У Сьветлагорску настаўніка-апазыцыянэра не бяруць на працу

Ігар Песікаў, архіўнае фота

Грамадзкі актывіст і праваабаронца са Сьветлагорску Ігар Песікаў судзіцца з раённым аддзелам адукацыі, а таксама з дырэкцыямі СДЮСШАР № 4 і мясцовай гімназіі.

«Кіраўнікі навучальных установаў неабгрунтавана адмаўляюць мне ў працаўладкаваньні, як я мяркую, з прычыны маёй актыўнай грамадзянскай пазыцыі. Гэта дыскрымінацыйныя адмовы ў пэдагагічнай працы. Таму я й зьвярнуўся ў суд», — тлумачыць пэдагог Песікаў.

У Ігара вышэйшая пэдагагічная адукацыя, ён настаўнік расейскай мовы й літаратуры. Апрача таго, ён прайшоў спэцпадрыхтоўку ў Акадэміі фізычнай культуры па спэцыяльнасьці «трэнэр водных відаў спорту», бо сам зь дзяцінства займаўся веславаньнем.

Да 2010-га Песікаў вучыў дзяцей плаваць на байдарках і каноэ. Калі ж стаў падымаць пытаньне пра гаротны стан вясьлярнай базы і выкарыстаньні сродкаў на яе разьвіцьцё не па прызначэньні, яго звольнілі нібыта за прагулы.

І хоць суд прызнаў звальненьне трэнэра незаконным і нават абавязаў наймальніка выплаціць кампэнсацыю маральнай шкоды, аднак вярнуцца на працу Песікаў ня змог — з надуманых прычын яму пастаянна адмаўлялі ў працаўладкаваньні. І ня толькі ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе.

Пэдагог стаў на ўлік у цэнтры занятасьці насельніцтва й рызыкаваў трапіць ужо ў сьпіс дармаедаў.

Улетку 2015 году Ігар Песікаў зьвярнуўся да старшыні Сьветлагорскага райвыканкаму Віктара Дарашэвіча з просьбай разабрацца ў сытуацыі й паспрыяць атрыманьню працы па спэцыяльнасьці хоць у якой установе адукацыі райцэнтру. Яму адказалі: ёсьць вакансія трэнэра ў СДЮСШАР № 4. Аднак і тут Песікаву, які мае дваццацігадовы трэнэрскі досьвед, адмовілі ў працаўладкаваньні.

Пазьней Ігар дазнаўся, што адкрылася вакансія пэдагога-арганізатара ў мясцовай гімназіі, але й тут атрымаў адмову.

Грамадзкі актывіст зьвярнуўся ў пракуратуру са скаргай, на якую прыйшоў адказ з управы адукацыі Гомельскага аблвыканкаму. У ёй, у прыватнасьці, напісана:

«Устаноўлена, што прычынай адмовы Вам у працаўладкаваньні пэдагогам-арганізатарам дырэктар гімназіі П.М. Кулакоўскі ўказаў „неадпаведнасьць кваліфікацыі“, што не адпавядае рэчаіснасьці. Вы маеце права зьвярнуцца ў суд і абскардзіць адмову дырэктара гімназіі ў заключэньні з Вамі працоўнай дамовы... За неабгрунтаваную адмову ў працаўладкаваньні, а таксама валакіту і фармалізм пры разглядзе Вашага звароту аб садзейнічаньні ў працаўладкаваньні начальнік аддзелу адукацыі, спорту і па справах моладзі Жанна Чэркас і дырэктар гімназіі Пётар Кулакоўскі прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасьці».

Даведаўшыся, што дзеяньні службоўцаў сыстэмы адукацыі атрымалі гэткую ацэнку, Ігар Песікаў і зьвярнуўся ў раённы суд.

18 студзеня будзе разглядацца ягоны пазоў да дырэкцыі СДЮСШАР № 4, а 19 студзеня — да раённага аддзелу адукацыі і дырэкцыі мясцовай гімназіі.