Загінулага ў Сырыі беларускага байкера з «Начных ваўкоў» пахаваюць у Гомлі

Аляксей Ярашэвіч. Фота зь беларускай суполкі расейскага прапуцінскага аб’яднаньня байкераў «Начныя ваўкі»

Цырымонія разьвітаньня з Аляксеем Ярашэвічам у Гомлі была заплянаваная на 9 раніцы 10 кастрычніка, але пакуль не адбылася.

Як патлумачылі карэспандэнту Свабоды на гомельскай базе расейскага байкерскага клюбу «Начныя ваўкі», пахаваньне адклалі, бо трэба атрымаць афіцыйны дазвол ад уладаў і пасьведчаньне аб сьмерці.

На гомельскай базе цяпер шмат машынаў з расейскімі нумарамі — прыехалі расейскія байкеры, у тым ліку з Курску, Смаленску.

База байкерскага клюбу «Начныя ваўкі» ў Гомлі

Як сьцьвярджае шэраг крыніцаў, 42-гадовы Ярашэвіч загінуў у Сырыі. Сябра загінулага распавёў тэлеканалу «Белсат», што Ярашэвіч там «працаваў у будаўнічай кампаніі». Пры гэтым Ярашук фігуруе ў сьпісе ўзнагароджаных Пуціным за акупацыю ўкраінскага Крыму — як сьцьвярджае «Новая газета», там Ярашук быў паранены ў руку.

Да таго ў 2012 годзе Ярашэвіч быў паранены падчас перастрэлкі паміж суполкамі байкераў. Апошнім часам Ярашэвіч жыў у падмаскоўным горадзе Даўгапрудны, працаваў у ахоўным агенцтве «Воўк». Гэта агенцтва, блізкае да прапуцінскіх «Начных ваўкоў» на чале з Аляксандрам «Хірургам» Залдастанавым.

Дошка абвестак на сьцяне базы