Фільм паводле Быкава атрымаў Гран-пры «Лiстапада»

Кадар зь фільму

http://www.youtube.com/embed/T4-DGTYaLB4
Гран-пры «Золата „Лістапада“» за найлепшы фільм прысуджаны карціне «Ў тумане» рэжысэра Сяргея Лазьніцы, зьнятай па аднайменнай аповесьці Васіля Быкава.

Пра гэта 9 лістапада на ўрачыстай цырымоніі закрыцьця Менскага міжнароднага кінафэстывалю «Лістапад» паведаміў старшыня журы асноўнага конкурсу ігравога кіно, рэжысэр Андрэй Зьвягінцаў.

Гэта драма рэжысэра беларускага паходжаньня Сяргея Лазьніцы па аповесьці Васіля Быкава «Ў тумане».

Дзеяньні адбываюцца ў 1942 годзе ў акупаванай Беларусі. Пуцявога абходчыка Сушчэню ілжыва абвінавачваюць у супрацоўніцтве з акупантамі. Два партызаны прыходзяць на хутар да Сушчэні, каб пакараць яго.

Раней стужка «Ў тумане» была адзначаная на XXI Адкрытым фэстывалі кіно краінаў СНД, Латвіі, Літвы і Эстоніі «Кінашок-2012» ў Анапе.

Прыз за найлепшую мужчынскую ролю атрымаў беларускі актор Уладзімер Сьвірскі, выканаўца галоўнай ролі пуцявога абходчыка Сушчэні.

Сяргей Лазьніца

Фільм «У тумане» раней атрымаў прэстыжны прыз журы Міжнароднай фэдэрацыі кінапрэсы FIPRESCI на 65-м Міжнародным кінафэстывалі ў Канах, Гран-пры VI Міжнароднага кінафэстывалю імя Андрэя Таркоўскага «Люстэрка», прыз «Залаты абрыкос» на IX Міжнародным кінафэстывалі ў Ерэване і ўзнагароду Адэскага міжнароднага фэстывалю.

Рэжысэр фільму Сяргей Лазьніца нарадзіўся ў Баранавічах. Карціну зьнялі за 28 дзён у Латвіі. Гэта міжнародны кінапраект, яго ўдзельнікі — «Беларусьфільм», MA.JA.DE Fiction (Нямеччына), кінакампанія «Джы Пі» (Расея), Rija Films (Латвія), Lemming Film (Нідэрлянды), Фонд падтрымкі эўрапейскага кіно EURIMAGES.