Такую думку Радыё Свабода выказаў намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.
Большасьць сайтаў, якія былі заблякаваныя цягам апошніх двух тыдняў, цяпер ужо ня маюць праблемаў з доступам.
Паводле стану на раніцу 31 сьнежня застаюцца заблякаванымі два сайты — belaruspartizan.org і udf.by.
Падводзячы папярэднія вынікі атакі ўладаў на незалежныя рэсурсы, Андрэй Бастунец выказвае думку, што гэтыя падзеі перш за ўсё былі зьвязаныя зь цяперашнім фінансавым крызісам у краіне.
«Здаецца, гэта была такая рэпэтыцыя таго, як можа выглядаць мэдыйная прастора Беларусі пасьля таго, як уступіць у сілу Закон аб СМІ. Але галоўным усё ж такі было тое, што падчас фінансава-эканамічнага крызісу трэба было блякаваць распаўсюд той інфармацыі, якая непажаданая ўладам», — кажа ён.
Гэтыя захады ўлады, на думку Бастунца, павінны прымусіць журналістаў да самацэнзуры.
«Мне здаецца, што, на думку ўладаў, СМІ мусяць задумацца пра самацэнзуру — якія матэрыялы можна даваць, а якія не. На мой погляд, беларуская журналістыка не павінна паддавацца гэтаму ціску — яна павінна заставацца журналістыкай», — мяркуе намесьнік старшыні БАЖ.
Прагнозы наконт умоваў працы СМІ падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году Бастунец рабіць не бярэцца. Досьвед мінулых кампаніяў сьведчыць пра тое, што падчас кампаніі могуць быць нават больш свабодныя ўмовы працы журналістаў, а закручваньне гаек адбудзецца ўжо пасьля выбараў.
«Нават больш свабоды мэдыяў бывала — маўляў, потым разьбярэмся, пасьля таго як выбары скончацца. Бо выбары — гэта яшчэ і час, калі ўвага назіральнікаў прыцягнутая да краіны. Але як будзе гэтым разам, сказаць вельмі цяжка», — канстатуе ён.
Праблемы з доступам да незалежных сайтаў пачаліся 19 сьнежня. Былі заблякаваныя сайты belaruspartizan.org, udf.by, 21.by, gazetaby.com, zautra.by, onliner.by, charter97.org, belapan.by, naviny.by.
Афіцыйна ўлады пацьвердзілі толькі адключэньне onliner.by. Паведамлялася, што Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце Беларусі прыняў рашэньне аб выключэньні onliner.by з рэестру нацыянальнай дамэннай зоны за парушэньне заканадаўства аб гандлі.
Між тым экспэрты не сумняюцца, што часовае блякаваньне астатніх незалежных рэсурсаў — гэта таксама вынік дзеяньняў уладаў.
Блякаваньне сайтаў незалежных СМІ пачалося праз два дні пасьля нечаканага прыняцьця Палатай прадстаўнікоў паправак у Закон аб СМІ. Галоўная навацыя — распаўсюджваньне дзеяньня Закону аб СМІ на інтэрнэт-выданьні. Папраўкі не прадугледжваюць дзяржаўнай рэгістрацыі інтэрнэт-СМІ, але ўлады будуць абмяжоўваць доступ да сайтаў, якія на працягу году атрымалі два і больш пісьмовых папярэджаньняў за распаўсюд інфармацыі, якая парушае нормы заканадаўства. Папраўкі ў Закон аб СМІ пачнуць дзейнічаць з 1 студзеня.