Менск на гэтым тыдні наведаюць прадстаўнікі Эўразьвязу, Эўрапарлямэнту і Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Гэта спэцдакладчык ПАРЭ Андрэа Рыгоні, намесьнік старшыні групы Эўрапейскай народнай партыі ў Эўрапарлямэнце Сандра Калніэтэ і намесьнік генсакратара Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Хэльга Шмід.
У іх заплянаваныя сустрэчы з прадстаўнікамі афіцыйнага Менску і апазыцыяй.
Як паведамляе сайт ucpb.org, у старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі заплянаваныя сустрэчы з Андрэа Рыгоні і Сандрай Калніэтэ. Сутракацца з Сандрай Калніэтэ будуць таксама старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, лідэры руху «За Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч і грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Уладзімер Някляеў, а таксама сустаршыня аргкамітэта па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец. Аднак заплянаваная на 24 лютага сустрэча з Хэльгай Шміт адмененая па невядомых прычынах.
«Тыдзень адкрытых дзьвярэй праводзяць улады для эўрапэйскiх структур. Прадстаунiкi ЭЗ, ПАРЭ, Эўрапарлямэнта наведаюць Менск. Бадай упершыню за 20 гадоў iнiцыятыва тут належыць Чырвонаму дому, i гэта ёсьць новы выклiк грамадзянскай супольнасьцi i прыхiльнiкам пераменаў. Але ёсьць адчуваньне, што ня ўсе разумеюць, што ў карэце мiнулага далека не заедзеш», — напісаў Лябедзька на сваёй старонцы ў фэйсбуку.