«Пераварот не атрымаўся». У Турэччыне арыштаваныя больш за 2800 мяцежнікаў

Турэцкая паліцыя арыштоўвае салдатаў на плошчы Таксім у Стамбуле

Прэмʼер-міністар Турэччыны Біналі Ілдырым заявіў пра затрыманьне больш як 2800 чалавек за датычнасьць да спробы дзяржаўнага перавароту ў краіне. Арышты працягваюцца, перадае Бі-бі-сі.

Ілдырым усклаў віну за мяцеж на «паралельныя структуры» ў войску, якія падтрымліваюць прапаведніка Мухамэда Фэтхулаха Гюлена. Гюлен, які лічыцца галоўным палітычным апанэнтам прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Эрдагана, раней абверг сваю датычнасьць да спробы перавароту.

Ілдырым таксама ня выключыў, што ў канстытуцыю краіны ў сувязі са спробай перавароту могуць быць унесены зьмены, якія вяртаюць сьмяротнае пакараньне.

Цяпер сытуацыя знаходзіцца цалкам пад кантролем турэцкіх уладаў, абʼявіў прэмʼер.

Рух па двух мастах праз Басфорскую пратоку ў Стамбуле адноўлены.

«Пэўнай частцы ўзброеных сіл, якія заўсёды ў Турэччыне стараліся захаваць сьвецкі лад жыцьця, не падабаецца тое, што адбываецца ў краіне, і яна вырашыла гэта зьмяніць. Але, здаецца, турэцкае кіраўніцтва ў значнай ступені пасьпела памяняць генэралітэт узброеных сілаў. Цяпер можна казаць, што пераварот не атрымаўся», — канстатаваў у камэнтары Свабодзе палітоляг-міжнароднік Андрэй Фёдараў.