Старшыня камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму Павал Лучыновіч сказаў журналістам, што трэба мяняць форму і мэтадалёгію грамадзкіх абмеркаваньняў горадабудаўнічых праектаў.
Паводле Лучыновіча, удзел грамадзянаў у распрацоўцы горадабудаўнічай дакумэнтацыі можа быць большым на пачатковым этапе, а не на канцавым, як гэта робіцца цяпер. Прычым даведвацца пра пазыцыю людзей трэба з дапамогай інтэрнэту.
Павал Лучыновіч мяркуе, што для ўзаемадзеяньня гараджан з уладамі трэба скарыстаць вопыт Расеі, Ўкраіны і Польшчы.
«Клясычная форма, як у нас, калі распрацоўваецца дэталёвы плян, потым ідзе прэзэнтацыя, часьцей за ўсё выклікае нэгатыўныя эмоцыі ў гараджан і паказвае адсутнасьць дыялёгу з жыхарамі», — цытуе Лучыновіча агенцтва «Минск-Новости».
Лучыновіч сказаў, што яго зацікавіў маскоўскі праект «Актыўны грамадзянін», у якім меркаваньні і галасы гараджан зьбіраюць праз інтэрнэт.
«Мы зацікаўленыя, каб горад правільна разьвіваўся і жыхары разумелі гэта і дапамагалі знаходзіць адказы, якіх мы ня ведаем, і вызначалі, у якім кірунку рухацца», — сказаў Лучыновіч.
Цягам апошніх гадоў у розных раёнах Менску гараджане выступаюць супраць меркаванага будаўніцтва. У лютым гэтага году абаронцы Курапатаў спынілі ўзьвядзеньне офіснага цэнтру каля мэмарыяльнага комплексу.
У жніўні жыхары Бараўлянаў стварылі намётавае мястэчка супраць высечкі лесу ў пасёлку.