Былы гендырэктар аб’яднаньня «Барысаўдрэў» Уладзімер Мальцаў ня стаў абскарджваць у парадку нагляду рашэньне Вярхоўнага суду, які пакінуў яму з ранейшага прысуду 1,5 года зьняволеньня, бо разьлічвае на амністыю 2015 году.
Жонка Ўладзімера Мальцава Алена спадзяецца, што яе муж пасьля ўжываньня да яго амністыі выйдзе на волю ўжо ў чэрвені. 11 траўня Ўладзімер Мальцаў упершыню пазваніў жонцы з магілёўскай калёніі, паведаміла Алена Мальцава карэспандэнту Свабоды.
«Ёсьць шанец на хуткае вызваленьне, і мы вырашылі яго скарыстаць. А тое, што застанецца судзімасьць — ну што зробіш? Нічога. Учора раздаўся тэлефонны званок, а я не адразу яго і пазнала. Кажа: „Не пужайся, гэта я званю“. Упершыню званіў. Голас у яго спакойны, ён у добрым настроі. Усё ж можа ўжо выходзіць на сьвежае паветра сам, а не сядзіць у чатырох сьценах у сьледчым ізалятары. Яго этапавалі ў 15-ю калёнію ў Магілёве, якая, дарэчы, спэцыялізуецца на дрэваапрацоўцы — а гэта якраз ягоная спэцыялізацыя. Мяркую, бяз працы ён бы там не застаўся, але пакуль яшчэ ў каранціне, а тады і амністыя пачнецца. Пад амністыю, якая прымеркаваная да 70-годзьдзя Перамогі, ён дакладна падпадае, як сказаў адвакат. Застанецца дачакацца паседжаньня камісіі, якая ў калёніі разглядае справы асуджаных, і выйдзе на волю. Мяркую, да дня нараджэньня сына — 8 чэрвеня — гэта адбудзецца, але тут усё будзе залежаць ад адміністрацыі калёніі. Бо там не адначасова ўсіх амніставаных вызваляюць, а нейкімі хвалямі. Ужо думаю, як яго сустракаць, што прыгатаваць для адзначэньня. Мы тут усе яго вельмі чакаем і рыхтуемся сустракаць».
Хаджу цяпер па доме, уключаю тэлевізар ці мікрахвалёўку — і ня верыцца, што гэта зноў наша ўласнасьць, а не апісаная маёмасьць
У канцы 2014 году Менскі абласны суд асудзіў Уладзімера Мальцава на 3 гады зьняволеньня за службовыя злоўжываньні са спагнаньнем каля 3 мільярдаў рублёў кампэнсацыі нібыта за страты, нанесеныя дзяржаве пры мадэрнізацыі «Барысаўдрэва». Экс-дырэктар сваёй віны не прызнаў і аспрэчыў рашэньне ў Вярхоўным судзе. У красавіку Вярхоўны суд часткова задаволіў скаргу Ўладзімера Мальцава. Зьняволеньне яму зьменшылі да 2,5 года і ўжылі амністыю 2014 году, паводле якой з тэрміну зьнялі яшчэ год. Таксама Вярхоўны суд скасаваў кампэнсацыю Мальцавым грашовых стратаў.
«Хаджу цяпер па доме, уключаю тэлевізар ці мікрахвалёўку — і ня верыцца, што гэта зноў наша ўласнасьць, а не апісаная маёмасьць, якая засталася ў доме на захаваньне», — кажа Алена Мальцава.
Былы гендырэктар «Барысаўдрэва» Ўладзімер Мальцаў за кратамі зь лютага 2014 году. У судзе Ўладзімер Мальцаў так і не прызнаў сябе вінаватым.
13 траўня Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу мае разгледзець законапраект аб амністыі, прымеркаванай да 70-й гадавіны Перамогі.