Ніжэй пойдзе гаворка толькі пра прагляды матэрыялаў на сайце Свабоды ад 1 студзеня да 31 сьнежня 2017 году — так, ня ўлічваюцца прагляды відэа на Youtube і ў сацсетках, прагляды фота ў Instagram і аўдыё ў Soundcloud. Навіны згрупаваныя па тэмах.
Гвалт у войску
Жахлівая сьмерць салдата Аляксандра Коржыча ў Печах па-ранейшаму расьсьледуецца, і хоць сьледчыя прызналі, што цела вайскоўца знайшлі павешаным са зьвязанымі нагамі і нацягнутай на галаву майкай, разглядаюцца і вэрсіі суіцыду. Артыкул «Жахлівыя падрабязнасьці сьмерці салдата, які нібыта зьдзейсьніў самагубства», у якім упершыню прагучала імя Аляксандра Коржыча, быў самым прагляданым на Свабодзе за 2017 год.
Таксама шмат праглядаў набралі іншыя артыкулы пра дзедаўшчыну і гвалт у беларускім войску: «„У прысутнасьці камандзіра называў прозьвішчы „дзядоў““, — родныя знойдзеных павешанымі салдат расказваюць пра расьсьледаваньне іх гібелі», «„Апускалі тварам у г...о. Хто вам пра такое потым раскажа?“ Былы курсант распавядае пра сваю службу ў Печах», «Пасьля сьмерці Коржыча ў частцы была яшчэ адна спроба суіцыду? Што цяпер адбываецца ў Печах», «Брат салдата Міхаіла Бяўзюка дамогся расьсьледаваньня сьмерці ў Печах», «Што старшыня «Камітэту салдацкіх маці» ўбачыла ў падвале, дзе знайшлі цела Сашы Коржыча»...
Цытаты Лукашэнкі зь «Вялікай размовы з прэзыдэнтам»
Рэкордна доўгая прамова Аляксандра Лукашэнкі — 7 гадзін і 7 хвілін! — дала Свабодзе другі па чытанасьці матэрыял году: «45 цытатаў у карцінках з рэкордна доўгай прэс-канфэрэнцыі Лукашэнкі. Сорак пяць, Яраслаў!». Лукашэнка за час «вялікай размовы» ні разу не выходзіў у прыбіральню, таксама давялося не выходзіць эканамісту Яраславу Раманчуку, да якога цягам амаль усёй прамовы зьвяртаўся Лукашэнка.
«Дзень няВолі»
Your browser doesn’t support HTML5
Акцыя на Дзень Волі 25 сакавіка ў Менску была брутальна разагнаная АМАПам, хоць спачатку для мітынгоўцаў зладзілі абмежаваную кардонамі пляцоўку ля Акадэміі навук. Але мітынгоўцаў хапалі ў тым ліку ў межах пляцоўкі.
Самым прагляданым матэрыялам пра гэта быў «Дзень Волі ў Менску. Фотарэпартаж», таксама шмат праглядалі артыкулы, «Дзень Волі 2017. АНЛАЙН зь Менску, Берасьця, Горадні і Гомля», «Дзень няВолі ў Менску: АМАП са зброяй і вадамётамі, сотні затрыманых», «Затрыманы Ўладзімер Някляеў» і «26 сакавіка. Дзясяткі затрыманых у цэнтры Менску».
Зьнікненьне Максіма Мархалюка
Your browser doesn’t support HTML5
У верасьні ў Новым Двары Сьвіслацкага раёну зьнікнуў 10-гадовы Максім Мархалюк — хлопец дагэтуль ня знойдзены, хоць пошукі былі масавымі. Вядомыя 10 галоўных фактаў пра зьнікненьне Максіма Мархалюка, у сьледзтва ёсьць чатыры асноўныя вэрсіі.
«Жыве Беларусь» на грудзях перад Лукашэнкам
Your browser doesn’t support HTML5
Падчас адкрыцьця цырымоніі падпісаньня сумесных дамоваў паміж Беларусьсю і Ўкраінай у залю выбегла актывіста Femen Анжэліна Дыяш з крыкамі «Жыве Беларусь» і такім жа надпісам на аголеных грудзях. Цягам 10 сэкундаў яе вывелі ахоўнікі, цырымонія працягнулася. Дзяўчыну затрымалі, але на наступны дзень вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе, суд над ёй працягваецца.
Femen сьцьвярджае, што «пратэст голай жанчыны — самая моцная аплявуха для Лукашэнкі».
Перадсьмяротная запіска абвінавачанага ў «дармаедзтве»
Артыкул «„Я ніколі ня быў дармаедам“, — жонка знайшла перадсьмяротную запіску мужа» быў адным з самых чытаных у 2017 годзе на сайце Svaboda.org, але Свабодзе давялося яго выдаліць на просьбу сваяка загінулага, які раней распавёў пра самагубства мужчыны ў Магілёўскай вобласьці. Журналістка Аляксандра Дынько тлумачыла, чаму пагадзілася выдаліць гэты матэрыял і чаму не пагадзілася б на аналягічную просьбу выканкаму ці Міністэрства інфармацыі.
Your browser doesn’t support HTML5
У Беларусі ў 2017 годзе ўлады знайшлі 470 тысяч чалавек, якія мусілі сплаціць «падатак на дармаедаў», але грошы сплацілі каля 10% «дармаедаў», а па краіне пракаціліся масавыя пратэсты. Урэшце Лукашэнка прыпыніў дзеяньне «дармаедзкага дэкрэту» на 2017 і 2018 гады, а абноўлены дэкрэт запрацуе з 2019 году.
Украінскага пісьменьніка Жадана пагналі зь Беларусі, а потым скасавалі забарону на ўезд
Your browser doesn’t support HTML5
У лютым у нумар гатэлю ў Менску, дзе пасяліўся ўкраінскі пісьменьнік Сяргей Жада́н, каля дзьвюх гадзін ночы да яго ўварваўся міліцэйскі патруль. Нічога не тлумачачы, міліцыянты даставілі Сяргея Жадана ў пастарунак, потым павезьлі ў Ленінскі РУУС. Аказалася, яшчэ ў 2015-м яму быў забаронены ўезд на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі (не Беларусі!) з фармулёўкай «за датычнасьць да тэрарыстычнай дзейнасьці».
Амбасада Ўкраіны накіравала ноту ў МЗС Беларусі, пратэст выказаў шэраг украінскіх публічных асобаў. Пасьля гэтага беларускія ўлады анулявалі забарону на ўезд Жадана ў Беларусь, а артыкул «Беларусь адмяніла забарону на ўезд украінскаму пісьменьніку Жадану» стаў адным з самых чытаных на сайце Свабоды за год. Міністар унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч пасьля казаў, што ня ведае, хто такі Жадан — на гэта пісьменьнік адказаў, што ня ведае, хто такі Шуневіч.
Выдалены ліст Горвата да Лукашэнкі
Першакрыніца адной з самых чытаных навінаў на svaboda.org у 2017 годзе — «Горват напісаў адкрыты ліст Лукашэнку: „Вы ніколі не былі ў Прудку (і дзякуй Богу!), а я вам раскажу“» — цяпер выдаленая зь невядомых прычынаў. Тэкст застаўся на шэрагу інтэрнэт-сайтаў.
Пісьменьнік Андрусь Горват (аўтар «Радзіва „Прудок“») пісаў Лукашэнку пра тое, што «савецкай Беларусі больш няма, яна скончылася». Ён перадае прывітаньне дырэктару Белтэлерадыёкампаніі Генадзю Давыдзьку: маўляў, нават за 300 кілямэтраў ад МКАДу «ніхто ня верыць тэлевізару», а «цётка-пэнсіянэрка, у якой нават старонкі ў „Аднаклясьніках“ няма, гаворыць, што чытае навіны на Свабодзе».
Аголеных мадэлек з магілёўскага лесу зацкавалі ў сацсетках
Ажыятаж выклікала не праблема лесапарку, а азадкі дзяўчат», — кажа магілёўская фотамастачка Дар’я Сакалова. Каб прыцягнуць увагу да праблемы глябальных зьменаў клімату, яна зрабіла сэрыю фотаздымкаў з аголенымі мадэлямі. Здымкі аголеных дзяўчат на тле сьпілаваных дрэваў выклікалі нечаканы для фотамастачкі водгук у сацыяльных сетках.
На Дзень Волі ў Віцебску згарэў аўтазак
Што гэта было, незразумела. Але зранку 25 сакавіка ў Віцебску гарэў міліцэйскі аўтазак. Пра пацярпелых ці пакараных не паведамлялася. Пазьней акцыя на Дзень Волі, у якой узялі ўдзел каля 150 чалавек, прайшла амаль мірна, затрымалі двух журналістаў і аднаго актывіста.
P.S. А яшчэ вы чыталі, глядзелі і слухалі Вячорку
Самай папулярнай тэхнічнай старонкай (рубрыкай) на сайце Свабоды ў 2017 годзе была старонка перадачы «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам», прысьвечанай беларускай мове і культуры, асаблівасьцям маўленьня і крылатым выразам. Старонку (без уліку асобных выпускаў перадачы) адкрывалі амаль столькі ж, колькі навіны пра разгон Дня Волі.
Калі любіце гэтую перадачу, зьвярніце ўвагу: выпускі можна паслухаць на Soundcloud і паглядзець на Youtube, а ў бібліятэцы Свабоды можна спампаваць у PDF дзьве кнігі па матывах перадачы: «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам» і «Не сьмяшыце мае прыназоўнікі». Вінцук Вячорка цяпер таксама вядзе рубрыку «Выразы на штодзень» — ведаеце, чаму ластаўкі бываюць у стрэсе і хто такі «дзед швэд», за якім столькі ўсяго было?