У Доме Ваньковіча ў межах «Месяца польскай літаратуры» прэзэнтавалі кнігу ўспамінаў Зыгмунта Мінейкі «З тайгі пад Акропаль. Успаміны з 1848–1866 гадоў» у перакладзе з польскай на беларускую мову Марыны Запартыкі.
Адкрыла прэзэнтацыю трыё «Вытокі» пад кіраўніцтвам Аляксея Фралова.
Намесьнік дырэктара Польскага інстытуту ў Менску Томаш Адамскі падзякаваў партнэрам — музэю Ваньковіча, Нацыянальнай бібліятэцы, выдавецтвам «Лімарыус», «Колас». Дырэктарка «Лімарыуса» Марына Шыбко нагадала, што гэта ўжо 17-я кніга «Бібліятэкі мэмуарнай літаратуры».
Арт-дырэктар выдавецтва «ЛогвінаЎ» Павал Касьцюкевіч заўважыў: «Беларуская і польская літаратура не ўзаемадзейнічаюць адна з адной, не перакладаюць адну адну, а прырастаюць адна адной».
Постаці Зыгмунта Мінейкі пісьменьнік і гісторык Уладзімер Арлоў прысьвяціў адмысловае эсэ ў кнізе «Імёны Свабоды», нагадаў Андрэй Хадановіч. Хадановіч назваў Мінейку «рамантыкам, ашмянскім графам Монтэ-Крыста». «Усё, што вынікае з мэмуараў Зыгмунта Мінейкі, супярэчыць зьвесткам зь „Вікіпэдыі“», — заўважыў ён.
Аляксандар Фядута зрабіў экскурс у гісторыю беларускай мэмуарыстыкі, якая пачыналася на старажытнабеларускай мове, а потым перайшла на польскую. Паводле яго, на беларускай мове мэмуары зьявіліся дзякуючы эмігрантам. Кніга Мінейкі будзе цікавая беларускім гістарычным раманістам і дзецям, якім бракуе гістарычнай прыгодніцкай прозы.
Перакладніца мэмуараў Зыгмунта Мінейкі Марына Запартыка расказала, што ідэя перакладу належыць прафэсару Адаму Мальдзісу. Спадар Мальдзіс прапанаваў ёй зрабіць пераклад яшчэ ў 2009 годзе, перакладала мэмуары яна адзін год, але толькі праз 8 гадоў кніга прыйшла да чытача ў друкаваным выглядзе. Сама кніга — гэта прыклад, наколькі цікавым можа быць лёс чалавека, кажа Марына Запартыка.
Навуковец Зьміцер Мацьвейчык кажа, што гісторыкам давядзецца прыкласьці шмат намаганьняў, каб разблытаць мэмуары Мінейкі, напісаныя праз 50 гадоў пасьля падзеяў: ува ўспамінах ёсьць нават элемэнты міталягізацыі. Паўстаньне 1863 году выбухнула нечакана. Але быў вельмі моцны ўздым насельніцтва, а зь іншага боку — неарганізаванасьць і негатовасьць паўстанцаў, не было стратэгіі дзеяньняў. Мінейка не адзіны, хто апісвае гэтую неарганізаванасьць. Паўстаньне мела няшмат шанцаў на перамогу. Так што Мінейку цалкам можна давяраць, падсумоўвае Зьміцер Мацьвейчык.
Мэмуары выпраўляюць чытача ў далёкае ХІХ стагодзьдзе, дзе ўсьлед за аўтарам можна прайсьці трывожнымі сьцежкамі паўстанцаў, перажыць неверагодныя выпрабаваньні і прыгоды з пагрозамі, уцёкамі, неспадзяванымі сустрэчамі, адчуць веліч патрыятычнага духу, мужнасьць і трагедыю пакаленьня той эпохі.
Зыгмунт Мінейка нарадзіўся ў 1840 годзе ў Балванішках Віленскай губэрні (цяпер Зялёны Бор Ашмянскага раёну), вучыўся ў вайсковай акадэміі ў Пецярбурзе, а па вяртаньні ў Беларусь далучыўся да актыўнага вызвольнага руху. Пазьней быў вымушаны зьехаць у Італію, дзе ў 1861 годзе пачаў выкладаць правілы фартыфікацыі.
У 1863 годзе вярнуўся на радзіму, браў удзел у бітве пад Грахавіскамі, арганізаваў партызанскі аддзел, стаў вайсковым начальнікам Ашмянскага павету. Быў асуджаны на павешаньне, але выкуплены матуляй за 9000 рублёў — павешаньне замянілі на катаргу ў Сыбіры. Па дарозе зьбег, уцёк у Галяндыю, затым у Францыю.
Пазьней Зыгмунт Мінейка будаваў масты і чыгункі ў Баўгарыі, Турэччыне і Грэцыі, удзельнічаў у франка-прускай вайне, змагаўся на баку Парыскай камуны. Урэшце заняўся археалёгіяй у Грэцыі. У 1921 і 1922 гадах наведваў Беларусь. Памёр у 1925 годзе ў Атэнах.
Ягоныя ўспаміны былі апублікаваныя ў 1971 годзе на польскай мове пад назвай «Z tajgi pod Akropol: Wspomnienia z lat 1848–1868».