Фігура дзяўчынкі, правобразам якой стала загінулая ў Галакосьце Міхле Сасноўская з Наваградку, зьявілася каля ўнікальнага музэю габрэйскага супраціву.
Ідэя помніка і рэалізацыя належаць мясцоваму бізнэсмэну Сяргею Ковалю. Ягоныя сваякі былі ўдзельнікамі габрэйскага супраціву, а гісторыю сваёй сям’і ён часткова праясьніў дзякуючы музэю.
Фігура дзяўчынкі ўзноўленая па фатаздымку, які захоўваўся ў сямейным архіве Джанэт Джос, чыя бабуля была родам з Наваградку. На цырымоніі адкрыцьця Джос расказала, як Міхле разам зь іншай габрэйскай дзяўчынай заплацілі выкуп за тое, каб пакінуць гета. Але на вуліцы іх пазнала мясцовая жанчына і выдала нацыстам. Дзяўчат расстралялі.
«Гэта помнік усім габрэйскім дзецям, якія загінулі ў вайну», — сказала на цырымоніі адкрыцьця стваральніца беларускага Музэю гісторыі і культуры габрэяў Іна Герасімава.
На цырымоніі прысутнічалі былыя вязьні нацызму. Выступіў часовы павераны ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі.
26 верасьня 1943 году больш за 200 вязьняў Наваградзкага гета ўцяклі праз тунэль, які капалі некалькі папярэдніх месяцаў. Ня ўсім зь іх удалося выжыць.
Сярод уцекачоў была і Рае Кушнер, бабуля Джарэда Кушнера, дарадцы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і ягонага зяця. Рае пакінула гета разам са сваім бацькам, сястрой і братам, які пры ўцёках загінуў.
Бацька Джарэда, Чарльз, ня раз наведваў Наваградак і фінансава падтрымлівае стварэньне на музэйнай тэрыторыі мэмарыялу, які плянуюць адкрыць у наступным годзе. Мяркуецца, што сям’я Кушнераў прыляціць на адкрыцьцё.
Выжыць. За гісторыяй сваякоў Дональда Трампа — Беларусь, якую пакінулі габрэі