Тры беларускамоўныя мультфільмы пакажуць у конкурснай праграме фэстывалю анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2016». Фэстываль пачаўся сёньня ў Магілёве.
Расейскамоўных мульцікаў на конкурс фэсту Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» падала пяць. Усе яны зьнятыя за апошнія два гады.
Стужкі беларускіх мультыплікатараў — нячастыя госьці на беларускім тэлебачаньні. Глядач іх можа бачыць хіба на фэстывалях. Летась працы «Беларусьфільма» на магілёўскім фэсьце засталіся без узнагародаў.
На беларускай мове зрабіў мультфільм «Якія сны сьніць мядзьведзь» малады рэжысэр Руслан Сінкевіч. З самім майстрам пра ягоную працу пагутарыць не ўдалося. Дырэктарка мультфільму Тацяна Галохава сказала, што стужка — пра малавядомыя шырокай аўдыторыі беларускія абрады.
«Калі гаворка ідзе пра беларускія абрады, то слушна рабіць фільмы на роднай мове, — сказала яна. — Для замежнага гледача прадугледжаныя субтытры на расейскай і ангельскай мовах».
Яшчэ адзін беларускамоўны мульцік, «Вясна ўвосень», зьняты паводле аднайменнай казкі Ўладзімера Караткевіча.
«Караткевіч — мой улюбёны пісьменьнік, і я дужа рада, што знайшла ягоную казку і напісала па ёй сцэнар да мультфільму. Зрабілі яго на юбілей пісьменьніка — у 2015 годзе. На адным зь міжнародных фэстываляў стужка была адзначаная за найлепшы сцэнар. За гэта дзякуй Караткевічу», — кажа пра сваю працу рэжысэр, сцэнарыст ды мастак-пастаноўшчык Тацяна Кубліцкая.
«Сюжэт стужкі немудрагелісты, — працягвае яна. — Шмат каго прываблівае вясна і восень, таму гледачу яна даспадобы».
«Дыялёгі на беларускай мове ў мультфільме нескладаныя. Калі глядач перажывае за герояў гісторыі, то перашкодаў няма ў разуменьні. Для расейскай публікі ёсьць расейскія субтытры. Ёсьць і субтытры на ангельскай мове».
Караткевічаву казку «Вясна ўвосень» паглядзелі больш як на дваццаці фэстывалях. Тацяна Кубліцкая не прыгадала, ці паказвалі яе працу па беларускім тэлебачаньні. Паводле яе, у менскім Музэі кіно праходзіць рэтраспэктыўны паказ мультфільмаў. Сярод іх можна паглядзець і казку «Вясна ўвосень».
Мультыплікацыйны сэрыял «Аповесьць мінулых гадоў» паказваюць па тэлебачаньні часьцей за шмат якія беларускамоўныя стужкі. Ён прысьвечаны беларускай геральдыцы. У ім стваральнікі апавядаюць пра ўзьнікненьне гербаў ды старажытных беларускіх гарадоў. У фільме, які пакажуць на сёлетняй «Анімаёўцы», гледачу раскажуць пра паходжаньне Лунінца, Мёраў, Веткі, Мастоў, Лагойску ды Асіповічаў.
На беларускім этнаграфічным матэрыяле зроблены мультфільм «Легенды и сказания Беларуси. Аист». Гэтая стужка на расейскай мове. Па-расейску на «Анімаёўцы» будуць гаварыць героі мультфільмаў «Рыбка по имени Нельзя», «Марк Шагал. Начало» ды «Про девочку Женю».
На міжнародным фэстывалі анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2016» пакажуць больш за 380 стужак з 45 краінаў — для дзяцей і дарослых. На конкурс фэсту адабраныя 106 мультфільмаў з 34 краін.
Пераможцаў міжнароднае журы на чале з расейскім майстарам Леанідам Носаравым вызначыць у шасьці намінацыях. Найлепшую са стужак адзначаць Гран-пры.
Мова афармленьня і анансаваньня фэстывальных імпрэзаў не зьмянілася. Усё, які і ў мінулыя гады, па-расейску.
Арганізатарамі фэстывалю выступаюць Міністэрства культуры Беларусі ды Магілёўскі аблвыканкам.