Міністар адукацыі Ігар Карпенка, да якога датэлефанаваўся карэспандэнт Свабоды, ня стаў камэнтаваць сваё прызначэньне на пасаду міністра.
Таксама ён не адказаў на пытаньні пра лёс беларускамоўнай адукацыі і падручнікаў па гісторыі.
«Давайце я хоць тыдзень увайду ў курс, крыху пагружуся, а потым адкажу. Праз тыдзень. Я іду па вуліцы, ну які тут адказ?»
А што раней казаў Ігар Карпенка?
Пра Фідэля Кастра
«Я перакананы, што Фідэль пакінуў надзвычай магутную тэарэтычную і практычную спадчыну, якая сёньня зьяўляецца ня толькі здабыткам кубінскага народу і здабыткам міжнароднага камуністычнага народнага руху, але яна зьяўляецца здабыткам усяго прагрэсіўнага чалавецтва», — цытуе Карпенку СТВ.
Пра помнік Леніну каля Менскага трактарнага заводу:
«І заканамерна, што помнік вярнуўся на сваё месца ў гэты сквэр». // СТВ
Пра школьную форму
Карпенка выказаўся за тое, каб Міністэрства адукацыі ўвяло абавязковую школьную форму.
«На жаль, пакуль усе нарматыўныя акты Міністэрства адукацыі адносна школьнай формы маюць толькі рэкамэндацыйны характар».
Пра заробкі настаўнікаў
«Сёньня настаўнік атрымлівае столькі ж, колькі шараговы чыноўнік у выканкаме». // kp.by
Пра Расею і Беларусь
«Пад Саюз Расеі і Беларусі закладзена лібэральная міна».
«Сучаснае расейскае кіраўніцтва — толькі камітэт, які кіруе агульнымі справамі буржуазіі». // rline.tv
Пра гісторыю
«Мы выступаем супраць таго, каб перакручвалі і перапісвалі нашу гісторыю. Прыкладаў у сьвеце мы бачым масу. Пачынаючы са зносу помнікаў і заканчваючы маршамі бандэраўцаў і «лясных братоў». // bdg.by
«Магчыма, трэба ўвесьці пэўную адказнасьць за фальсыфікацыю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны»
«Нельга дапусьціць, каб гістарычныя факты перакручваліся, каб ім надавалі зусім іншую афарбоўку, чужую большасьці беларусаў». // minsknews.by
Беларусь і лібэралы
«Капітал прагне ператварыць Беларусь у палігон сацыяльнай барацьбы»
«Мы мелі справу з новай спробай рэалізаваць у Беларусі сцэнар лібэральна-нацыяналістычнага рэваншу».
«Толькі дзякуючы палітычнай волі прэзыдэнта Беларусі Лукашэнкі рэфарматарскі запал лібэралаў быў астуджаны». // msk.kprf.ru
Пра тапонімы
Ігар Карпенка выказваўся супраць трансьлітарацыі назваў на аснове беларускай лацінкі і прапаноўваў перакладаць назвы станцыяў мэтро на расейскую мову.
«Я сваю думку выказваў на гэты конт, але ніякіх указаньняў на гэты конт не даваў. То бок ня трэба вешаць на мяне ўсіх сабак і казаць, што тут вінаваты Карпенка».