Ва ўрадзе толькі адзін новы міністар — гандлю. Лідэр прадпрымальнікаў: гэтае міністэрства — лішняе

Уладзімер Калтовіч

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прызначыў новы ўрад. У ім засталіся ўсе ранейшыя віцэ-прэм’еры і міністры, апроч аднаго — міністра гандлю. На гэтую пасаду замест Валянціна Чэканава прызначаны Ўладзімер Калтовіч, які займаў пасаду дарадцы-пасланьніка пасольства Беларусі ў Расейскай Фэдэрацыі.

Уладзімер Калтовіч нарадзіўся ў 1966 годзе ў горадзе Чэрвень Менскай вобласьці. Дагэтуль працаваў на шэрагу пасадаў, у тым ліку быў намесьнікам дырэктара ва ўнівэрмагу «Беларусь» і гандлёвым доме «На Нямізе», першым намесьнікам міністра гандлю, намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму. У 2012 годзе быў прызначаны дарадцам-пасланьнікам пасольства Беларусі ў Расеі.

У 2012 годзе Калтовіч, які працаваў намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму, паведаміў пра двухмесячную забарону продажу пладовых мацаваных вінаў у сталічных крамах. Гэта было выклікана ростам спажываньня гэтага напою насельніцтвам.

Таксама Калтовіч займаўся правядзеньнем сельгаскірмашоў у Менску, якія набылі, паводле ягоных слоў, сацыяльны характар.

Таксама падчас працы Калтовіча ў Менгарвыканаме адбывалася закрыцьцё Чэрвеньскага рынку на старым месцы.

Камэнтуючы карэспандэнту Свабоды прызначэньне Ўладзімера Калтовіча міністрам гандлю, лідэр аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка адзначыў:

«Мы яшчэ некалькі гадоў таму казалі пра тое, што міністэрства гандлю — гэта лішні орган, ад якога трэба пазбавіцца. Яго трэба ліквідаваць. Ня мае значэньня, хто будзе ўзначальваць гэты рэгулятар. Бо сыстэма будзе працаваць. Міністэрства гандлю будзе заўзята выконваць тыя функцыі, якія сёньня ўжо выконвае — зачыняць, правяраць, кантраляваць, штрафаваць. Ну і прыдумляць нешта новае ў гэтым пляне. Таму ня мае значэньня, хто будзе ўзначальваць гэта ведамства, мае значэньне тая сыстэма, на якой яно пабудавана. А ўсё памяняецца тады, калі яго ліквідуюць. А сёньня мы бачым, як яны зачыняюць крамы, як яны кантралююць».