Ад 1 верасьня 2016 году з прычыны «эканамічнай немэтазгоднасьці» зачынілі базавую школу ў вёсцы Талька Пухавіцкага раёну. 35 дзяцей будуць вучыцца за пяць кілямэтраў — у базавай школе вёскі Блужа.
Людміла Турбан 30 гадоў адпрацавала ў талькаўскай школе загадчыцай гаспадаркі. Кажа, калі паведамілі пра закрыцьцё школы, была ў роспачы:
«Нашая школа — адзіная ў раёне такая, якая павінная быць: драўляная, цёплая, утульная. Калі заходзіш усярэдзіну — яна проста дыхае дабрынёю, нібыта дома. Калі сказалі, што разьбяруць, то начамі ня спала — я тут кожнае гэтае бервянцо ведаю. А калі прыехалі з Блужы забіраць сталы і крэслы, нібыта рукі і ногі мае адрывалі», — са сьлязьмі на вачах кажа спадарыня Людміла і працягвае:
«Мая старэйшая дачка скончыла гэтую школу і пятнаццаць гадоў адпрацавала тут настаўніцай. Яна была проста ў роспачы, плакала, дый цяпер ня можа прызвычаіцца, што трэба шукаць іншае месца».
Настаўнікі і тэхнічны пэрсанал школы засталіся бяз працы і мусяць працаўладкоўвацца самастойна. Сярод тэхнічак, а гэта жанчыны сярэдніх гадоў, ёсьць і мясцовыя, і тыя, хто даяжджаў да працы з Асіповічаў.
Яны кажуць, што засталіся бяз сродкаў да існаваньня:
«У маёй каляжанкі малы ўнук і дачка ў дэкрэтным адпачынку, я маю найманае жытло, а яшчэ адна каляжанка мае дваіх малых дзяцей на ўтрыманьні — вось як хочаш, так і жыві», — роспачна кажа Натальля. Дадае, што жыве ў Асіповічах, але і там працы няма.
Школьныя клясы і падворкі цяпер пустыя. Лёс самабытнага будынку талькаўскай школы невядомы: мясцовыя чыноўнікі абяцаюць зрабіць тут турыстычную базу, але пакуль толькі на словах. Дзіцячыя лёсы таксама турбуюць адных толькі бацькоў: пасьля базавай школы ў Блужы дзецям трэба будзе шукаць іншую, каб атрымаць сярэднюю адукацыю.
«Хочам, каб нашы дзеці атрымалі сярэднюю адукацыю і паступілі ва ўнівэрсытэт, — кажа мясцовая жыхарка, маці дваіх дзяцей Аксана. — У нашым выпадку ў сярэднюю школу давядзецца езьдзіць у Марʼіну Горку электрычкай. Гэта значыць, а пятай ранку ўставаць, ехаць а шостай раніцы і там чакаць, пакуль школа адчыніцца. У якім стане дзіця будзе ўжо па абедзе? Як яно ўрокі вывучыць? Выходзіць — альбо па вакзалах туляцца, альбо сярэдняй адукацыі не атрымаеш і ідзі куды хочаш».
У вёсцы Талька за пяць апошніх гадоў пазачынялі шэраг прадпрыемстваў і ўстановаў, якія давалі працу мясцовым жыхарам: пякарню, агракамбінат, пільню, сельсавет, цяпер вось — школу.
Жыхарка вёскі і кандыдатка ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Натальля Ільлініч кажа, што адна з прычынаў — самаўладзьдзе чынавенскай вэртыкалі:
«Хто прымаў усе гэтыя рашэньні? Мы нават ня ведаем — мясцовае кіраўніцтва замененае вэртыкальлю. Каб было мясцовае самакіраваньне, тады многіх дурных рашэньняў, якія мы маем, не было б. Таму адна з маіх ініцыятываў, якую я маю намер рэалізаваць, гэта аднаўленьне мясцовага самакіраваньня».
Натальля Ільлініч — былая настаўніца талькаўскай школы. Пяць гадоў таму яе звольнілі са школы за актыўны ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году.