Аляксандар Лукашэнка падпісаў 22 верасьня ўказ №345 «Аб разьвіцьці гандлю, грамадзкага харчаваньня і бытавога абслугоўваньня». Тэкст указу яшчэ не апублікаваны.
Паводле камэнтару на Pravo.by, указ скіраваны на разьвіцьцё гандлю і паслугаў у сельскай мясцовасьці і ў мястэчках насельніцтвам да 10 тысяч чалавек. Ён дазваляе ўсталёўваць на пэўных тэрыторыях асаблівы рэжым абкладаньня падаткамі — 6% падатку на прыбытак для прадпрыемстваў і адзіны падатак для прадпрымальнікаў у памеры 1 базавай велічыні (23 рублі на момант публікацыі). Дазволеныя і «іншыя» неназваныя спрошчаныя ўмовы для гандлю і паслугаў на сяле і ў мястэчках.
Ад падатку на даданую вартасьць, падатку на нерухомасьць, зямельнага падатку і арэнднай платы за зямельныя ўчасткі ў дзяржаўнай уласнасьці на «льготных» тэрыторыях могуць вызваляць.
Якія менавіта сёлы і мястэчкі будуць атрымліваць спрошчаныя схемы для гандлю і паслугаў, мае вырашыць Савет міністраў.
Нядаўна Лукашэнка таксама падпісаў указы аб стварэньні службаў падатковага кансультаваньня і аб «легалізацыі» асобных відаў дзейнасьці фізычных асобаў, што «ажыцьцяўляюцца ў хатніх умовах».
Як казаў Свабодзе старшыня прэзыдыюму Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва і Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў Уладзімер Карагін, гэта складнікі дэкрэту аб разьвіцьці прадпрымальніцтва, які рыхтаваўся з удзелам канфэдэрацыі, адзін зь дзясятка ўказаў сумарным аб’ёмам у 1300 старонак. Падпісаць усе дакумэнты Лукашэнка, як мяркуецца, мае да 1 кастрычніка.
Але Карагін адзначаў, што хоць ва ўказах будзе шмат карыснага для прадпрымальнікаў, гэтага недастаткова, таму што Беларусі патрэбны справядлівы і адкрыты суд, дэкрыміналізацыя гаспадарчай дзейнасьці, «афшорная амністыя» і іншыя рэформы — тады, казаў ён, малы бізнэс можа даць Беларусі не 30% валавога ўнутранага прадукту, а ўсе 50%.