Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазбавіліся і ад Стралкова, і ад Леніна — гутарка з мэрам Славянску


Дэмантаж помніка Леніну ў Славянску
Дэмантаж помніка Леніну ў Славянску

Выканаўца абавязкаў мэра Славянску — пра выздараўленьне горада, змардаванага баевікамі самаабвешчанай ДНР і год таму вызваленага ўкраінскім войскам.

Славянск, горад, які ў красавіку мінулага году быў захоплены атрадамі Стралкова-Гіркіна, а ў ліпені вызвалены ўкраінскімі войскамі, зноў трапіў у загалоўкі навінаў на гэтым тыдні, калі на яго галоўнай плошчы дэмантавалі помнік Леніну. Адным з прыхільнікаў зносу быў выканаўца абавязкаў мэра гораду Алег Зонтаў.

Журналіст Алег Зонтаў — незвычайны для Данбасу кіраўнік горада. За часамі Януковіча ён быў адзіным апазыцыйным дэпутатам у гарсавеце Славянску, усе астатнія месцы займалі прадстаўнікі Партыі рэгіёнаў, КПУ і блізкіх па духу арганізацыяў. Алег Зонтаў цудам выратаваўся, калі 12 красавіка 2014 году горад быў захоплены атрадам Стралкова. У жніўні Алег Зонтаў пайшоў добраахвотнікам АТА. Сёньня ён распрацоўвае пляны пераўтварэньня Славянску ва ўзорны эўрапейскі горад, сымбаль новай Украіны.

Алег Зонтаў распавёў Радыё Свабода пра часы акупацыі, вайну, мір і знос помніка Леніну.

— Дзіўна, што помнік Леніну ў Славянску пратрымаўся так доўга. Чаму яго раней ня зьнесьлі?

— Калі 5 ліпеня Славянск быў вызвалены ад баевікоў, на вызваленчай хвалі яго можна было дэмантаваць. Але калі ў канцы кастрычніка мяне абралі сакратаром гарадзкой рады, пытаньне аб дэмантажы ўжо стала балючым, таму што ў нас дастаткова прыхільнікаў камуністычных поглядаў. Гэта зьвязана з тым, што Славянск — пажылы горад. Да вайны на 100 тысяч у нас было зарэгістравана 42 тысячы пэнсіянэраў, гэта значыць практычна палова. А ў сувязі з тым, што ў апошні год пайшоў адток людзей з акупаванай тэрыторыі, а ў асноўным перарэгіструюцца і зьяжджаюць таксама пэнсіянэры, то колькасць афіцыйна зарэгістраваных пэнсіянэраў цяпер у Славянску 72 тысячы. Даволі вялікі працэнт людзей, якія жылі і фарміраваліся ў Савецкім Саюзе, калі ў іх усё было добра, яны былі маладыя, здаровыя, прыгожыя, стваралі. Яны вельмі цяжка разьвітваюцца з успамінамі. На самай справе помнік быў у прамым і пераносным сэньсе каменем сутыкненьня. Нашы патрыятычныя грамадзкія арганізацыі зьбіраюцца на штотыднёвае веча, і адно з асноўных пытаньняў — патрабаваньне дэмантажу помніка. Але ў той жа час выходзілі людзі ў яго абарону. Я, прыступіўшы да абавязкаў, сказаў, што гэта таксама зьяўляецца для мяне прынцыповым пытаньнем. Хоць я як грамадзянін адназначна за знос гэтага помніку, але як выканаўца абавязкаў кіраўніка павінен знайсьці кампрамісы. Таму мною былі ініцыяваныя грамадзкія слуханьні, мы праводзілі некалькі круглых сталоў. У рэшце рэшт, гэтай вясной ужо ўсе былі гатовыя на цывілізаваны дэмантаж і перанос на часовае захоўваньне. І тут якраз прэзыдэнт падпісаў закон аб дэкамунізацыі, і я вынес пытаньне на пасяджэньне сэсіі гарадзкой рады. Але галасоў не хапіла, патрэбен быў 31 голас для яго дэмантажу, прагаласавала ўсяго 22 дэпутаты. У выніку грамадзкія дзеячы выступілі, што гэта выклік і правакацыя, і застаецца толькі яго дэмантаваць па-за рашэньнем гарадзкой рады, што і адбылося ў ноч з 3 на 4 чэрвеня. Ён быў дэмантаваны цывілізавана, кранам акуратна пагрузілі, цяпер знаходзіцца на захоўваньні на камунальным прадпрыемстве.

— Як горад успрыняў дэмантаж, былі нейкія акцыі пратэсту?

— Прайшло тры дні, вонкавага абурэньня няма.

Мною быў ініцыяваны ўзімку — гэта была адна з умоваў цывілізаванага мантажу — конкурс на рэканструкцыю плошчы. Гэта значыць стварэньне ў цэнтры Славянску эўрапейскага кутку адпачынку. Ні на адным малюнку, ні на адным эскізе не было помніка Леніну. Там ёсьць зоны адпачынку, ёсьць малыя архітэктурныя формы, актыўна абыгрываецца фантан. А ў мяне наогул ёсьць ідэя на гэтым месцы паставіць доўгую бронзавую лаву, пасадзіць туды манумэнты людзей, якія стварылі славу Славянску. Паэт-рамантык XIX стагодзьдзя Міхаіл Пятрэнка, яго знакамітыя вершы: «Дивлюсь я на небо та й думку гадаю: Чому я не сокіл, чому не літаю». Канчалоўскі, знакаміты мастак XIX стагодзьдзя, таксама родам з Славянску. Вось такую лаву паставіць, на якой людзі маглі б сядзець, фатаграфавацца.

— Гэтыя разважаньні натуральныя ў мірным, ціхім горадзе, але ў грамадзкай сьвядомасьці Славянск зьвязаны з жахамі вайны, зь яго пачаўся канфлікт, які працягваецца да сёньняшняга дня. Ведаю, што вы тады, ужо больш за год таму, бачылі захоп гараддзелу міліцыі. Што вам запомнілася?

— Славянск сапраўды зьяўляецца адным з трагічных сымбаляў вайны, якая цяпер ідзе супраць нашай краіны. 12 красавіка мінулага году ён стаў адным зь першых гарадоў, захопленых баевікамі. Я ня толькі назіраў, але, на жаль, трапіў адным зь першых пад фізычны прэс баевікоў — мяне спрабавалі захапіць тады каля гараддзелу. На шчасьце, удалося пазьбегнуць арышту. А майго таварыша, Валодзю Рыбака з Горлаўкі, арыштавалі праз тры дні і 19 чысла па-зьверску катавалі і забілі ў нас жа ў Славянску. Славянск стаў сымбалем жорсткасьці і трагізму, таму што ў адміністрацыйных будынках, у СБУ і ў гарвыканкаме ў падвалах катавалі, забівалі людзей. Тым ня менш, ён стаў адным зь першых гарадоў, які быў вызвалены ў ліпені мінулага году. Я заўсёды такі мэсэдж прасоўваю, што ён павінен стаць і малюнкам новай Украіны, вызваленай і адноўленай, і да гэтага ёсьць перадумовы. Славянск — мірны горад. Шмат у чым гэта зьвязана з тым, што, калі я прыступіў да працы ў кастрычніку месяцы, атрымалася скаардынаваць дзеяньні сілавых структураў, батальёнаў і падразьдзяленьняў узброеных сілаў Украіны. На сёньняшні момант сытуацыя ў горадзе кантралюецца, ніхто з жыхароў не жадае вяртаньня гэтай вайны. Яны перажылі жахі, нягоды, нястачу, марадзёрства, бясчынствы, беззаконьне, і ўжо няма той базы, якая была тады. Таму што людзі былі абдураныя, і пратэставыя рухі былі выкарыстаныя пэўнымі сіламі. У нас у рэгіёне заўсёды былі дастаткова моцныя сэпаратысцкія настроі. Данбас — міграцыйны рэгіён, у 1930-50-я гады сюды ішлі хвалі перасяленцаў для будаўніцтва заводаў, працы на шахтах. Тут карані ў значнай часткі насельніцтва не зьвязаныя з гэтай тэрыторыяй. Таму і была такая аснова для гэтых пратэставых рухаў. Але на сёньняшні момант адбылося ўсьведамленьне таго, што мы жывем у дзяржаве, і яна гарантуе табе права на пэнсію, на астатнія сацыяльныя выплаты. Таму Славянск — мірны горад.

— Вы згадалі страшныя рэчы, якія адбываліся падчас кіраваньня ДНР. Закладнікамі былі вядомыя людзі: рэжысэр Павел Юраў, журналіст Ірма Кратаў. Ці будуць пакараныя вінаватыя? Я ведаю толькі пра адзін гучны судовы працэс над былым мэрам гораду Нэляй Штэпай. А яшчэ нехта арыштаваны, кагосьці судзяць, нейкае разьбіральніцтва вядзецца, ці ўсё забыта?

— Не, не забыта. Вы правільна адзначылі: цяпер ідзе толькі судовае разьбіральніцтва над былой гарадзкой галавой Нэляй Штэпай. Пасьля спробы майго захопу мне давялося выехаць, я падаў заяву, і крымінальная справа знаходзіцца на асаблівым кантролі ў сьледчым упраўленьні Данецкай вобласьці. Справа аб зьверскім забойстве майго таварыша Валодзі Рыбака таксама знаходзіцца ў вытворчасьці. Пакуль няма інфармацыі, што нехта па гэтых справах затрыманы, праведзены нейкія мерапрыемствы. Магчыма, гэта зьвязана з тым, што ідзе вайна, і многія фігуранты злачынстваў, якія былі зьдзейсьненыя як у дачыненьні да мяне, так і да іншых людзей, якія пацярпелі ад бясчынстваў і зьверстваў баевікоў, знаходзяцца на акупаваных тэрыторыях, ваююць за так званую ДНР. Мы ўсталявалі мэмарыяльную дошку на будынку СБУ, дзе Валодзя Рыбак утрымліваўся ў склепе і быў забіты. Прыяжджала яго ўдава, яна цяпер жыве ў Кіеве, мы зьбіраліся зь сябрамі на памінальны абед. Мы разумеем, што не супакоімся, пакуль да лягічнага завяршэньня усё ня дойдзе. Калісьці вайна завершыцца, і тады кожны павінен будзе адказаць за тыя злачынствы. Я думаю, мы іх знойдзем.

На будынку СБУ ў Славянску, дзе баевікі Стралкова катавалі і забілі Ўладзімера Рыбака, усталяваная мэмарыяльная шыльда
На будынку СБУ ў Славянску, дзе баевікі Стралкова катавалі і забілі Ўладзімера Рыбака, усталяваная мэмарыяльная шыльда

Цалкам інтэрвію чытайце на сайце расейскай службы Радыё Свабода

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG