Пасьля забойства ў Менску Алманбета Анапіяева, якога праваахоўныя органы Кіргізстану лічаць лідэрам арганізаванай злачыннай групоўкі, затрыманы яго паплечнік Гульжыгіт А., 1989 году нараджэньня.
Пра гэта кіргізскаму парталу «24.kg» паведаміў адвакат Даніяр Маманаў.
Гульжыгіт прыляцеў разам з Анапіяевым у Менск напярэдадні забойства. Адразу ж пасьля забойства ён зьнік.
«Яго знайшлі і цяпер дапытваюць. Ён пацьвердзіў, што прыляцеў у Беларусь разам з Анапіяевым. У Менску цяпер знаходзяцца жонка і брат майго падабароннага. Яны, як паведамлялася раней, апазналі труп Анапіяева. Але інфармацыя пра тое, што сёньня цела даставяць у Кіргізстан, заўчасная, бо яшчэ не гатовае заключэньне экспэртаў. Толькі пасьля правядзеньня ўсіх неабходных экспэртыз цела выдадуць сваякам, якія даставяць яго ў Кіргізстан», — сказаў адвакат.
Ён адзначыў, што сьледзтва мае намер высьветліць, дзеля чаго Алманбет Анапіяеў прыбыў у Менск. «Пакуль гэты момант застаецца незразумелым для родных і мяне, яго адваката», — сказаў юрыст.
Сёньня ж Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў, што труп мужчыны, выяўлены ў багажніку аўтамабіля прадстаўнічай клясы на вуліцы Карла Лібкнехта ў Менску, апазнаны адным са сваякоў.
Сьледчыя правялі працэдуру апазнаньня, падчас якой адзін са сваякоў апазнаў нябожчыка як Алманбета Анапіяева.
«Працэдура ідэнтыфікацыі працягваецца. Для выключэньня памылкі і канчатковага высьвятленьня асобы, а таксама прыняцьця рашэньня аб перадачы цела мужчыны сваякам неабходнае заключэньне генатыпаскапічнай экспэртызы, якая ў цяперашні час не завершана», — паведамляе Сьледчы камітэт.
Расьсьледаваньне крымінальнай справы працягваецца.
Алманбета Анапіяева знайшлі забітым у Менску 19 лютага. На целе ёсьць сьляды гвалту, сьмерць наступіла ад нажавых раненьняў.
Побач зь целам міліцыя знайшла пашпарт грамадзяніна Расеі на імя Алмазбека Шакірава. Устаноўлена, што гэты пашпарт фальшывы, а фатаздымак Шакірава быў заменены на фота Анапіяева, паведамляюць кіргіскія СМІ.
Раней з паведамленьня кіргіскай службы Радыё Свабода стала вядома, што ўлады Кіргізстану абвясьцілі Алманбета Анапіяева ў вышук і лічаць, што ён зьвязаны з братам былога прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева — Жанышам Бакіевым. Начальнік галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС Кіргізстану Мірлан Каніметаў паведаміў кіргіскай службе Радыё Свабода, што інфармацыя пра забойства «крымінальнага аўтарытэта» Алманбета Анапіяева была атрыманая і цяпер удакладняецца.
Жаныш Бакіеў знаходзіцца ў вышуку Інтэрпола па падазрэньні ў выкраданьні людзей, прычыненьні шкоды жыцьцю і здароўю, нацыянальных і міжнародных злачынствах.
Яшчэ ў 2010 годзе часовы ўрад Кіргізіі прызначыў грашовую ўзнагароду ў суме ад 20 да 100 тысяч даляраў ЗША за рэальнае садзеяньне ў тым, каб знайсьці і злавіць братоў Бакіевых.
Былы прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў атрымаў палітычны прытулак у Беларусі, улады Кіргізстану дамагаюцца яго выдачы. У Менску бачылі і брата экс-прэзыдэнта Жаныша Бакіева.