Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў законы аб дэнансацыі пагадненьняў з Расеяй пра вайсковыя міждзяржаўныя перавозкі і транзыт праз Украіну расейскіх вайскоўцаў у Малдову, паведамляе прэс-служба прэзыдэнта.
Дакумэнты, дзеяньне якіх спыняецца, былі падпісаныя 25 лістапада 1995 году.
Пагадненьне аб транзыце праз тэрыторыю Ўкраіны вайскоўцаў Расеі, якія часова знаходзяцца на тэрыторыі Малдовы, вызначала парадак, умовы і асаблівасьці транзытнага перамяшчэньня, наданьня дазволаў і кантроль з украінскага боку.
Пагадненьне аб арганізацыі вайсковых міждзяржаўных перавозак і разьлікаў за іх рэгулявала пытаньні перавозкі вайсковых фармаваньняў чыгуначным, паветраным або аўтамабільным транспартам з Украіны ў Расею і з Расеі ва Ўкраіну, а таксама з Украіны за мяжу і назад — праз тэрыторыю Расеі, а з Расеі ў іншыя краіны і назад — транзытам праз украінскую тэрыторыю.
Пагадненьні заключаліся на 5 гадоў з умовай аўтаматычнай пралянгацыі, калі ніводзін з бакоў за 6 месяцаў пісьмова не паведаміць пра намер спыніць іх дзеяньне.
Прыднястроўе абвясьціла незалежнасьць ад Малдовы ў 1990 годзе, а ў 1992 годзе адбыўся збройны канфлікт паміж Кішынёвам і Тыраспалем. Расея трымае ў сэпаратысцкім рэгіёне кантынгент амаль у 1200 вайскоўцаў, нягледзячы на неаднаразовыя патрабаваньні Малдовы вывесьці гэтыя войскі. «Незалежнасьць» Прыднястроўя не прызнала ніводная дзяржава сьвету.