Жыхары магілёўскага мікрараёну Юбілейны дамагліся ў чыноўнікаў адкрыцьця амбуляторнага мэдычнага пункту прыёму.
Дзеля гэтага была створана ініцыятыўная група, якая сабрала подпісы пад зваротам да мясцовай улады. Амбуляторны пункт разьмясьцілі ў памяшканьні, дзе раней прадавалі на разьліў сьпіртное.
«Ідэя была ў тым, што раён вялікі, а ў ім няма ніякага мэдычнага абслугоўваньня на месцы, і жыхары мусілі далёка дабірацца да паліклінікі», — апавядае ініцыятар збору подпісаў Максім Алямоўскі.
«Зьвярнуліся да ўлады, каб гэтая хіба была выпраўлена. Чыноўнікі спачатку казалі, што няма памяшканьня. Тады мы прапанавалі свой варыянт — памяшканьне, дзе была „румачная“. Людзі скардзіліся на гэтую ўстанову, бо там часта бывалі бойкі, стаялі людзі бяз пэўнага занятку. Прапанову нашу прынялі. Зрабілі рамонт і сёньня адкрылі».
Патрабавалі жыхары мікрараёну адкрыцьця амбуляторнага пункту ня толькі зваротамі да чыноўнікаў, але і рабілі адмысловыя графіці пра тое, што Юбілейны мае патрэбу ў мэдычнай установе.
У камэнтарах з нагоды адкрыцьця амбуляторыі чыноўнікі прызнавалі, што на рашэньне адкрыць яе паўплывалі звароты грамадзян. Мэдычны пункт будзе абслугоўваць 9 тысяч чалавек. У памяшканьні тры кабінэты лекараў і працэдурны.
Перад урачыстасьцю ўпарадкавалі яшчэ пляцоўку і падыходы да амбуляторыі.