Закупленае за валютны крэдыт яшчэ ў 2011 годзе абсталяваньне «не падышло па памерах» і гадамі проста стаяла на птушкафабрыцы. Сама птушкафабрыка на мяжы закрыцьця, людзі там атрымліваюць па 300 тысяч, а абсталяваньне перадалі ў новую гаспадарку.
Хто ўжо там плёткі водзіць?
«З абсталяваньнем туды ня лезьце, там пытаньне вырашанае... Вам яно трэба? Там ужо КДБ працавала. Абсталяваньне ўжо ўсталяванае ў Хальчы, там пабудаваная новая фабрыка, хто там якія ўжо плёткі водзіць!?» — так рэагуюць у Камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаваньні на спробу даведацца, што стала з закупленым на валютны крэдыт абсталяваньнем.
Работнікі зьвярталіся да ўсіх мясцовых уладаў, у Адміністрацыю прэзыдэнта, рэспубліканскі камітэт дзяржаўнага кантролю — але вярнуць ім працу і патлумачыць, як фабрыка прыйшла ў заняпад, ня можа ніхто. Між тым з фабрыкі ўжо звольненыя дзьве траціны калектыву. Як паведамілі ў Жлобінскім камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаваньні, раней там працаваў 151 чалавек.
«Я 10 год тут прапрацавала, аніводнага бальнічнага, аніводнага прагула. І мяне вось так на вуліцу?!»
«З траўня трынаццаць чалавек выгналі з забойнага. Муж атрымаў 3 мільёны. У мяне трое дзяцей. Мне нават „на каравай“ няма чаго пакласьці, у дачкі вясельле зараз!»
«Я тут працую з 86 года! Усё жыцьцё! Мне два гады да пэнсіі. Мы згодныя ў Жлобіне на любую працу, разумееце? Наша фабрыка квітнела калісьці. Усё было! Я ж не прэтэндую ў кантору. Я ўсё жыцьцё птушніцай працавала. Я дворнікам пайду, мне трэба два гады да пэнсіі недзе перабыць. Што мне, дзецям на плечы сесьці?»
Такіх гісторый жанчыны, якія сталі галоўнымі ахвярамі крызісу на птушкафабрыцы, распавядаюць дзясяткамі.
Дырэктар птушкафабрыкі Васіль Клімянок на просьбу працоўных пра гутарку, размаўляць зь імі не захацеў і загадаў пакінуць свой кабінэт проста ў прысутнасьці былога кандыдата і журналіста Радыё свабода.
«Ён з намі так заўжды абыходзіцца», — кажуць жанчыны. Працягваць працоўныя стасункі з тымі, у каго скончыліся кантракты, уласьнік птушкафабрыкі — Жлобінскі мясакамбінат — ня стаў.
Птушкафабрыка працуе з 1931 году. Уваходзіла ў склад дзяржаўнага абʼяднаньня «Белптушкапрам», а з 2010 году, пасьля яго рэарганізацыі, уласьнікам і заснавальнікам прадпрыемства стаў Жлобінскі мясакамбінат. Ён, у сваю чаргу, уваходзіць у склад холдынгу «Гомельская мяса-малочная кампанія». Кіраўніцтва холдынгу ад камэнтароў наконт сытуацыі на птушкафабрыцы адмовілася — да «прыняцьця канчатковага рашэньня».
У 2010 годзе птушкафабрыка заключыла кантракт на пакупку імпартнага абсталяваньня для цэху забою і перапрацоўкі птушкі. Яго закупілі за валютны крэдыт і паставілі на прадпрыемства ўвосень 2011 года. Праз год яго знайшоў там мясцовы дзяржкантроль. Абсталяваньне не было сабранае, не выкарыстоўвалася, і на яго не сплацілі мыта.
Кіраўнікі птушкафабрыкі тады патлумачылі, што абсталяваньне проста няма куды паставіць — цэх не адпавядае тэхналягічным парамэтрам, а новага яшчэ не пабудавалі. Жлобінскі камітэт дзяржкантролю ад камэнтароў адмовіўся, а самі работнікі не прыпомняць, каб хтосьці з кіраўніцтва быў хоць як-небудзь пакараны. Некаторыя дырэктары затрымліваліся на птушкафабрыцы ўсяго па некалькі месяцаў.
«Ляйчонак, Атрошчанка, Зубахін, Варабей...» — работніцы пералічаюць прозьвішчы дырэктараў толькі за апошнія гады. Пад прозьвішчам Ляйчонак у інтэрнэце можна знайсьці інвэстыцыйны праект за красавік 2010 года. Паводле яго на мадэрнізацыю фабрыкі трэба 16 мільёнаў даляраў.
Закупленае Жлобінскай фабрыкай абсталяваньне перадалі ці прадалі новай птушкафабрыцы ААТ «Хальч» у вёсцы Навасёлкі Веткаўскага раёну. Падрабязнасьці гэтай зьдзелкі камітэт па сельскай гаспадарцы камэнтаваць ня стаў.
Адпрацавалі працоўныя рэсурсы
Сёлета 1 сакавіка працу рэзьніцкага цэху спынілі. У адказе Камітэту дзяржаўнага кантролю на запыт работнікаў пішуць, што гэта адбылося «з-за неадпаведнасьці да ветэрынарна-санітарных патрабаваньняў, а таксама праз знаходжаньне дадзенага прадпрыемства ў санітарна-ахоўнай зоне ААТ „БМЗ“ ды паблізу жылой забудовы н.п. Саланое».
Начальнік упраўленьня сельскай гаспадаркі Жлобінскага выканкама Галіна Лявонава кажа, што працуе ўжо дзесяць год і «ня памятае, каб гэтая птушкафабрыка была прыбытковая»: «Вы ж разумееце, з савецкіх часоў фабрыка — вельмі старая. Там тэхналягічныя рэжымы і працэсы немагчыма вытрымаць па рэглямэнце».
На пытаньне, як жа фабрыка працавала ўсе гэтыя гады, супрацоўніца Камітэту па сельскай гаспадарцы і харчаваньні Гомельскага Аблвыканкаму Лідзія Харланава адказвае: «Вось так і працавала!»
Некаторы час птушку вазілі забіваць у суседнюю гаспадарку «Рассвет». Работніцы кажуць, што мясакамбінат нёс вялізныя страты на транспартныя выдаткі ды тое, што птушка «пераседжвала» у птушніках. Пры гэтым, сьцьвярджаюць рабочыя, на птушкафабрыцы чамусьці ўсталявалі новыя плястыкавыя вокны і дзьверы.
У камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаваньні Гомельскага абласнога камітэту запэўніваюць, што фабрыку захаваюць. «Мы выяжджалі на месца, створаная камісія, шукаем грошы, каб фабрыку адрамантаваць», — кажуць там.
Звольненыя людзі скардзяцца, што разьлічвалі на працяг кантрактаў. Працу ў Жлобіне знайсьці вельмі цяжка і патрабуюць хаця б кампэнсацыі. У выканкаме спасылаюцца на тое, што людзям прапанавалі працу ў падпарадкаваных мясакамбінату сельскагаспадарчых прадпрыемствах, і нават абяцаюць вазіць іх сваім транспартам, але людзі адмовіліся.
«Ніхто нам ніякага транспарту не прапаноўваў, — кажа Наста, якая толькі вярнулася на працу з адпачынку па доглядзе дзіцяці. — Я ў 5.40 устаю, каб мне дзіця ў сад адвезьці з аднаго канца горада ў іншы. Сад працуе да паловы шостай. Мне трэба за паўгадзіны пасьпець забраць дзіця з сада. Я адна. А ў калгас мяне завязуць? Як я буду з гэтым дзіцём? І яшчэ другое трэба ў школу адправіць...»
У такой жа сытуацыі 28-гадовая Ксенія, сама сірата, яна цяпер адна гадуе дваіх малых дзяцей:
«Я атрымлівала па 600-700 рублёў у месяц. Выжываем і дзеці, і я. Радня калі-нікалі дапаможа. Крэдыт трэба плаціць на машынку пральную. Суседка калі дапамагае. Кантракт у мяне да 4 студзеня. Ня ведаю, што далей будзе. Мы са Сьветлагорску прыяжджалі і а другой ночы, і а шостай ранку. 65 гадзінаў перапрацоўкі было, і мясакамбінат іх не залічыў. У іх бачыце, грошай няма».
«Адпрацавалі працоўныя рэсурсы, — па просьбе Радыё Свабода эканаміст Міхал Залескі камэнтуе гаспадарлівасьць кіраўнікоў птушкафабрыкі. — Начальства мае супярэчлівыя задачы — „и невинность соблюсти и капитал приобрести“. І ў яго не атрымліваецца. Таму што камуністы. Што можна зрабіць з гэтай фабрыкай? Розныя ёсьць варыянты — перадаць ад дзяржавы іншым людзям, якія зробяць у ёй што захочуць; пераўтварыць у іншы тып прадпрыемства; проста ліквідаваць. Але тыя людзі, якія на ёй працавалі, не павінныя пацярпець. Павінныя атрымаць кампэнсацыю і магчымасьць атрыманьня перакваліфікацыі, каб працягваць працаваць. Ім павінныя быць прапанаваныя працоўныя месцы. А з гэтым у нас сама кепска ў краіне, таму што ў катэгорыях „працоўных месцаў“ у нас начальства не разважае».