У бабруйскай школе № 17 зьявілася беларуская кляса з адным вучнем. Беларускамоўнага навучаньня дамогся для сына Сьцяпана Хадарэнкі ягоны тата Глеб. Паводле Хадарэнкі-старэйшага, у клясе створаныя належныя ўмовы для вучобы. Ёсьць, аднак, праблемы з мэтадычнымі дапаможнікамі ў настаўніцы.
Перашкод у адкрыцьці клясы не было. Інфармацыйнай падтрымкі таксама
Глеб Хадарэнка сказаў Свабодзе, што з ініцыятывай сфармаваць беларускую клясу ён зьвяртаўся ў бабруйскі аддзел адукацыі яшчэ год таму. Прапанаваў тады службоўцам правесьці сярод бацькоў апытаньне, каб выявіць тых, хто хацеў бы, каб іхныя дзеці вучыліся на беларускай мове. Праз год, кажа Глеб, калі ён пацікавіўся, якія вынікі дало апытаньне, яму адказалі, што яго не праводзілі.
«Тады я сказаў: „Адкрывайце клясу ў 17 школе, якая непадалёк ад нашага дому“. Перашкод не было, але і інфармацыйнай падтрымкі таксама. Таму выходзіць, што ініцыятыва адкрыцьця клясы — выключна мая. Безь мяне ніхто гэтага не зьбіраўся рабіць», — казаў тата першаклясьніка.
Сьцяпан пайшоў у школу зь сямі гадоў. Сямʼя Хадарэнкаў год чакала, што зьявяцца ўсё ж бацькі, ахвотныя вучыць сваіх дзяцей па-беларуску, і гатовыя былі нават вазіць сына ў іншы раён гораду, — але марна.
Беларуская кляса фармальна далучаная да клясы з расейскай мовай навучаньня
Школа, кажа Глеб, выдзеліла для вучобы сына памяшканьне. Праблемаў з падручнікамі таксама няма.
«У настаўніцы бракуе мэтадычнага матэрыялу, — кажа ён. — Гэта, аднак, не віна настаўніцы. Спадзяюся, што з дапаможнікамі мне дапамогуць у Менскім ліцэі імя Коласа, дый на Магілёў таксама разьлічваю».
Фармальна, кажа Хадарэнка-старэйшы, сын «прапісаны» ў клясе з расейскай мовай навучаньня, а не ў асобнай. Да вучняў гэтай клясы ён прыходзіць на ўрокі працы, маляваньня і фізкультуры. Астатнія ж прадметы яму выкладаюць асобна па-беларуску. Такую форму навучаньня Глеб Хадарэнка называе кампраміснай, бо настаўніца, акрамя навучаньня Сьцяпана, занятая яшчэ чацьвёртай расейскамоўнай клясай.
«З наступнага году, калі настаўніца выпусьціць чацьвёртую клясу, яна будзе занятая толькі клясай зь беларускай мовай навучаньня», — кажа Хадарэнка-старэйшы.
Ініцыятыву вучыць дзіця па-беларуску сямʼя ўспрыняла неадназначна
Глеб не ангажаваны ні ў палітычныя, ні ў грамадзкія арганізацыі. Час ад часу, кажа ён, наведвае курсы «Мова нанова». Беларускай мовай захапіўся ў школе дзякуючы настаўніцы, якая яе выкладала.
Мой сын ведае расейскую мову выдатна. А чаму тады ён не павінен ведаць і беларускую?
«Мой сын ведае расейскую мову выдатна. А чаму тады ён не павінен ведаць і беларускую? — тлумачыць тата намер аддаць Сьцяпана ў беларускую клясу. — Я перакананы, што беларус павінен ведаць сваю родную мову, якая абʼядноўвае ўсіх беларусаў. Гэта тое, што робіць нас адметнымі ад іншых».
Глеб Хадарэнка прызнаецца, што пытаньне пра беларускае навучаньне сына ў сямʼі ўспрынялі неадназначна.
«Жонка кепска ведае беларускую мову. Ёй яна цяжка даецца. А настаўніца папрасіла, каб з сынам гаварылі па-беларуску ў сямʼі. Я зь ім гавару, але і ў мяне таксама мова не настолькі добрая. У нас няма беларускамоўнага асяродзьдзя, — пераказваў настроі ў сямʼі Хадарэнка-старэйшы. — Бабулі ды дзядулі ўспрынялі ініцыятыву таксама не з захапленьнем. Яны дакаралі мяне, што пэрспэктыў далейшага навучаньня няма. Адсутнічаюць беларускія ўнівэрсытэты, і гэта будзе праблемай. Я ж думаю, што ўсё ў нас будзе добра. Пакуль будзе вучыцца ў пачатковай школе, а там паглядзім, што будзе ў сярэдняй».
Пра сацыяльную ізаляцыю гавораць тыя, хто супраць беларускага навучаньня
Глеб лічыць, што навучаньне сына ў адзіноце не ізалюе яго ад дзіцячага сацыяльнага асяродзьдзя. Такія меркаваньні, кажа Хадарэнка-старэйшы, навязаныя тымі, хто ня хоча беларускай адукацыі.
«Сьцяпан жа на трох уроках зь іншымі дзецьмі. На пераменах таксама не адзін. За прамінулы месяц мы не заўважылі, каб нейкія сацыяльныя праблемы зьявіліся ў яго, — кажа Глеб. — Самога Сьцяпана не напружвае, што ён адзін. Кажа, што нават спакойна ў клясе. Зь беларускай мовай, вядома ж, няпроста ў яго, бо яе ведае не настолькі добра, як таго хацелася б».
Глеб Хадарэнка разьлічвае, што калі пра беларускую клясу ў Бабруйску пойдзе розгалас, то іншыя бацькі захочуць, каб іхныя дзеці склалі Сьцяпану вучнёўскую кампанію.
Беларуская кляса для Бабруйску — прэцэдэнт
Паводле старшыні бабруйскай суполкі Таварыства беларускай мовы Віктара Маліноўскага, у найноўшай гісторыі Бабруйску не было беларускіх клясаў. На звароты рупліўцаў беларушчыны пачаць фармаваць іх чыноўнікі адпісвалі, што для адкрыцьця трэба сама менш трое вучняў.
«Адкрыцьцё клясы зь беларускай мовай навучаньня — безумоўна, прэцэдэнт, — кажа Маліноўскі. — Але несуцяшальны момант у гэтым ёсьць, бо 17 школа — на гарадзкім ускрайку. Відаць, у ёй знайшлася настаўніца, якая пагадзілася вучыць па-беларуску. Але ў тым раёне цяпер вядзецца актыўнае будаўніцтва, ён разьвіваецца».