Каб аднавіць прыродны парк «Сьвятыя горы» ва Ўкраіне пасьля вайны, спатрэбяцца намаганьні пакаленьняў

Пажарнік тушыць рэшткі пажару ў лесе каля Яравой у нацыянальным прыродным парку «Сьвятыя горы» ў ліпені

У 2022 годзе Лідзія Пракапенка ўпершыню за 34 гады настаўніцкай працы не прывітала сваіх першаклясьнікаў. Яе пачатковую школу ва ўсходняй Украіне зачынілі, і яна мусіла датэрмінова выйсьці на пэнсію — з прычыны поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня. Яе гісторыю апісвае ўкраінская служба Свабоды.

Родная вёска Лідзіі Пракапенкі, Студзянок, ляжыць усяго за некалькі кілямэтраў ад Нацыянальнага прыроднага парку «Сьвятыя горы». Пасьля зацятых баёў расейскія войскі захапілі ягоныя лясістыя скалы. Калі ў верасьні 2022 году ўкраінскія сілы вярнулі парк, там усё было абвуглена, усеяна варонкамі ад снарадаў, перарыта акопамі і траншэямі.

Да таго ж парк быў усыпаны наземнымі мінамі і неразарванымі боепрыпасамі, ад якіх праз два гады, пасьля расейскага авіяўдару ў верасьні, разгарэўся найбуйнейшы лясны пажар у гісторыі «Сьвятых Гор». Пажарныя каманды не маглі справіцца з агнём на працягу васьмі дзён, ён выпаліў 7000 гектараў парку і ўрэшце забраў і дом Лідзіі Пракапенкі, і большую частку яе вёскі.

«Агонь разыходзіўся так хутка. Такія вялізныя вогненныя шары лёталі ў паветры… што наш дом не ўдалося выратаваць», — сказала яна. Цяпер яна жыве ў суседзяў, і становіцца ўсё менш імаверным, што 64-гадовая былая настаўніца дажыве да аднаўленьня парку «Сьвятыя Горы».

Лідзія Пракапенка перад сваім домам, які згарэў ад ляснога пажару

Дырэктар парку Сяргей Прыймачук і іншыя ўкраінскія чыноўнікі кажуць, што цяжка сур’ёзна разглядаць магчымасьць аднаўленьня «Сьвятых Гор» або любой іншай экасыстэмы да заканчэньня ваенных дзеяньняў — і нават тады гэта, верагодна, зойме дзесяцігодзьдзі. Парк месьціцца ў паўночнай частцы Данецкай вобласьці, якая з 2014 году была часткова акупаваная падтрыманымі Расеяй сіламі і дзе дагэтуль вядуцца цяжкія баі.

Украінскі эколяг Уладзімір Яроцкі, пераасэнсоўваючы ідэю «эфэкту матылька» і непрадбачаных наступстваў, кажа: «Гэта ўжо ня „ўзмах крыла“, гэта сапраўды даволі значны ўплыў на навакольнае асяродзьдзе».

Абвінавачаньні ў экацыдзе

Паводле зьвестак грамадзкай арганізацыі «Ўсеўкраінская экалягічная ліга», ад пачатку расейскага ўварваньня колькасьць зьнішчанага агнём лесу ва Ўкраіне вырасла ў 30 разоў.

Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя кажа, што канфлікт зьнішчыў 800 000 гектараў украінскага лесу, 2400 зь якіх цяпер пад расейскай акупацыяй. У тых месцах, кажуць экспэрты, расейскія войскі ня толькі рылі траншэі, але і вялі лесапавал.

«З агульнай плошчы ўкраінскіх лясоў у 10,4 мільёна гектараў амаль 3 мільёны гектараў лясоў пацярпелі ад баявых дзеяньняў», — заявіла нядаўна Ўкраінскай службе Радыё Свабода намесьніца міністра аховы навакольнага асяродзьдзя Алена Крамарэнка. — «Толькі ўявіце, што [тэрыторыя памерам у] тры чвэрці Швайцарыі была выпалена або зьнішчана траншэямі».

Украіна працуе над тым, каб прыцягнуць Расею да адказнасьці за такія разбурэньні ў выніку ўварваньня, у тым ліку за дзеяньні, якія, на думку Кіева, становяць экацыд — незаконныя або неабдуманыя дзеяньні, учыненыя з усьведамленьнем, што яны могуць зь вялікай імавернасьцю нанесьці цяжкую, шырокамаштабную або доўгатрывалую шкоду навакольнаму асяродзьдзю. Генпракуратура Ўкраіны ўжо расьсьледуе 14 спраў паводле артыкула Крымінальнага кодэксу аб экацыдзе, у тым ліку пра рэзанансныя разбурэньні ў выніку выбуху Кахоўскай плаціны на поўдні Ўкраіны ў чэрвені 2023 году.

Афіцыйныя асобы кажуць, што з кожным днём поўнамаштабнага ўварваньня, якое нядаўна перасягнула адзнаку 1000 дзён, экалягічны крызіс ва Ўкраіне абвастраецца.

Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя ацэньвае шкоду, нанесеную парку «Сьвятыя горы» на дадзены момант, больш як у 16 мільярдаў грыўняў (385 мільёнаў даляраў). Больш дакладная карціна зьявіцца толькі пасьля таго, як вайна скончыцца і ў парку зьняшкодзяць усю выбухоўку.

Алена Крамарэнка кажа, што з правага берагу ракі Сіверскі Данец, якая віецца праз парк, «лес выглядае больш чорным, чым зялёным». Прычына — пажары.

«Зямля і паветра забруджаныя, — кажа дырэктар парку Прыймачук, — насякомым і птушкам няма дзе жыць».

Праваслаўны манастыр Сьвята-Ўсьпенская Сьвятагорская лаўра. Від з разбуранага моста цераз раку Сіверскі Данец у горадзе Сьвятагорску, кастрычнік 2022 году

Уладзімір Яроцкі, навуковы супрацоўнік Нацыянальнага прыроднага парку «Краменскія лясы» ў суседняй Луганскай вобласьці, адзначае, што на Сьвятых гарах больш не засталося кажаноў. «Яны выконвалі важную функцыю ў лесе: елі тых самых насякомых, якія могуць быць небясьпечнымі для дрэў у час рэпрадукцыі», — сказаў ён Свабодзе.

Буйнейшыя жывёлы загінулі або ўцяклі з раёнаў інтэнсіўных баёў на пачатку ўварваньня, сказаў Яроцкі. Відаць, пра гэта сьведчыць рост папуляцыі ласёў і аленяў у Дняпроўска-Арыльскім запаведніку, што на захадзе адгэтуль. Гэта заганная пасьлядоўнасьць, сказаў ён: «Зьнікае расьліннасьць — зьнікаюць мышападобныя грызуны. Няма грызуноў — няма харчовай базы для [буйнейшых] драпежнікаў».

А калі расьліннасьць зноў зьяўвіцца, дадае Яроцкі, то папуляцыі грызуноў пры адсутнасьці драпежнікаў, якія кантралююць іх колькасьць, будуць хутка расьці і распаўсюджваць хваробы, у тым ліку сярод людзей.

Каб аднавіць, спатрэбяцца пакаленьні

Раней сёлета Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя абвясьціла аб пляне аднаўленьня пашкоджаных участкаў парку «Сьвятыя горы». Але потым пачаўся моцны пажар, і ад плянаў прыйшлося адмовіцца або зьмяніць іх, бо фронт блізка, і расейскае войска працягвае наступ.

Калі баявыя дзеяньні скончацца заўтра, то, па словах кіраўніка ДЛГУ «Ліманскі лясгас» Аляксея Прыходзькі, на аднаўленьне тутэйшых лясоў да даваеннага стану спатрэбіцца яшчэ 50–70 гадоў. Але ён і эколягі, якія размаўлялі з Радыё Свабода, заявілі, што праца можа пачацца толькі тады, калі будзе вырашана больш актуальная праблема мінаў. Агенцтва Reuters паведаміла, што ад абстрэлаў або падрываў мінаў у парку загінулі сама менш 14 палясоўшчыкаў. Міністэрства навакольнага асяродзьдзя адмовілася даць абноўленую лічбу, спаслаўшыся на ваенную таямніцу.

Наступствы пажару ў нацыянальным парку

На сёньня Дзяржаўнай службе надзвычайных сытуацый Украіны (ДСНС) удалося ачысьціць ад выбуховых прыладаў толькі каля 2% парку «Сьвятыя горы», па якім сям-там раскіданыя малыя паселішчы.

«Згодна з заявамі Мінпрыроды і Мінабароны, разьмінаваньне лясоў пачнецца не раней як праз 10 гадоў», — паведаміў дырэктар Рэгіянальнага Ўсходнеэўрапейскага цэнтру маніторынгу пажараў Сяргей Зібцаў. «Бо, скажам, на 10 гадоў у нас ёсьць работы [па разьмінаваньні] на палях і паселішчах, на дарогах; праз 10 гадоў тыя мясьціны, якія пасьля пажару былі адноўленыя пасадкамі, зарастуць да такой ступені, што гэта будуць практычна гушчары».

Як кажа Зібцаў, ня выключана, што «Сьвятыя горы» ніколі ня будуць цалкам разьмінаваныя. Ён прыводзіць прыклады некаторых балканскіх краінаў, дзе пасьля войнаў, якімі суправаджаўся распад Югаславіі, у небясьпечныя зоны проста забаранілі доступ. «Абгарадзілі тыя лясы, і ўсё», — сказаў Зібцаў.

Але ён жа дадае, што хоць небясьпека мінаў у нацыянальным парку можа захоўвацца як мінімум яшчэ дзесяць гадоў, прырода можа аднавіцца самастойна, калі яе пакінуць на волю лёсу.

«Калі спытаць многіх людзей, кіраўнікоў, ці адновіцца гэты лес, то ў большасьці выпадкаў яны скажуць, што не, не адновіцца, лес трэба саджаць», — сказаў адмыслоўца.

«Гэта няпраўда. Ён адновіцца [сам па сабе]; проста спатрэбіцца больш часу».