, характэрны часам для беларусаў“, як патлумачыў вязень назорцам? Мо яны нават ліхаманкава капаліся ў слоўніках — да чаго тое беларускае ўтрапеньне бліжэй і да чаго можа прывесьці? ці то яно як малайскі шалёны амок (мо памятаеце аповесьць Янкі Маўра?), ці, наадварот, як японскі засяроджаны дзэн? У кожным разе Алесева тлумачэньне падзейнічала, вязьня не пакаралі папоўніцы.

А слова сапраўды таямнічае — эвалюцыяй і сэмантыкай. У афіцыйным тлумачальным слоўніку мае толькі такое значэньне: ‘неўтаймаванае праяўленне якіх-н. пачуццяў; безразважнасць, шаленства.

Як выводзіць з утрапеньня. Рэцэпт Арлова

Але прыклады з клясыкаў падказваюць, што значэньняў больш:

Штосьці вялікае і слаўнае ён хацеў сказаць гэтаму чалавеку, які так адразу разгадаў яго і раскрыў перад ім яго надзею. Ён знайшоў яму спосаб да ўцехі і сяброўскае слова, тады калі і сам ён быў у нейкім маўклівым утрапеньні.
(Кузьма Чорны. Млечны Шлях)

— А як ты завесься? — невядома дзеля чаго запытаўся ён з самым жорсткім выглядам. Гэты допыт вёўся, напэўна, з мэтай зрабіць уражаньне і давесьці чалавека да стану бяздумнага ўтрапеньня.
(Кузьма Чорны. Вялікі дзень)

Спаць… Трэба спаць… Сон разьвее гэтую праклятую мару, а заўтра ён адно будзе смяяцца з дурнога свайго ўтрапеньня.
(Міхась Зарэцкі. Вязьмо)

А ў сучасных аўтараў слова мае значэньне, яшчэ бліжэйшае да апісанага Алесем Бяляцкім:

Ён [Мікола Гусоўскі] апусьціўся на калені і пачаў маліцца. (...) Гэтая кніга, адзінае яго дзіця, будзе ўкрай поўная болем. Можа, яна апраўдае ягоныя пакуты на зямлі.
З утрапеньня Гусоўскага вывелі нечыя крокі. На сьцежцы, абапершыся на стаўбур масьліны, стаяла маладая жанчына ў жоўтай сукні.
(Уладзімер Арлоў. Час чумы)

Мікола Гусоўскі і Бона Сфорца. Мал. Ляілі і Валянціна Варэцаў

Утаропіцца ў сябе

Слова ўтрапеньне і аднакаранёвыя — утрапёны, утрапёнасьць — былі ўжо ў старабеларускай. Тады ўтрапеньне азначала пакуту ці смутак. А яшчэаскетызм:

...Ён духоўна лячыці мае пыху праз пакорныя ўчынкі, аспаласьць — недаспаньнем, абжарства, п’янства — пастамі, лакомства — міластыняю, нячыстасьць — утрапеньнем цела і проч.
(Навука а сядмі тайнах царкоўных, Вільня, 1620).

Утрапеньне мае супольны праславянскі корань з словам цярпець. Часам слова лічаць палянізмам, хоць фанэтычныя рысы ў яго хутчэй паўднёваславянскія ці чэскія. Дый у беларускай мове яно мае іншае значэньне (па-польску utrapienie проста ‘цяжкая, прыкрая сытуацыя’).

Так, шырэйшую палітру значэньняў беларускае слова набыло цягам вякоў. У ХХ стагодзьдзі пачынальнікі нашай лексыкаграфіі — браты Гарэцкія, М. Байкоў з С. Некрашэвічам — лічылі адпаведнікам да беларускага ўтрапеньня рас. оторопь. Яно сугучнае, а мо і аднакаранёвае, зь дзеясловам утаропіцца ‘пільна, не зводзячы вачэй, угледзецца; стаць пільным, накіраваным’.

Вось жа ўтрапеньне, акрамя іншага, — моцная канцэнтрацыя, засяроджаньне на сваіх пачуцьцях.

Лукаш Калюга

Калюга не дапісаў

Да гэтага слова папярэднікі Алеся Бяляцкага — беларускія пісьменьнікі, увязьненыя ў 1930-х, — ужо зьвярталіся (Алесь як гісторык літаратуры гэта, пэўна, ведае). Слова ўтрапеньне, прыкладам, ужываў Міхась Зарэцкі (цытата вышэй).

Лукаша Калюгу, празаіка з „густой“ манерай пісьма і ўнікальным слоўнікам, як і мноства іншых беларускіх творцаў, арыштаваў НКВД, з 1933 году ён у ссылцы ў далёкім Ірбіце.

Там пісаў аповесьць „Утрапеньне“ — але не закончыў, слова-пароль не дапамагло, у 1937-м Калюгу расстралялі... Аднак цяпер сьвет іншы, а галоўнае — іншымі сталі беларусы.

Алесь Бяляцкі і Кляўдыё Гуджэроцьці, Менск, 8 кастрычніка 2014 г.

P. S. Зрэшты, як разважае сам Алесь, мо прычына зьмякчэньня кары за „правіну“ была не містычна-лексычная, а палітычная: тагачасны нунцый Ватыкану ў Беларусі Кляўдыё Гуджэроцьці акурат пажадаў быў сустрэцца з палітычнымі вязьнямі, у тым ліку зь Бяляцкім, і ўлады мусілі пагадзіцца. 25 верасьня 2012 году, у дзень народзінаў Алеся, да яго прыйшоў нунцый — адзіны, каго дапусьцілі да вязьня, апрача адвакатаў. Але ў кожным разе беларускае ўтрапеньне дапамагло Алесю Бяляцкаму тады — і дапаможа цяпер.

  • Алеся Бяляцкага затрымалі 14 ліпеня ў рамках крымінальнай справы паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 КК (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Тады сілавікі ўзялі таксама іншых «вясноўцаў» — Валянціна Стэфановіча і Ўладзімера Лабковіча.
  • 26 верасьня яму споўнілася 59 гадоў.
  • Алесь Бяляцкі — праваабаронца, літаратар, адзін з заснавальнікаў нефармальнага таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», сябра Аргкамітэту БНФ «Адраджэньне». Яго прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у мітынгу на Дзяды 30 кастрычніка 1988 году. У 1991- 1996 быў дэпутатам Менскага гарсавету. У 1996 узначаліў праваабарончую ініцыятыву «Вясна-96» (пазьней — «Вясна»).
  • Яго шматкроць затрымлівалі і судзілі за праваабарончую дзейнасьць. У жніўні 2011 быў арыштаваны і пазьней засуджаны за нібыта ўхіленьне ад выплаты падаткаў на 4,5 года пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Вырак, як і сам працэс, асудзіла міжнародная супольнасьць. У чэрвені 2014 быў датэрмінова вызвалены.