Адміністрацыя ПМК звольніла дваіх братоў-мэліяратараў, якія разьмясьцілі ў сеціве свой відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі.
Браты Васіль і Валер Даніленкі працавалі ў Акцябрскай ПМК-37 агулам пяцьдзясят гадоў: Васіль — дваццаць, а Валер — трыццаць.
«Першага чэрвеня мне аддалі працоўную кніжку. Васіля звольнілі на тры тыдні раней — кантракт не працягнулі, — сказаў Валер Даніленка. — Я перад гэтым ляжаў у кардыялягічным шпіталі ў Гомелі. Колькі яшчэ працягну — ня ведаю. Да таго ж застаўся бяз сродкаў да існаваньня. У жніўні акурат споўнілася б трыццаць гадоў маёй працы ў ПМК, а 5 чэрвеня адзначаецца Дзень мэліяратара. Усім, хто працуе, раздавалі на гэтым тыдні харчовыя наборы да сьвята. А мяне выпіхнулі за прахадную, як сабаку. Гэта мне такі «юбілейны падарунак».
Калі пару месяцаў таму выканаўца абавязкаў галоўнага інжынэра ПМК Ігар Багдановіч раіў братам «зьбірацца на выхад», Валер і Васіль запісалі і разьмясьцілі ў сацыяльнай сетцы відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі:
«Родны бацька Аляксандар Рыгоравіч! Да вас асабістая просьба ад нас, Даніленкі Валера Іванавіча і Даніленкі Васіля Іванавіча: калі ласка, разьбярыцеся і дайце адказ на гэтае пытаньне. Вы правільныя дырэктывы даяце, мы з вамі згодныя і вас падтрымліваем. Дык дайце сваю дапамогу нам, працаўнікам Акцябрскага раёну, укажыце міністэрству, якое займаецца воднай гаспадаркай».
Аднак, як кажуць браты, кіраўнік дзяржавы іх не пачуў. Начальнік перасоўнай мэханізаванай калёны Аляксандар Быхан патлумачыў журналістам, што браты Даніленкі не спраўляюцца са сваімі працоўнымі абавязкамі, неналежным чынам абслугоўваюць мэліярацыйныя шлюзы. І ў калектыве нібыта настроеныя супраць братоў, бо за імі даводзіцца шмат што перарабляць.
«Праз гэтыя шлюзы нас, па сутнасьці, і звольнілі, — лічыць Валер Даніленка. — Доўгі час іх не рамантавалі — каля паловы заржавелі, мэханізмы знасіліся. Вясной трэба было затрымаць ваду, дык нельга было апусьціць затворы. Нас і зрабілі крайнімі. Галоўны інжынэр Багдановіч па адукацыі заатэхнік — і нікуды ён не зьбіраецца, а нас выпіхнулі. Завядзёнка такая: калі хочуць вызваліць сваякам ці добрым знаёмым месца, то пачынаюць ціснуць з усіх бакоў, каб звольніць. А ўжо на вольнае месца бяруць набліжаных і рахманых».
Валер Даніленка паведаміў, што пасьля звальненьня брат Васіль шукаў працы ў райцэнтры і бліжэйшых ад яго гаспадарках, але не знайшоў. Стаў на ўлік у цэнтры занятасьці. Васіль — удавец, адзін даглядае сына-інваліда.
«Учора даў яму дзьвесьце тысяч. Больш не магу, бо і ў самога ў кішэні пуста. Хто мяне цяпер і куды возьме? Мне пяцьдзясят пяць гадоў, ды яшчэ хворае сэрца, гіпэртанія. Красьці я ня ўмею. Ня буду плаціць за электрасьвятло, за газ ды ваду — пагатоў высяляць з кватэры. Куды ісьці — пад плот? З голаду паміраць мне, вешацца ці атруціцца?»