Гэтаму гораду патрэбны герой. І міліцыя яго знойдзе. І зловіць на адміністрацыйным правапарушэньні.
Суд Цэнтральнага раёну Менску разглядае справу філёзафа і палітоляга Ўладзімера Мацкевіча. Міліцыянты сьцьвярджаюць, што ён браў удзел у несанкцыянаваным мітынгу ў падтрымку прадпрымальнікаў 15 лютага. Яго, кажуць міліцыянты, дакладна пазналі. Быў прадстаўлены і фатадоказ. Мацкевіч жа кажа, што ў той дзень нават ня быў у Беларусі — і дэманструе пашпарт зь пячаткамі аб перасячэньні мяжы.
Калі ня хлусяць ні сьведкі-міліцыянты, ні пячаткі ў пашпарце Мацкевіча, то штрафаваць яго ня мае сэнсу — трэба змагацца сур’ёзьней і хутчэй перазагружаць «Матрыцу». Гэта ж агент Сьміт! Некалі Сьміт быў гэткім антывірусам, чысьціў віртуальны сьвет, у якім трымалі чалавецтва, ад людзей, якія асэнсавалі нерэальнасьць «Матрыцы». Але потым Сьміт сам стаў вірусам, пачаў усяляцца ў некалькіх людзей адначасова, а затым і проста стаў кожным чалавекам, што прывяло да крытычнага збою ў «Матрыцы».
Але Мацкевіч — не адзіны супэргерой, злоўлены міліцыяй.
У 2011 годзе падчас «маўклівых пратэстаў» у Гародні міліцыя злавіла Канстанціна Капліна — ён на акцыі пляскаў у ладкі, за што атрымаў штраф у мільён рублёў (200 даляраў на тыя часы). Праўда, з шасьцігадовага ўзросту Каплін ня мае адной рукі. За тое, што нават аднарукага можна аштрафаваць за несанкцыянаваныя авацыі, Аляксандар Лукашэнка атрымаў у 2013 годзе Шнобэлеўскую прэмію.
Але магчыма, прэмію давалі дарма. Калі суд усё высьветліў правільна і Каплін насамрэч пляскаў у ладкі, можна меркаваць, што ягонай фантомнай рукой быў меч «Соўл Рывэр» з сэрыі відэагульняў Legacy of Kain (якой сёлета якраз спаўняецца 20 гадоў). Тады і Каплін — ня той, за каго сябе выдае, а старажытны вампір Разіэль, вечна галодны прывід якога зьліўся душой з «Соўл Рывэрам», а прывідны меч стаў ягонай рукой. Хоць Разіэль (і «Соўл Рывэр») жывіцца душамі, на самой справе ён ня злы і проста змагаецца зь нябачным чалавецтву злом.
У 2010 годзе менская міліцыя выявіла, што нехта С. Антонаў браў удзел у акцыі 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці і выкрыкваў антыдзяржаўныя лёзунгі. На судзе ён ня змог сказаць, чаму гэта рабіў, бо аказаўся глуханямым. Справу адправілі на дапрацоўку. Пазьней прадставілі вэрсію, што ён трымаў у руках плякат «Сыходзь», але ў выніку адпусьцілі, не аштрафаваўшы.
Загадкавая гісторыя з крыкам глуханямога, калі міліцыя не памылілася, можа значыць, што Антонаў — Чорны Гром з коміксаў Marvel, кароль Нелюдзей, паплечнік Жалезнага чалавека, Фантастычнай чацьвёркі і Прафэсара Ікс. Ягоны голас настолькі моцны, што нават шэпт можа разбураць сьцены. Ён праводзіць складаныя мэдытацыі, каб выпадкова не загаварыць у сьне. Ня дзіва, што калі ён крычаў, пабіліся шыбы ў Доме ўраду. Дарэчы, калі ў 2008 годзе ў менскім замку-турме абвалілася вежа, ці не ягоны крык гэта быў?