23 сьнежня курсы валют на электронных таблё банкаў і абменьнікаў бянтэжылі: банкі набываюць даляры па курсе 13770–13900 беларускіх рублёў, а курс продажу не зьмяніўся ў параўнаньні з папярэднімі днямі: 11 145 рублёў за даляр. Дасьведчаныя людзі ведаюць, што пры набыцьці валюты дадаткова трэба заплаціць 30% збор ад сумы.
Карэспандэнтка Радыё Свабода наведала 6 розных сталічных банкаў і цікавілася, ці ёсьць ў продажы валюта.
Першы пункт — Банк «БелВЭБ» на праспэкце Незалежнасьці, 95. Пытаюся ў касіркі, ці ёсьць валюта?
«Валюту мне сёньня яшчэ ніхто не здаваў, так што няма».
Карэспандэнтка: «А прадаваць будзеце толькі тую, што хтосьці здаў?»
«Так, з абароту: што здалі, тое мы і абавязаныя прадаць».
У суседнім аддзяленьні банку «Менск — Масква» даляраў у продажы таксама не было. Гутару з жанчынай, якая спрабавала набыць валюту, але безвынікова:
Карэспандэнтка: «Нідзе няма даляраў. Абяцалі, што яны будуць; усе касіркі кажуць, што яны працуюць па прыёме: што прынялі — тое і прадалі. Як вам гэта сытуацыя? Людзі зьбіраюцца на Каляды, Новы год за мяжу, і што рабіць?»
«Няхай адпачываюць у Беларусі... А калі сур’ёзна, мне сапраўды даляры патрэбныя. Але што рабіць, калі такая сытуацыя ў краіне. Будзем шукаць па іншых абменных пунктах. Сытуацыя, канечне, вельмі складаная. Спадзяюся, што хутка ўсё стабілізуецца».
Карэспандэнтка: «Але даляр вырас. Атрымліваецца, што курс даляру вырас. Атрымліваецца, што 30% дэвальвацыя?»
«Я лічу, што ў нас даўно ўжо памер дэвальвацыі павінен быць значна вышэйшым, чым 30%. Вельмі доўга стрымлівалі курс. Трэба было яго ўжо даўно адпусьціць. Тады, напэўна, былі б даляры».
У адной касе «Абсалютбанку» было ў продажы 30 даляраў, якія перада мной хтосьці здаў. Ветлівая касірка пацікавілася, колькі трэба, запыталася ў сваёй калегі, у якой быў перапынак, і паведаміла, што калі пачакаю хвілінаў 10, змагу купіць 200 даляраў.
У «Франсабанку» ў адной касе было 20 даляраў, у другой — 50. Размаўляю з маладым чалавекам, які выйшаў з банку:
Карэспандэнтка: «Вы набывалі валюту?»
«Не, здаваў».
Карэспандэнтка: «Задавальняе вас сёньняшні курс?»
Канечне, усе незадаволеныя, не разумеюць, што адбываецца
«Канечне, усе незадаволеныя, не разумеюць, што адбываецца».
Карэспандэнтка: «Але вось гэтыя тлумачэньні ўраду пра 30-працэнтную камісію звычайны чалавек, не эканаміст, разумее?»
«Шчыра кажучы, не. Проста разумеюць, што гэта ідзе дзяржаве, а ня банкам. Выгады ад гэтага ніхто, акрамя дзяржавы, не атрымлівае. Шчыра, не зусім разумею, што адбываецца. Асабіста мне складана. Курс быццам бы 11 тысяч. Але ўсе бачаць, што прадаюць фактычна па 15 тысяч. Адразу на 4 тысячы даляр падняўся. Але ўсё адно даляравую „заначку“ будзеш здаваць, але па зусім іншым кошце, чым яны каштуюць».
Загадчыца філіялу «Беларусбанку» на пытаньні Радыё Свабода пра валюту адказвала неахвотна:
Карэспандэнтка: «Валюту банкі прадаюць толькі тую, што народ здае?»
«Ну вы ж, напэўна, чытаеце, сочыце за інфармацыяй?»
Карэспандэнтка: «Мы самі пішам інфармацыю. Таму хочам даведацца зь першых вуснаў, як гэта цяпер адбываецца. Ці дае вам банк валюту на продаж?»
«Цяпер валюту на продаж нам не даюць. Працуем з абароту. Прадаём толькі тое, што нам здаюць. Многія цікавяцца, але ня ўсе хочуць купляць па такім курсе».
Начальнік Ўпраўленьня інфармацыі Нацыянальнага банку Аляксандар Цімашэнка на пытаньне, ці чакаецца, што валюта ў абменьнікі будзе паступаць з банкаў, адказаў так:
«Так, чакаецца. На гэтым тыдні. Дакладней дату я вам не змагу назваць, але ў бліжэйшыя дні. Народу стала больш выгадна прадаваць банкам валюту.
Карэспандэнтка: «Але ж купляць нявыгадна...»
«Напэўна, і ня трэба купляць, калі няма такой экстраннай патрэбы».