Жыхарка Магілёва Сьвятлана Скіба намагаецца выбавіць з турмы мужа — Сяргея Гаравога.
Яго асудзілі разам зь яшчэ двума бізнэсоўцамі за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць. У ходзе судовага працэсу абвінавачаны выплаціў вызначаную сьледзтвам шкоду — 185 мільёнаў рублёў. Але яго ўсё адно пакаралі чатырма гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
Ён стаў ахвярай ілжывых паказаньняў, настойвае Сьвятлана. Прысуд яна лічыць несправядлівым і заяўляе, што ад мужа вымагаюць прызнаньня віны. Сяргей Гаравы сьцьвярджае, што каяцца яму няма ў чым, бо ягоны бізнэс без крыміналу.
Няхай просіць памілаваньня
Маці двух непаўналетніх дзяцей пісала Аляксандру Лукашэнку, спадзеючыся на ягонае заступніцтва.
«Няўжо мала таго, што чалавек год утрымліваецца ў зьняволеньні, усё сплаціўшы? Каму гэта выгадна? — зьвярталася ў лісьце да кіраўніка дзяржавы Сьвятлана Скіба. — Дзе мне, простаму чалавеку, жанчыне, маці і жонцы шукаць дапамогі і падтрымкі? Каму важнае жыцьцё нашай сям’і, яе мір і спакой...»
У адказе жанчыне паспачувалі і параілі, каб муж напісаў просьбу аб памілаваньні на імя прэзыдэнта.
Зьвярталася Сьвятлана і ў дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, каб тыя ўзьнялі праблему, зь якой сутыкнуўся муж. Ёй паспачувалі, але пісаць ня сталі.
Пра перажытае за апошні год Сьвятлана апавядала, гуляючы з чатырохмесячнай дачкой. Пакуль дарослыя размаўлялі, немаўля мармытала сабе ў вазку. Час ад часу малое нагадвала пра сябе капрызамі. Маці дачку сунімала, не перапыняючы свайго аповеду.
«Для мяне кашмар усяго майго жыцьця, што муж ня бачыў, як нарадзілася дачка. Ён нават не знаёмы зь ёю», — з трымценьнем у голасе гаварыла Сьвятлана.
На суд прыходзіла цяжарнай
Сьвятлане крыху за трыццаць. Пра цяжарнасьць яна даведалася, калі муж ужо месяц быў у няволі.
Жанчына прыгадала, як у самоце зьбіралася ў радзільню, як зь цяжкімі думамі, што побач няма мужа, пайшла ў лякарню. Перажываньні ды стрэс адбіліся на родах. Яны былі заўчасныя ды няпростыя. Суразмоўніца з удзячнасьцю згадала лекараў, якія ўратавалі яе дачку.
«На судовыя пасяджэньні я хадзіла, пакуль магла, амаль да самых родаў, — казала Сьвятлана. — Мне было дужа цяжка. За час цяжарнасьці я паправілася больш як на 25 кіляграмаў. У мяне быў вялікі жывот. У судзе я ні ў кога не прасіла дапамогі. Проста прыходзіла, садзілася, бачыла мужа, ён бачыў мяне. Спрабавала яго падтрымаць сваёй прысутнасьцю».
Гісторыя для сына: тата ў Кітаі, бо ў турме адны злодзеі
Старэйшаму сыну Захару няма дзевяці гадоў. Ён ня ведае, дзе тата, бо маці ўмысьля хавае ад яго праўду.
«Я прыдумала гісторыю, што тата ў Кітаі. Захар пытае, чаму мы ня можам яму патэлефанаваць або пагаварыць зь ім праз інтэрнэт. Я адказваю, што тата ў гарах, у глухой вёсцы, зь якою няма сувязі. Муж піша сыну амаль штодня. Я перакладаю лісты ў другі канвэрт і аддаю Захару, — кажа Сьвятлана.
«Сын добра выхаваны. Калі мы глядзім фільмы, у якіх паказваюць асуджаных, то яны падаюцца страшнымі людзьмі з дужа адмоўнымі якасьцямі характару. Гэта забойцы, маньякі, — працягвае суразмоўніца. — Выходзіць, што нармальны чалавек у турму трапіць ня можа. А сынаў тата цяпер там, і, значыць, ён таксама зь ненармальных. А гэта няпраўда. Захар ведае, які ў яго тата. Калі ён даведаецца праўду, то для яго яна будзе ўдарам. Ён не гатовы пакуль пачуць пра татава зьняволеньне».
«Сынку, ты сапраўдны гаспадар у нашым доме, малайчына, — піша ў адным зь лістоў Сяргей Гаравы сыну. — Дапамагай маці і прыглядай за маленькай, пакуль я ў камандзіроўцы...»
Зьбіралі грошы ўсёй грамадой, каб абысьціся без турмы
Прысуд Сяргею Сьвятлана лічыць несправядлівым. Тое, што ён не прызнае сябе вінаватым, надае ёй упэўненасьці, што гэта так.
Мужу прысудзілі чатыры гады ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Вызначаную шкоду ў памеры 185 мільёнаў (недэнамінаваных) рублёў сплацілі, пакуль Сяргея Гаравога судзілі.
«Гэтыя грошы мы зьбіралі цэлы год. Ня ведаю, як бы адбілася на выраку, калі б мы сабралі такія грошы да суду, але такой сумы ў нас тады не было. Тое, што прадпрымальнікі жыруюць, гэта байкі, — казала Сьвятлана. — У нас нямала знаёмцаў, і кожны стараўся дапамагчы. Прыносіў колькі мог. За два разы мы выстаўлены рахунак аплацілі. Спачатку адвакат перадаў суду квітанцыю на 125 мільёнаў, а пазьней на 60 мільёнаў рублёў. Судзьдзі, як мне падалося, дужа не спадабалася, што гэтыя грошы мы сплацілі за два разы».
З матэрыялаў справы: Сяргей Гаравы поўнасьцю вярнуў вызначаную яму суму, спадзеючыся, што прысуд ня будзе зьвязаны з пазбаўленьнем волі. Зь яго спагналі 185 мільёнаў рублёў. Ён супрацоўнічаў з галоўным фігурантам справы Пятром Акулавым.
Паводле Сьвятланы, у мужа была невялікая фірма. Супрацьпраўных дзеяньняў, цьвердзіць суразмоўніца, ён не зьдзяйсьняў. Калі Сяргея затрымалі першы раз, кажа яна, то праз тры дні вызвалілі, бо не было доказаў ягонай віны.
Муж — ахвяра ілжывых паказаньняў
«Сьледзтва, як ён апавядаў, спрабавала выбіць у яго прызнаньне. Тое, што муж спрабаваў бараніцца, сьледчаму не падабалася. Я дапускаю, што муж некарэктна выказваўся падчас допытаў, і гэта, відаць, ягоная памылка, бо, як я лічу, трэба разумець, у якіх варунках знаходзісься, і зважаць на іх», — кажа Сьвятлана.
«Пазьней у справе нечакана зьявілася прызнаньне галоўнага яе фігуранта, прадпрымальніка Пятра Акулава. Сяргей у лісьце мне паведаміў, што Акулаў абылгаў яго, таму і арыштавалі яго другі раз, — працягвае суразмоўніца. — Сьведкі на працэсе пацьвердзілі, што Сяргей вёў свой бізнэс як мае быць. У матэрыялах справы не было запісаў тэлефонных гутарак, якія маглі б скампрамэтаваць мужа.
Усё абвінавачваньне было выбудаванае на паказаньнях Акулава. У сваім апошнім слове ён заявіў, што з маім мужам не сутыкаўся і ня быў нават зь ім знаёмы. Гэтага прызнаньня суд не ўлічыў. Мяне гэта ўжо і ня дзівіць. Калі суд не ўлічыў таго, што ў мужа двое непаўналетніх дзяцей і сплачаная шкода, то хіба можа ён улічыць словы галоўнага фігуранта крымінальнай справы? Вырак суду толькі пацьвердзіў маё меркаваньне, што мужа скарысталі як “паравоз”, каб пакараць Акулава».
На Сяргея Гаравога спачатку завялі адміністрацыйную справу, пазьней перакваліфікавалі яе ў крымінальную. Арыштавалі бізнэсоўца ў ліпені 2015 году. У кантрольных органаў зьявіліся пытаньні да таварна-транспартных накладных, якія, як настойвала сьледзтва, былі фіктыўнымі (не забясьпечаныя таварам). Іх, даводзілі абвінаваўцы, Гаравы атрымаў у фірме галоўнага фігуранта справы Пятра Акулава, каб пазьбегнуць выплаты падаткаў. Абарона ж настойвала: такіх махінацыяў не было. У пацьверджаньне спасылаліся на паказаньні сьведкаў.
З матэрыялаў справы: Пётар Акулаў стварыў фірму, якая займалася незаконнымі апэрацыямі — пераводам безнаяўных грошай у наяўныя і наадварот. Гэткай дзейнасьцю ён займаўся да 2013 году і меў даход у асабліва буйным памеры. Дапамагаў іншым ухіляцца ад сплаты падаткаў. Асуджаны да шасьці гадоў зьняволеньня. Суд пастанавіў спагнаць зь яго 45,7 мільярда рублёў незаконна атрыманага даходу. На момант вынясеньня прысуду сплаціў тры мільёны. З выракам не пагадзіўся і зьбіраецца яго абскарджваць.
Прадпрымальнік Дзьмітры Максімкоў — яшчэ адзін фігурант справы, які супрацоўнічаў з Акулавым. Максімкова асудзілі на 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. З 594 мільёнаў рублёў шкоды сплаціў 200 мільёнаў.
Сплата шкоды не ўратавала ад турмы
Зьняволены прадпрымальнік у лістах жонцы піша, што бараніць сябе будзе да канца. Ён лічыў: сплаціўшы вялізарныя для ягонага бізнэсу і сям’і грошы, пазьбегне турэмнага зьняволеньня. На справе ж выйшла іначай.
«Узводзіць на сябе паклёп ён не зьбіраецца, хоць і разумее, што ахвяруе спакоем сваёй сям’і. Прызнаўшы віну, якой у яго няма, ён ня зможа з гэтым жыць. Я гэта разумею і не дакараю яго, хаця, па шчырасьці, мне дужа цяжка безь яго. У Сяргея ўстойлівыя жыцьцёвыя прынцыпы. Такім і гадуем сына. Калі ён нешта наробіць кепскага і спрабуе гэта ўтаіць, то мы кажам, што ад сябе не схаваесься. З гэтым будзеш жыць. У такой сытуацыі і муж», — кажа Сьвятлана.
«Маё меркаваньне — ісьці да канца, і я яго зь сябе ня выб’ю. Я не ануча. Мне будзе перад сабою сорамна, калі я зраблю гэта іначай. Я не вінаваты», — пісаў жонцы зьняволены бізнэсовец.
Паводле Сьвятланы, яе зьняволены муж лічыць, што ў абароне ягоных правоў дапамагчы можа шырокі грамадзкі розгалас. Як кажа жанчына, журналісты, да якіх яна зьвярталася, абяцалі напісаць пра нявольніцкі лёс мужа, але такіх публікацыяў у прэсе яна не знайшла.
Спроба абараніцца — таксама грэх
«Калі органы ўлады, пракуратура ды адвакаты ня могуць дапамагчы, бо яны частка сыстэмы і баяцца выказаць сваё меркаваньне, то спадзеў на журналістаў. Яны здольныя данесьці да грамадзтва сытуацыю, у якой апынуўся муж, — кажа Сьвятлана. — Існуе ж указ прэзыдэнта, паводле якога камэрсант, сплаціўшы нанесеную сваімі дзеяньнямі шкоду дзяржаве, абыходзіцца без пазбаўленьня волі.
Значыць, гэты ўказ не на ўсіх распаўсюджваецца? Значыць, спроба абараніцца, даказаць сваю невінаватасьць — таксама грэх, за які караюць? Але нават пытаньне ня ў гэтым. Суд даў яму чатыры гады, не зважаючы, што Сяргей — бацька двух непаўналетніх дзяцей».
«Рэзананс павінен быць, бо тут пануе сваволя, — напісаў у адным зь лістоў Сяргей Гаравы сваёй жонцы. — Няхай розгалас будзе шырокім. Калі ж маўчаць, яны гэтак і будуць «укочваць» невінаватых людзей».
Мужаў адвакат, са слоў Сьвятланы, устрымліваецца ад кантактаў з журналістамі. Як яна кажа, ён таксама лічыць, што вырак Сяргею несправядлівы. У ягонай практыцы, пераказвае суразмоўніца словы абаронцы інтарэсаў мужа, дагэтуль не было выракаў, калі абвінавачаны, сплаціўшы доўг дзяржаве, быў пакараны турмой і канфіскацыяй маёмасьці.
«Пакуль быў суд, у нас была надзея на тое, што пасьля яго муж вернецца дахаты. Ня толькі мы гэтага чакалі. У сьледчым ізалятары турмы №4 нямала сядзіць камэрсантаў, якім інкрымінуюцца эканамічныя злачынствы (пра гэта апавядаў Сяргей), і калі яго прывезьлі пасьля суду, то яны ўсе былі зьдзіўленыя яго вяртаньнем. Чакалі Акулава, Максімкова, але не Гаравога. Нават ахоўнікі ў турме не разумелі, што адбываецца».
«Напрошваюцца пытаньні: каму трэба, каб Сяргей сядзеў у турме, навошта супраць яго ўжылі такі карны падыход? — працягвае Сьвятлана. — Мужавы сябры таксама не разумеюць, што адбываецца ў краіне. Навошта ён сплачваў тое, што прысудзілі, пытаюць яны. Лепей бы іх аддалі табе, а так ён ці сплаціў — сеў, ці не сплаціў — усё роўна б сеў».
«Дужа шмат сядзіць людзей па эканамічных справах, такіх, як у мяне, — піша Сяргей Гаравы жонцы са сьледчага ізалятара турмы №4. — У абласным судзе адмяняюцца выракі. Пабачым, як будзе са мною. Але мы пойдзем да канца...»
Зламалі дзьверы, апісалі тэлевізар. Арыштавалі сынаў рахунак
Гаворачы пра ціск, які зазнае муж у няволі, Сьвятлана згадала, як наведаліся ў іхнюю кватэру судовыя выканаўцы апісваць маёмасьць. Перад вачыма ў мяне прамільгнулі тады кадры з савецкага сэрыялу пра Штырліца.
«Я была на прыёме ў гінэколяга, і мне настойліва тэлефанавалі некалькі разоў, але адказаць я не магла. Потым прыйшла смс з пагрозай: як не адчыніце дзьверы, то іх выламаем. Калі прыехала, то мяне чакалі двое ля ўваходу ў пад’езд, яшчэ двое ў пад’езьдзе і яшчэ двое ля маёй кватэры. Яны так грукалі ў дзьверы, што іх усё ж паламалі. Апісалі тэлевізар, мікрахвалевую печку і духоўку. Больш апісваць не было чаго».
«Быў арыштаваны рахунак сына, адкрыты на маё імя, — дадае Сьвятлана. — Некалі бабуля зь дзядулем яму падарылі сто даляраў. Казалі, што да паўналецьця назьбіраецца яму на навучаньне. На момант арышту там ляжаў 151 даляр. Я калі атрымала дапамогу на народжаную дачку, дык падумала пакласьці выплачаныя 20 мільёнаў на сынаў рахунак, але ўстрымалася. Як хто падказаў. Калі б іх арыштавалі, то не давяла б, што гэта грошы маёй дачкі».
Пешка ў чужой гульні
На пытаньне, ці зьвяртала ўвагу судзьдзя, што на працэс пастаянна прыходзіць цяжарная жанчына, Сьвятлана адказала, што да яе яна падыходзіла.
«На адным з апошніх пасяджэньняў, калі мне ўжо трэба было класьціся ў лякарню, судзьдзя падышла і запытала, ці я жонка Гаравога.
Папрасіла прынесьці даведкі пра тэрміны цяжарнасьці, каб да мужа быў мякчэйшы падыход. Адвакат перадаў даведку аб цяжарнасьці, а потым аб нараджэньні дзіцяці. Але факты цяжарнасьці і нараджэньня дачкі не былі ўлічаныя ў выраку, — кажа суразмоўніца і дадае: Дзеля чаго тады мяне прасілі прынесьці іх — незразумела.
Ад гэтага ўсяго крыўдна і роспачна. Выходзіць, ты як пешка ў чужой гульні, і тваім лёсам жанглююць як хочуць. Насамрэч, ужо было пры канцы працэсу зразумела, якія тэрміны будуць даваць — гэта адчувалася. Але заставалася надзея на лепшае».
Суразмоўніца кажа: вырак Кастрычніцкага суду Магілёва ейны муж абскардзіў. Паводле адваката, разгляд апэляцыі адбудзецца ў верасьні. Надзеі, аднак, на тое, што вырак будзе перагледжаны, у Сьвятланы няма. Застаецца спадзеў на Вярхоўны суд. Але, кажа яна, жах сытуацыі ў тым, што калі абласны суд пакіне вырак у сіле, то ў Вярхоўны суд муж будзе ўжо пісаць з зоны.
Паважаны Аляксандар Рыгоравіч! Я малю Вас...
«У любой краіне ёсьць вярхоўны орган улады, якому падначальваюцца ўсе, каго ты вінаваціш у несправядлівасьці. І ты зьвяртаесься да яго са спадзевам, што ён дасьць рады праблеме, — тлумачыць Сьвятлана свой зварот да Лукашэнкі.
«У маім лісьце кіраўніку дзяржавы было шмат эмоцыяў. Мне падаецца, што такія, як мой зварот, ён сам не чытае. Іх пераадрасуюць розным інстанцыям. Мне прыйшоў адказ, якім паведамілі, што ў судовы працэс ня можа ніхто ўмешвацца, нават адміністрацыя прэзыдэнта.
Параілі, каб муж напісаў хадайніцтва аб памілаваньні на імя прэзыдэнта і да яго прыклаў усе дакумэнты пра нараджэньне дзяцей. Я мужу гэта ўсё выслала, але ён адпісаў: як я магу прасіць пра памілаваньне, калі я не вінаваты».
Пра сытуацыю, у якой апынуся Сяргей Гаравы, ягоная жонка напісала Аляксандру Лукашэнку на дзевяці старонках. У лісьце яна згадала пра асуджаных чыноўнікаў ды кіраўнікоў прадпрыемстваў, якіх зьвінавацілі ў карупцыі і якіх кіраўнік дзяржавы памілаваў.
«Няўжо мой муж са сваім парушэньнем, нібы кропляй у моры, больш злосны злачынца? — запыталася ў Лукашэнкі Сьвятлана і дадала: — З выплачаным поўнасьцю доўгам перад дзяржавай, з двума малалетнімі дзецьмі і жонкай у дэкрэтным адпачынку павінен выкрасьліць чатыры гады з уласнага жыцьця і жыцьця сям’і толькі таму, што Фэміда ў Магілёве ня толькі сьляпая, але і глухая?!»
Паскардзілася Лукашэнку на сьледчага, які, паводле жанчыны, меў «непрыязнае стаўленьне да мужа», бо той не хацеў прызнаваць віны. «Гучная для Магілёва справа ў 184 тамах», пісала скаржніца, стала для сьледчага «ўдачай» у пляне кар’ернага росту...
«Паважаны Аляксандар Рыгоравіч! Я малю Вас дапамагчы аднавіць справядлівасьць і вярнуць у сям’ю бацьку ды мужа. Я ведаю, што Вы заўжды выступалі і гаварылі пра дапамогу інстытуту сям’і. Вы самі вырасьцілі траіх сыноў і, без сумневу, разумееце, які важны бацька ў жыцьці хлопчыка. Мой сын цэлы год расьце бяз бацькі, безь ягонага любячага сэрца і цёплых уважлівых вачэй. А дачка нават ня знае свайго таты. З тым жа тэрмінам, які хочуць «павесіць» на майго мужа, яшчэ некалькі гадоў пройдуць міма...», — пісала Сьвятлана Лукашэнку
Скарбонкі на чорны дзень не сабралі
...З аповеду Сьвятланы вынікала, што звыклы для яе сьвет пасьля пасадкі мужа дужа зьмяніўся. Паводле яе, сям’я з добрым дастаткам апынулася ў сытуацыі, блізкай да безграшоўя.
«Скарбонкі ў мяне няма, — заўважае яна. — Ад яе я б не адмовілася. Мы ўтраіх жывём на тры мільёны рублёў дзяржаўнай дапамогі на дачку. Цяпер жа, самі ведаеце, схадзіць у краму — гэта выкласьці не адну сотню тысяч рублёў. Сьвякроў дапамагае плаціць за кватэру. Сябры не застаюцца ўбаку. Да нас у госьці ніхто бяз пампэрсаў не прыходзіць. Паволі трачу тыя 20 мільёнаў, якія мне выплацілі, як нарадзілася дачка».
«І нават у такой сытуацыі я рада, што ў мяне і мужа двое дзяцей, — дадала пры канцы свайго аповеду Сьвятлана. — Муж жа ў турме ня вечна. Я веру, што яго абаронім і ён выйдзе раней, чым скончыцца тэрмін зьняволеньня па суду...»
«... Дзякуй, Аляксандар Рыгоравіч, што выслухалі мяне. З павагаю і вераю ў тое, што гэты ліст і крык душы не пакінуць Вас абыякавым. Беларуска, жонка, маці і проста чалавек...», — гэткімі словамі Сьвятлана скончыла ліст да Аляксандра Лукашэнкі.