Працэс над 11 ашмянскімі мытнікамі, які з 18 лістапада ідзе ў Партызанскім судзе Менску, на нейкі час спыніўся.
Перапынак быў абвешчаны з прычыны хваробы судзьдзі Дзьмітрыя Супруна. Мяркуецца, што працэс адновіцца ў панядзелак, 28 лістапада.
Адзінаццаць ашмянскіх мытнікаў, у асноўным шарагоўцаў, судзяць за атрыманьне хабару ў вялікім памеры ў складзе групы. Кожнаму з падсудных інкрымінуюць сумы хабару ад 8 да 13 тысяч даляраў. Сямёра падсудных на першых пасяджэньнях прызналі віну часткова: што бралі грошы ад сваіх кіраўнікоў нібыта за тое, што бесперашкодна прапускалі празь мяжу аўтамабілі з кветкамі. Пры гэтым мытнікі зазначаюць, што не парушалі сваіх службовых абавязкаў падчас агляду гэтых аўтамабіляў.
Астатнія 4 мытнікі, у тым ліку краязнаўца з Астравеччыны Алесь Юркойць, сваёй віны не прызнаюць цалкам. Гэтыя мытнікі намераныя даказаць суду, што нічога ня ведалі пра дзейнасьць на мытні злачыннай групоўкі, якую, меркавана, стварылі некаторыя кіраўнікі мытні.
У судзе праходзіць допыт падсудных. Ужо быў дапытаны старэйшы інспэктар Аляксандр Лапейка, далей маюць дапытваць былога мытніка Віктара Страпко.
Паралельна ў Менскім абласным судзе праходзіць працэс над мытнікамі, якія займалі адказныя пасады ў кіраўніцтве Ашмянскай мытні.