У цэнтры Менску пратэставалі супраць Беларускай АЭС

Актывісты Беларускай партыі «Зялёныя» 9 верасьня на плошчы Якуба Коласа ў Менску разгарнулі транспарант «Не Астравецкай АЭС».

На перадвыбарчы пікет кандыдата ў дэпутаты Сяргея Лахно яны прынесьлі таксама плякаты — «АЭС = рэгрэс» і «АЭС: прыбыткі вашы, жыцьці нашы».

Падчас пікету двое актывістаў былі ў касьцюмах хімабароны, усталявалі жоўтую мэталічную бочку са знакам радыяцыйнай небясьпекі. Таксама яны раздавалі мінакам пафарбаваныя ў чорны і сіні колеры яблыкі, тлумачачы, што гэта «ураджай з Астраўца 2026 году».

Удзельнікі пікету раздавалі мінакам праграмныя патрабаваньні партыі па закрыцьці Беларускай АЭС і заклікалі падпісаць пэтыцыю супраць будаўніцтва станцыі.

У інтэрвію БелаПАН намесьнік старшыні партыі Дзьмітры Кучук адзначыў, што падрыхтавана пэтыцыя з патрабаваньнем спыніць будаўніцтва АЭС. Яе падпісалі ўсе дэмакратычныя кандыдаты ў дэпутаты і прадстаўнікі дэмакратычных партый.

Супрацоўнік міліцыі ў цывільным вёў апэратыўныя відэаздымкі падчас пікету. Непадалёк быў прыпаркаваны міліцэйскі мікрааўтобус.