На ўезьдзе ў Магілёў усталёўваюць сьвятлодыёдныя гербы горада без аднаго важнага яго элемэнту — Пагоні. На месцы, дзе павінен быць старадаўні беларускі герб — адтуліна. У прадпрыемстве «Магілёўсьвятло» заяўляюць, што ўштукаваць «Пагоню» ў гарадзкі герб тэхнічна немагчыма.
Між тым на афіцыйным сайце Магілёўскага гарвыканкаму пададзена, які павінен быць герб гораду. Само слова «Пагоня» ў тэксьце ня згадваецца, але апісваецца, як яна выглядае:
«Герб горада Магілёва ўяўляе сабою выяву на блакітным фоне барочнага шчыта трох срэбных вежаў, у адчыненай браме сярэдняй зь якіх знаходзіцца срэбраны рыцар у дасьпехах з паднятым над галавой мячом.Уверсе над брамай на ўсечаным па сваім падножжы круглым чырвоным шчыце пад дахам цэнтральнай вежы знаходзіцца срэбны ўзброены коньнік зь мячом і шчытом», — сказана ў афіцыйным апісаньні гарадзкога герба Магілёва.
Геральдычныя знакі на слупах лініяў электраперадач на Менскай шашы начэпліваюць як упрыгожаньні.
Праваабаронца Аляксей Колчын адным зь першых з магілёўцаў зьвярнуў увагу на адсутнасьць «Пагоні» ў гербе. На ягоную думку, не ўштукавалі беларускі сымбаль у гарадзкі герб сьвядома, і ў гэтым, кажа ён, небясьпека сытуацыі.
«З герба выкінутая гістарычна важная ягоная частка — „Пагоня“. Вядома, што беларускія ўлады з асьцярожнасьцю ставяцца да гэтай гістарычнай сымболікі. У тым, што выкінутая „Пагоня“, ёсьць палітычны падтэкст, і тое, што ў афіцыйна зацьверджаным гарадзкім сымбалі адсутнічае „Пагоня“ — гэта якраз мяне і зачапіла», — кажа праваабаронца.
«Такога кшталту ігнараваньне гістарычнай сымболікі — небясьпечныя гульні. Гэта прыводзіць да тых праблемаў, якія мы бачым на ўсходзе Ўкраіны, — мяркуе актывіст. — Калі да сваёй гістарычнай сымболікі пачынаюць ставіцца як не да сваёй, пачынаюць яе дзяліць на вартыя элемэнты і ня вартыя, то гэта прыводзіць да трагічных падзеяў».
Як заўважае Аляксей, тэхнічнай складанасьці ў тым, каб вырабіць для гарадзкога герба «Пагоню», няма, бо зрабілі ж, на ягоную думку, больш складаны элемэнт — выяву рыцара ў гербе. Пакуль праваабаронца спрабуе прыцягнуць увагу да праблемы, пішучы пра яе ў Фэйсбуку і на праваабарончых сайтах.
Усталяваньнем геральдычных знакаў займаецца магілёўскае прадпрыемства «Гарсьвятло». Там заяўляюць, што ніякага сьвядомага ігнараваньня і палітычных падтэкстаў у адсутнасьці «Пагоні» няма. Але вырабіць яе немагчыма:
«Коньніка зрабіць тэхнічна немагчыма. Мы над гэтым думалі. Некалькі варыянтаў спрабавалі. Зь цяжкасьцю зрабілі рыцара, што ўнізе. Каб не псаваць выгляд, мы вырашылі наагул не разьмяшчаць коньніка ў гербе. Зразумейце, пакуль няма такіх матэрыялаў, каб зрабіць коньніка. Калі вырабіць з таго, што ёсьць, замест яго будзе проста пляміна», — паведаміў прадстаўнік адміністрацыі.
Магілёўскі гісторык, сябра тапанімічнай камісіі пры Магілёўскім гарвыканкаме Ігар Пушкін таксама лічыць, што ўштукаваць Пагоню ў вывешаны як упрыгожаньне стылізаваны гарадзкі герб тэхнічна немагчыма. Хаця, заўважае навуковец, ёсьць рэглямэнт, якога неабходна трымацца.
«Гарадзкі герб афіцыйна зацьверджаны, і адпаведныя службы павінны сачыць за тым, каб сымбаль падаваўся бязь зьменаў. Як тэхнічна зрабіць немагчыма яго, то і ня варта брацца, бо ўносіць зьмены ў афіцыйна зацьверджаныя выявы нельга», — настойвае гісторык.
Герб гораду з «Пагоняй» зацьвердзіў сваім указам Аляксандар Лукашэнка ў 2005 годзе.
Прадпрыемства «Гарсьвятло» зьбіраецца вывесіць на слупах Менскай шашы 20 гербаў без «Пагоні». Дзесяць зь іх, як паведамляе Магілёўскі гарадзкі інфармацыйна-даведачны партал са спасылкай на кіраўніка «Гарсьвятла» Аляксандра Пашкевіча, ужо вывешаныя.
Цяперашні герб гораду гістарычны. У 1661 годзе Магілёву яго надаў кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь літоўскі Ян Казімір Ваза. Тады гораду вярнулі Магдэбурскае права, якога пазбавілі ў 1654 годзе, калі гараджане ўпусьцілі ў горад маскоўцаў, якія прыйшлі вайной на беларускія землі. 1 студзеня 1661 году магілёўцы паўсталі і перабілі маскоўскі гарнізон.