Партыя БНФ і «Моладзь БНФ» зьвярнуліся ў Вярхоўны Суд і Савет Міністраў Беларусі з нагоды прызначэньня міністрам адукацыі першага сакратара ЦК Камуністычнай партыі Беларусі Ігара Карпенкі. Актывісты лічаць, што гэтае прызначэньне парушае Канстытуцыю Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў заяве Партыі БНФ.
У БНФ лічаць, што ў сучаснай сыстэме дзяржаўнай улады Беларусі ўплыў міністра на зьмест і ідэалягічную сутнасьць адукацыі ў краіне — ад дашкольнага выхаваньня да вышэйшай адукацыі — зьяўляецца вызначальным. Таксама ў заяве агучваецца перасьцярога, што палітычная ідэалёгія, якой прытрымліваецца Ігар Карпенка (камунізм), можа стаць абавязковай для грамадзянаў, заангажаваных у сфэру адукацыі, — вучняў, студэнтаў, настаўнікаў, выкладчыкаў і кіраўнікоў навучальных установаў:
«Мы маем сур’ёзныя сумневы наконт таго, што дзейнасьць гэтага міністра, згодна зь ягонымі публічнымі заявамі цалкам адданага марксісцка-ленінскай ідэалёгіі, будзе адпавядаць палажэньням артыкулу 4 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: «Ідэалёгія палітычных партыяў, рэлігійных або іншых грамадзкіх аб’яднаньняў, сацыяльных групаў ня можа ўстанаўлівацца ў якасьці абавязковай для грамадзян».
БНФ нагадвае, што Карпенка шматкроць не дазваляў акцыі ў падтрымку незалежнасьці Беларусі, беларускай мовы ды культуры. Ён таксама абараняў захаваньне ў тапаніміцы гораду Менску вузкапартыйных камуністычных назваў цэнтральных вуліцаў — Камуністычнай, Камсамольскай, Маркса, Леніна — і ў той жа час блякаваў ініцыятывы наданьня імя Васіля Быкава вуліцам у Менску.
На ягоную ініцыятыву сярэднія навучальныя ўстановы былі вымушаныя падпісвацца на газэту «Коммунист Беларуси», якая зьяўляецца органам КПБ. Пры асабістым удзеле і з ініцыятывы Карпенкі адбылося ўсталяваньне помніка камуністычнаму дзеячу У. Леніну насупраць прахадной Менскага трактарнага заводу. Ён ініцыяваў кампанію забароны выкарыстаньня беларускай лацінкі ў надпісах у Менскім мэтрапалітэне.
Партыя БНФ просіць Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь унесьці ў Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь пытаньне аб правамернасьці прызначэньня Ігара Карпенкі міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь у сувязі з магчымай супярэчнасьцю гэтага прызначэньня артыкулу 4 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Моладзевае крыло Партыі БНФ — «Моладзь БНФ» — таксама асудзіла прызначэньне міністрам адукацыі Ігара Карпенкі.
У заяве, апублікаванай на сайце арганізацыі, сьцьвярджаецца, што гэтае прызначэньне «нясе небясьпеку ня толькі для сыстэмы адукацыі, але і для ўсяго беларускага грамадзтва».
«На адказную пасаду прызначаны чалавек, які ня ўтойвае сваіх беларусафобскіх поглядаў, дзейсна падтрымлівае аднаўленьне савецкай імпэрыі, а таксама зьяўляецца кіраўніком адыёзнай арганізацыі КПБ, якая ставіць за мэту ліквідацыю дзяржаўнага сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь».
Актывістаў турбуе, што новапрызначаны міністар ніколі ня меў дачыненьня да практычнай пэдагагічнай працы і будаваў сваю кар’еру выключна ў межах ідэалягічнай вэртыкалі.
«Ва ўмовах, калі беларуская адукацыя мае даўнія і сыстэмныя праблемы на ўсіх узроўнях, дзеля яе адраджэньня патрэбны якасныя і эфэктыўныя рэформы. Зьмест гэтага адбываецца прызначэньне на пасаду міністра адукацыі чалавека, шырока вядомага сваімі камуністычнымі поглядамі ў духу савецкай ідэалёгіі, дзеяньнямі, скіраванымі на абмежаваньні правоў і свабодаў грамадзян, а таксама прапагандай ідэалягічных пазыцыяў «русского мира».
Таксама «Моладзь БНФ» лічыць, што Ігар Карпенка ня здольны рэалізаваць далучэньне Беларусі да эўрапэйскай адукацыйнай прасторы ў межах Балёнскага працэсу.
«Ад новага міністра ня варта чакаць захадаў для забесьпячэньня канстытуцыйнага права беларусаў на атрыманьне адукацыі на роднай мове — наадварот, заявы і ўчынкі Ігара Карпенкі сьведчаць, што беларуская школа можа сутыкнуцца з новай хваляй русыфікацыі».
«Моладзь БНФ» рашуча пратэстуе супраць прызначэньня міністрам адукацыі кіраўніка Камуністычнай партыі, заяўляе пра недавер новаму прызначэнцу і заклікае беларускую пэдагагічную супольнасьць да пільнасьці і супраціву верагодным спробам насаджэньня Ігарам Карпенкам камуністычнай ідэалёгіі і русыфікатарства ў навучальных установах.