Гэтая справа стала беспрэцэдэнтнай у найноўшай гісторыі Беларусі. Розныя фэйкі пра апазыцыю і зброю ўлады выкарыстоўвалі і раней, але ў асноўным у прапагандысцкіх матэрыялах. І вось упершыню была распачата крымінальная справа па артыкуле аб стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня. Ёй спадарожнічала магутная інфармацыйная кампанія ў дзяржаўных мэдыях. Праз гэтую крымінальную «справу патрыётаў» прайшлі 36 асобаў, 30 былі затрыманыя і пасядзелі за кратамі.
І спыненьнем справы ўлады фактычна ўпершыню прызналі, што яна была фальсыфікаваная. Гэта значыць, што грамадзкасьць падманвалі ўсе: і сам Лукашэнка, і КДБ, і БТ, і «Советская Белорусcия».
Я прагназаваў, што справу спыняць пазьней, праз год-два, калі грамадзтва забудзе ўсе «выкрывальніцкія» дакумэнтальныя фільмы па БТ і артыкулы ў дзяржаўных газэтах. Але памыліўся ў тэрмінах.
Чаму справу спынілі, не давялі да суду? Найперш таму, што яна выканала сваю палітычную ролю: запужаць насельніцтва, зьбіць хвалю пратэстаў.
Увогуле, ва ўладаў не было добрага выйсьця з той сытуацыі, у якую яны самі сябе загналі. Можна было давесьці справу да суду, пакараць «злачынцаў», каб усім даказаць, што «нашы органы не памыляюцца». Але выдаткі ад такога сцэнару былі вялікія. Зьяўленьне новых палітвязьняў выклікала б новыя непаразуменьні з Захадам, нават калі б фігурантаў прысудзілі да ўмоўнага пакараньня.
Калі зладзіць адкрыты судовы працэс, то незалежныя мэдыі кожны дзень апавяшчалі б грамадзтва, што ў сьледзтва няма ніякіх доказаў злачынства, уся справа створаная на пустым месцы.
Можна было зрабіць закрыты судовы працэс. Але ж усе матэрыялы, якія нібыта выявіла сьледзтва, былі паказаныя па БТ, надрукаваныя ў «Советской Белоруссии». І як тады патлумачыць, навошта патрэбен закрыты судовы працэс?
Урэшце вырашылі, што лепш спыніць справу. Але і тут палітычныя выдаткі выяўляюцца немалыя. Хоць памяць на палітычную інфармацыю ў большасьці абывацеляў кароткая, шмат хто ўжо і ня памятае, пра што гаворка, — тым ня менш, падзея гучная, інфармацыя пра яе зьявілася ў момант, калі насельніцтва было моцна палітызаванае. Таму сьлед у масавай сьвядомасьці ўсё ж застанецца, і сьлед для ўладаў нэгатыўны.
Бо ўся гэтая фэйкавая гісторыя разбурае давер да асноўных дзяржаўных інстытутаў. Высьвятляецца, што нельга верыць ні прэзыдэнту, ні КДБ, ні Сьледчаму камітэту, ні БТ, ні галоўнай прэзыдэнцкай газэце. Цікава, што інфармацыя пра спыненьне гэтай справы зьявілася якраз у момант, калі КДБ разгортвае кампанію наконт украінскіх шпіёнаў. Дык ці вялікі будзе давер да ўсёй гэтай шпіёнскай гісторыі?
Можна пагадзіцца зь меркаваньнямі калегаў наконт высноваў з гэтай справы. Аляксандар Класкоўскі: «Улада амаральная. Закону няма. Ворагам народу могуць зрабіць любога». Анджэй Пачобут: «Уладзе ўжо ня трэба, каб ёй верылі... Уладзе трэба, каб яе баяліся».
На мой погляд, справа «Белага легіёну» ў чыстым выглядзе сьведчыць, што ўсе дзяржаўныя інстытуты працуюць самі на сябе, на самазахаваньне існага рэжыму. Паколькі ўся гэтая кампанія ўзьнікла ў момант шырокіх народных пратэстаў, то ў масавай сьвядомасьці адкладзецца, што ўлады гатовыя на ўсё, каб абараніць сябе ад законных патрабаваньняў людзей. А калі так, то ня варта патрабаваць ад грамадзян элемэнтарнай ляяльнасьці. Гэта можа выявіцца ў рознай форме і зусім нечакана. Магчыма, напрыклад, людзі не захочуць прыходзіць нават на прэзыдэнцкія выбары, чаго раней не назіралася.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.