У хадж зь Беларусі. 44 чалавекі вылецелі сёньня зь Менску ў Стамбул.
Упершыню зь Беларусі едзе агульная дэлегацыя: раней мусульмане ляцелі ў Саудаўскую Арабію асобнымі групамі. Сёлета кіраўніцтва Саудаўскай Арабіі вырашыла, што арганізоўваць паломніцтва павінен толькі адзін апэратар ад дзяржавы. У Беларусі падрыхтоўкай да хаджу займалася Мусульманскае рэлігійнае аб’яднаньне.
«У першую чаргу едуць жыхары нашай дзяржавы, — сказаў Свабодзе Абу-Бекір Шабановіч, муфці Мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня Беларусі. — Упершыню кіраўніцтва Саудаўскай Арабіі дазволіла нам браць і людзей зь відам на жыхарства. Спадзяемся, што гэта правільна. Зь відам на жыхарства людзі пражываюць некалькі дзясяткаў гадоў і ня могуць трапіць у хадж».
Сярод 44 чалавек, што адправіліся ў хадж, 10 жанчын. Накіравацца ў хадж жанчына можа, як правіла, толькі ў суправаджэньні мужа ці махрама — сваяка. У рэдкіх выпадках можна і бязь іх — з даверанай групай людзей.
Большасьць людзей ад Беларусі выпраўляюцца ў хадж упершыню. У ісьляме такое паломніцтва лічыцца абавязковым для ўсіх паўналетніх, хто толькі мае такую магчымасьць. Штогод у Мэку прыяжджае некалькі мільёнаў чалавек з усяго сьвету. Хадж можна адбываць шмат разоў. Першы раз у хадж едуць за сябе. Другі і наступныя разы можна быць у хаджы за сваякоў, якія ня трапілі ў Мэку.
Перад адпраўленьнем у аэрапорт хаджы (людзі, якія накіроўваюцца ў хадж) сабраліся ў Саборным мячэце ў Менску для супольнай малітвы. Напярэдадні яны праходзілі навучаньне абрадам, якія трэба выконваць у хаджы.
Мэрзак — альжырац. Ён жыве ў Менску з жонкай-беларускай. Мэрзак пойдзе ў хадж другі раз. Загадзя ён падрыхтаваў сандалі і ірхам. У хадж чалавек павінен ісьці ў сандалях — абутку з адкрытымі пальцамі і пяткай. Ірхам — адзеньне для хаджу: два кавалкі тканіны, якія абгортваюцца вакол цела. У хаджы ніхто не павінен вылучацца, адзежа і абутак мусяць быць простыя.
«Гэта выклікае праблему, — кажа Дзьмітры Радкевіч, які таксама выпраўляецца ў хадж. — У нас простая вопратка зусім іншая. Некаторыя набываюць адмыслова новы абутак, які пачынае муляць. І пабожнасьць чалавека ператвараецца для яго ў праблему».
Выправіць хаджы прыйшоў муфці Шабановіч. Прыехалі і мусульмане, якія раней былі ў гаджы. Батурдын, чачэнец, які даўно жыве ў Беларусі, быў у Мэцы летась.
«Калі я сам ехаў, дык нічога ня ведаў, — кажа Батурдын. — У тэорыі мы былі падрыхтаваныя, але практыка — зусім іншае. Напрыклад, у мячэце прарока ў Мэдыне вялікія вэнтылятары. Яны ваду пырскаюць. Нельга стаяць пад гэтым душам, каб не прастыць. Хадж — вялікае выпрабаваньне».
Сьцяг у Мэцы патрэбны ня толькі, каб пазначыць пэўную дзяржаву. На хадж зьяжджаюцца мільёны чалавек, і вельмі часта людзі губляюцца. Таму многія дэлегацыі нясуць сьцяг, каб быць бачнымі.
«Але ўсе дапамагаюць адзін аднаму, — кажа Батурдын. — Паліцыянтаў там шмат. Мяне ратавала, што я побытавую ангельскую мову ведаю».
Беларускія хаджы вернуцца ў Менск 7 верасьня. Яны правядуць у хаджы мінімальна дазволены тэрмін — 21 дзень.